Суд Клімавіцкага раёна адмовіў у задавальненні пазова супраць участковага інспектара
Суд Клімавіцкага раёна 17 кастрычніка прыняў рашэнне адмовіць жыхарцы вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алене Марчанка ў задавальненні пазова аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. У якасці адказчыкаў па пазову выступалі ўчастковы інспектар Клімавіцкага РАУС Вадзім Панасенка і Клімавіцкі РАУС.
Разгляд справы па пазову Алены Марчанкі цягнуўся ў судзе Клімавіцкага раёна на працягу некалькіх дзён – 30 верасня, 10 і 16 кастрычніка, а 17 кастрычніка суддзя Гурыновіч толькі зачытала пастанову аб адмове ў задавальненні пазову спадарыні Марчанкі.
Падчас судовага пасяджэння 16 кастрычніка, якое працягвалася каля трох з паловай гадзін, суд працягнуў заслухваць сведак, агучыў пералік далучаных да адміністрацыйнай справы дакументаў, а таксама заслухаў выступы пазоўніцы і адказчыкаў па справе. Па словах прысутных на разглядзе справы, ужо 16 кастрычніка па адносінах суддзі было бачна, што спадарыні Марчанка ў задавальненні яе пазова хутчэй за ўсё адмовяць.
Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што рашэнне суда Клімавіцкага раёна па пазову спадарыні Марчанка не з’яўляецца аб’ектыўным, суддзя пры разглядзе пазова не прыняла да ўвагі шэраг выкладзеных у пазове доказаў і фактаў.
Сама Алена Марчанка кажа, што яна будзе абавязкова абскарджваць пастанову суда Клімавіцкага раёна ў судзе вышэйшай інстанцыі. Яна ўжо атрымала на рукі пастанову суда Клімавіцкага раёна.
Нагадаем, што ў сваім пазове Алена Марчанка звярталася да суда Клімавіцкага раёна з просьбай прызнаць не адпавядаючымі рэчаіснасці і ганьбячымі яе гонар і годнасць звесткі, якія былі ўказаны ў характарыстыцы, напісанай участковым інспектарам Панасенка В. С., і якія былі агалошаны 08.01.2014 г. на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама і наяўныя ў матэрыялах адміністрацыйнай справы №07-01-81-2013.
У прыватнасці, Алена Марчанка лічыць не адпавядаючымі рэчаіснасці наступныя сцвярджэнні ўчастковага Панасенкі: тое, што яна па характару запальчывая, схільная да ілжы і паклёпу, не падтрымлівае адносінаў з суседзямі, што адмоўна характэрызуецца па месцы жыхарства і што на пастаўленыя па сутнасці заўвагі яна не рэагуе.
Спадарыня Марчанка прасіла суд абавязаць адказчыка абвергнуць звесткі шляхам прадастаўлення характарыстыкі, якая адпавядае рэчаіснасці, за подпісам участковага інспектара Панасенка В. С. і агалошвання яе на бліжэйшым планавым пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў яе прысутнасці, а таксама наступнага публічнага прынясення ўчастковым інспектарам Панасенка В. С. ёй выбачэнняў. Таксама Алена Марчанка звярталася да суда з просьбай спагнаць з адказчыка ўплачаную ёй дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў.
Раней Алена Марчанка звярталася ў Клімавіцкі РАУС, УУС Магілёўскага аблвыканкама і прасіла прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп) участковага інспектара Клімавіцкага РАУС Панасенку В. С. Станоўчага выніку звароты спадарыні Марчанкі аб прыцягненні да адказнасці ў РАУС і УУС не прынеслі.
Нагадаем таксама, што 17 чэрвеня Алена Марчанка здолела дамагчыся ў судзе Клімавіцкага раёна адмены пастановы адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні яе штрафам у памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл і спынення адміністрацыйнай справы ў адносінах да сябе.
Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.