Мікола Купава: "Мы звернемся да аршанскіх раённых ўладаў, каб не заміналі праводзіць фэст"
Сябры аргкамітэту па святкаванні 500-х угодкаў гістарычнай бітвы пад Оршай сустрэліся з жыхарамі Віцебску і Наваполацку. Паводле намесніка старшыні аргкамітэту, ураджэнца Оршы, мастака Міколы Купавы, бардаўскі фэст "Аршанская бітва" мусіць сёлета адбыцца абавязкова – нягледзячы на тое, што ў апошнія гады ён апынуўся пад забаронай.
"Гэта законнае права кожнага беларуса – адзначаць важныя падзеі ў гісторыі свае краіны і дзяржавы. Кагосьці палохае "ідэйная неадпаведнасць" аршанскай перамогі: 8 верасня 1514 года войска ВКЛ перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства, і святкаванне гэтай падзеі некаторыя расцэньваюць як дэмарш у дачыненні да сучаснай Расіі. Але ж мы гаворым зусім не пра гэта! Нам важна, каб сённяшнія беларусы адчувалі сябе спадкаемцамі вайсковай славы сваіх продкаў, нашчадкамі мужных змагароў супраць любой варожай навалы. Таму, мы лічым, неабходна звярнуцца да раённых уладаў, каб удзельнікаў бардаўскага фэсту, які праходзіць пад Оршай ужо далёка не першы год, не пераследвалі, не спынялі па дарозе. Дазволілі спевакам і слухачам спакойна правесці час на культурніцкай імпрэзе", -- гаворыць Мікола Купава.
Ён мяркуе, што ўладам Аршанскага раёну трэба даслаць адмысловы зварот ад імя аргкамітэту, дзе нагадаць пра права на мірныя сходы і права на выказванне ўласных меркаванняў. Такі ліст ужо падрыхтаваны.
Зварот чальцоў аргкамітэту па святкаванні 500-х угодкаў мусіць нагадаць і пра правы чалавека, і пра тое, што адзначэнне гэтага юбілею мусіла б стацца і задачай мясцовых уладаў. Але ў Беларусі дзень 8 верасня толькі непрацяглы час быў дзяржаўным святам – Днём беларускай вайсковай славы. Між тым як у суседняй Літве 2014 год афіцыйна вызначаны годам гэтай перамогі.
Што да фэсту "Аршанская бітва", то ён штогод ладзіцца на вольным паветры - на беразе рэчкі Крапівенка каля вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну. Першы фэст адбыўся 30 жніўня 1991 года па ініцыятыве вядомага барда Андрэя Мельнікава і журналіста, гісторыка Юрыя Копціка. Некалькі гадоў таму правядзенне і ўдзел у фэсце сталі праблемай: міліцыя пачала забараняць праход на Крапівенскае поле, дзе традыцыйна ставіліся намёты, удзельнікаў і слухачоў адвозілі ў пастарункі, а то і проста гвалтам рассаджвалі па цягніках і адпраўлялі з Оршы. Таму апошнія разы фэст праводзіўся ў "падпольных" умовах пры надзвычай невялікай колькасці гасцей і ўдзельнікаў.