Брэст: улады спрабуюць пакараць незалежную журналістку за супрацоўніцтва з замежным СМІ
Паводле позвы супрацоўнікі міліцыі выклікалі Аліну Літвінчук ў апорны пункт аховы парадку на 29 кастрычніка ў якасці сведкі па адміністрацыйнай справе, аднак ужо ў пастарунку высветлілася, што яна з’яўляецца “правапарушальніцай”.
Літвінчук абвінавацілі ў парушэнні артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, а менавіта – “незаконной перадачы і вырабеінфармацыі замежнаму сродку масавай інфармацыі, якое не мае акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь”. З матэрыялаў справы вынікае, што ў якасці пацярпелага пазначаны кіраўнік Брэсцкага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” Аляксандр Драчук. Таксама да справы прыкладзенызварот намесніка начальніка ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці А.Крупенькіна, дзе падрабязна распавядалася, што Літвінчук нібыта займалася “незаконнай журналісцкай дзейнасцю”, калі рыхтавала публікацыю аб актуальнасці праблем па ўжываннінасельніцтвам Брэсцкага рэгіёну наркатычных рэчываў (матэрыял на гэтую тэму пад назвай “Аднагодкі школьнікаў распавядуць пра школу спайсу” быў змешчаны на сайце Радыё Рацыя). Са звароту прадстаўніка КДБ вынікае, што ў дзеяннях Літвінчук бачацца прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).
Як распавяла Аліна Літвінчук, пасля азнаямлення з матэрыяламі справы яна вырашыла адмовіцца ад дачы паказанняў, скарыстаўшыся сваім гарантаваным правам паводле артыкула 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Адразу пасля гэтага супрацоўнік міліцыі Дзмітрый Сверба склаў адпаведны пратакол і ўручыў позву для яўкі ў суд 6 лістапада. Аднак, як высветлілася пазней, гэтая дата не была ўзгоднена з суддзёй. Акрамя таго, варта звярнуць увагу і на тое, што ў пратаколе засталіся пустымі графы з дадзенымі пацярпелага і сведак.
Адміністрацыйны працэс пачаўся 31 кастрычніка, але суддзя суда Ленінскага раёна горада Брэста С.Калінкіна адправіла матэрыялы справы на дапрацоўку і, як паведміла Літвінчук, увечары таго ж дня ў кватэру, дзе пражывае журналістка, пачалі спачатку настойліва званіць, а пасля спрабавалі выбіць дзверы. Далей пасыпаліся пагрозы і незнаёмы голас заклікаў “адчыніць па-добраму”, бо “гэта міліцыя - раім паспяшацца”. Перш чым адчыніць дзверы, Аліна патэлефанвала па нумары 102, заявіўшы пра спробу незаконнага пранікнення ў жылое прыватнае памяшканне. У выніку каля ўваходу ў агульны калідор Літвінчук пазнала супрацоўніка міліцыі Дзмітрыя Свербу, які знаходзіўся ў цывільнай вопратцы. Спробу пранікнення ў жылое памяшканне ён патлумачыў “некарэктнымі паводзінамі свайго напарніка”, пасля чаго паведаміў, што прыйсці дахаты да Літвінчук было патрэбна, каб перапісаць пратакол, які быў вернуты судом (пра пачатак суда журналістка даведалася ад супрацоўнікаў міліцыі). Аднак паўторна падпісваць пратакол Аліна Літвінчук зноў адмовілася.