viasna on patreon

Бяроза: суд адмяніў штраф раварысту, бо роварныя дарожкі не зроблены

2014 2014-08-08T06:56:13+0300 2014-08-08T06:56:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-rovary.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

67-гадовы жыхар Бярозы Сцяпан Сцепанюк атрымаў пастанову суда Бярозаўскага раёна, згодна з якой рашэнне ДАІ пра пакаранне яго штрафам у 390 тысяч рублёў адмяняецца. Суд прыняў пастанову паводле хадайніцтва мясцовай пракуратуры, куды пенсіянер і звярнуўся са скаргай.

У скарзе на імя пракурора пенсіянер пісаў пра тое, што ў Бярозе не створаны ўмовы для раварыстаў. Тым не менш яго аштрафавалі за тое, што ехаў не па пешаходнай дарожцы, як таго патрабуюць правілы дарожнага руху, а па абочыне дарогі.

Сцепанюк сказаў інспектарам, што непрыстасаваныя для роварыстаў тратуары шкодныя для здароўя, таму што трэба скокваць з ровара праз кожныя 20 метраў. У месцах разрыву пешаходных дарожак высокія бардзюры. Але супрацоўнікі ДАІ ўсё роўна яго аштрафавалі. Сцепанюк паскардзіўся ў абласное ДАІ. Адтуль прыйшоў адказ, што сапраўды дарогі ў Бярозе не прыстасаваны для роварыстаў. Пасля гэтага пенсіянер звярнуўся ў пракуратуру.

   Сцяпан Сцепанюк не аднойчы звяртаўся ў райвыканкам, каб былі створаны ўмовы для раварыстаў. Тройчы яму абяцалі гэта з пачатку 2014 г., апошні раз паведамілі, што да 1 жніўня бягучага года. Але зноў жа абяцанне не выканана.

   Па словах пенсіянера-раварыста, ён гатовы выконваць правілы, але для гэтага спачатку павінны быць створаны адпаведныя ўмовы, у тым ліку – за грошы, якія атрымаў бюджэт ад аштрафаваных раварыстаў (570 чалавек за 2013 г.).

   Сцяпан Сцепанюк – адзіны раварыст з Бярозы з больш чым паўтысячы пакараных, які звярнуўся са скаргай на дзеянні інспектараў ДАІ -- і выйграў справу.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства