Магілёўскія журналісты просяць пракуратуру разабрацца з паклёпніцкімі матэрыяламі
Магілёўскія журналісты Ігар Барысаў і Алесь Буракоў напісалі скаргі на размяшчэнне ў інтэрнэце пра іх паклёпніцкіх матэрыялаў. Адпаведныя заявы былі накіраваны ў міліцыю і пракуратуру горада.
Усе публікацыі размешчаны на сайце http://voskresinfo.com, на якім размяшчаюць паклёпніцкія матэрыялы пра грамаскіх і палітычных актывістаў Магілёва і вобласці. Характэрна тое, што сайт актывізуецца напярэдадні выбарчых кампаній.
Ад праваахоўных органаў Барысаў і Буракоў патрабуюць знайсці асоб, якія здзяйснілі на іх паклёпы, а таксама прыцягнуць іх да адказнасці ў адпаведнасці с заканадаўствам. Акрамя таго, незалежныя журналісты просяць абмежаваць доступ да гэтага сайта з тэрыторыі Беларусі.
- Пішуць розныя глупствы. Гэта як чую звон, ды не ведаю дзе ён. Усе факты нацягнутыя і абразлівыя. Надакучыла пра гэта чытаць, тым больш, што час ад часу невядомай асобай практыкуецца яшчэ і рассылка гэтых матэрыялаў іншым грамадскім актывістам. Не адмаўляю таго, што да гэтага могуць мець руку і спецслужбы, - кажа Ігар Барысаў.
Трэба адзначыць, што месцам рэгістрацыі ўладальніка сайта з’яўляецца г.Адэса ва Украіне, а належыць ён ААТ “Тэхналогіі будучага”. Гэта вядома па выніках адказу грамадскаму актывісту з Хоцімска Валерыю Каранкевічу, які раней звяртаўся ў праваахоўныя органы з нагоды паклёпніцкіх матэрыялаў, якія былі размешчаны на гэтым сайце. Тады міліцыянты здолелі ўстанавіць, дзе зарэгістраваны гэты сайт, аднак знайсці і прыцягнуць да адказнасці тых асоб, якія займаюцца яго напаўненнем з ліку магілёўцаў не атрымалася.