viasna on patreon

Праваабарончы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

2014 2014-10-01T15:43:56+0300 2014-10-13T12:37:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dp-poster-2014a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шэраг праваабарончых мерапрыемстваў пройдзе з 5 па 10 кастрычніка пад лозунгам “Смяротнае пакаранне – гэта забойства”. У іх возьмуць удзел ганаровыя замежныя госці, амбасадары, вядомыя творчыя асобы, сваякі расстраляных і асуджаных да смяротнага пакарання, прыхільнікі і актывісты абаліцыянісцкага руху Беларусі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” запрашае ўсіх далучацца да мерапрыемстваў Тыдня, правядзенне якога ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” становіцца ўжо традыцыйным і прыцягвае ўвагу праціўнікаў смяротнага пакарання з іншых краінаў.

Сёлета беларускіх праваабаронцаў сваім удзелам у Тыдні падтрымаюць ганаровыя госці – нястомны змагар за правы чалавека Карэл Шварцэнберг, старшыня Камітэта па замежных справах Парламента Чэшскай Рэспублікі, былы міністр замежных справаў і кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Вацлава Гавела, і вядомая праваабаронца Тамара Чыкунова, заснавальніца ўзбекскай арганізацыі “Маці супраць смяротнага пакарання і катаванняў”, чыя абаліцыянісцкая дзейнасць адзначана шэрагам аўтарытэтных прэмій.    

Цягам пяці дзён у Мінску пройдуць рознага кшталту імпрэзы, у тым ліку выстава тэматычных плакатаў віленскага мастака Алега Аблажэя і працаў з сусветна вядомага праекта Death Is Not Justice; прэзентацыя аўтарскага праекта фотажурналіста Сяргея Балая, прысвечанага сваякам расстраляных; публічныя лекцыі Карэла Шварцэнберга і Тамары Чыкуновай. У завяршэнне Тыдня 10 кастрычніка – у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання - адбудзецца прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Таксама ў межах Тыдня ў розных гарадах Беларусі праваабаронцы зладзяць тэматычныя кінапрагляды і дыскусіі.

Мерапрыемствы Тыдня будуць анансавацца больш падрабязна.

Усім, хто жадае далучыцца да Тыдня супраць смяротнага пакарання ці зладзіць свае мерапрыемствы з гэтай нагоды, прапануем выкарыстоўваць постэры, распрацаваныя па сёлетняй тэме Тыдня. Спампаваць для друку іх можна ў дадатку.

Нагадаем, першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі ПЦ “Вясна” правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага бесчалавечнага віду кары і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

Праваабарончы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства