Перад акцыяй 7 лістапада затрымалі некалькі нацболаў і маладых камуністаў
7 лістапада беларускія нацыянал-бальшавікі, сумесна з прадстаўнікамі розных беларускіх камуністычных арганізацыяў удзельнічалі ў мерапрыемствах з нагоды 97-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыі, паведамілі актывісты арганізацыі.
«Аднак, ня ўсім нацболам удалося патрапіць на ўрачысты мітынг, які праводзіўся на плошчы Незалежнасьці ў цэнтры Менску. Лідэр беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўген Контуш быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі на выхадзе з мэтро. Таксама да пачатку мітынгу былі затрыманыя яшчэ 2 маладыя камуністы. Пасьля чаго затрыманыя былі дастаўленыя ў Маскоўскае РУУС г. Менску. Аднак супрацоўнікі міліцыі ня могуць патлумачыць канкрэтную прычыну затрыманьня. Яўген быў выпушчаны з РУУС толькі празь некалькі гадзін пасьля заканчэньня масавага мерапрыемства. Астатнія нацыянал-бальшавікі змаглі ўзяць удзел у мітынгу, а таксама ў шэсьці па праспэкце Незалежнасьці да помніка Дзяржынскаму, дзе адбылося ўрачыстае ўскладаньне кветак. Лёс двух маладых камуністаў, затрыманых у гэты дзень, да гэтага часу застаецца невядомым», — гаворыцца ў паведамленьні нацболаў.