Суд палічыў, што сябра незалежнага прафсаюзу не можа разлічваць на выплаты
Суд Ленінскага раёна Брэста не задаволіў іск Уладзіміра Андрашчука. Былы рабочы ААТ “Савушкін прадукт” Уладзімір Андрашчук з Брэста звярнуўся ў суд, каб панудзіць кіраўніцтва прадпрыемства выплаціць яму 15 мільёнаў рублёў, якія выплочваюцца па калектыўнай дамове пры выхадзе на пенсію. Для выплаты непасрэдны кіраўнік Андрашчука павінен быў хадайнічаць перад генеральным дырэктарам ААТ “Савушкін прадукт”, і той вырашае, даць гэтую суму, ці не.
Непасрэдны кіраўнік не стаў хадайнічаць, паколькі вырашыў, што Андрашчук не мае ніякіх адносін да калектыўнай дамовы, паколькі не з’яўляецца сябрам дзяржаўнага прафсаюза. Хаця стаж бездакорнай работы Андрашчука на прадпрыемстве 39 гадоў.
Суд спаслаўся менавіта на гэты пункт дамовы: непасрэдны кіраўнік не хадайнічаў за работніка. Але суд прызнаў, што Андрашчук далучаны да калектыўнай дамовы, паколькі згодна з арт. 365 ч.2 Працоўнага кодэкса, калі работнік – не сябра афіцынага прафсаюза – напісаў заяву аб далучэнні да калектыўнай дамовы, то ён становіцца ўдзельнікам калектыўнай дамовы.
Паводле прававога інспектара прафсаюза РЭП Уладзіміра Малея, справа Уладзіміра Андрашчука паказала, што дзяржаўны прафсаюз на баку кіраўніцтва і аддаў яму ўсе паўнамоцтвы ў вырашэнні пытанняў рабочых. Па-другое, рабочыя не асэнсоўваюць калектыўную дамову, не абмяркоўваюць яе на агульным сходзе. Можна сказаць, абыякава ставяцца да вырашэння сваіх праблем, не патрабуюць, каб калектыўная дамова вісела ў публічным месцы.