viasna on patreon

Гомель: гарвыканкам адмовіў у правядзенні экалагічнага пікету, парушыўшы тэрміны адказу на зварот

2014 2014-07-11T14:22:20+0300 2014-07-11T14:22:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ekalogija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чарговую адмову ў правядзенні пікету атрымалі грамадскія актывісты Гомеля. Ініцыятыва «Народны кантроль» праводзіць у Гомелі акцыю «Чыстая вада», накіраваную на паляпшэнне стану азёр у абласным цэнтры. У межах акцыі актывісты планавалі правесці пікет, каб прыцягнуць увагу жыхароў Гомеля да экалагічнай праблемы.

18 чэрвеня актывіст кампаніі «Народны кантроль» Андрусь Мельнікаў накіраваў у Гомельскі гарвыканкам заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства. Пікет з мэтай звярнуць увагу грамадскасці на незадавальняючы стан вадаёмаў у межах Гомеля планавалася правесці 3 ліпеня. Актывіст планаваў правесці пікет у дазволеным рашэннем гарвыканкама месцы – на пляцоўцы каля скрыжавання вуліц Барыкіна і Вайсковай, прыклаў да заяўкі пісьмовае абавязацельства аплаціць выдаткі – паслугі «хуткай дапамогі» і камунальных службаў. Аднак адказу ў вызначаны заканадаўствам тэрмін заяўнік так і не дачакаўся.

Адказ з традыцыйнай для гомельскай дэмакратычнай супольнасці адмовай прыйшоў па пошце толькі 5 ліпеня. Прычым на самім дакуменце стаяла дата рашэння гарвыканкама «26 чэрвеня», на канверце быў штэмпель «2 ліпеня» (адпраўленне) і «4 ліпеня» (атрыманне).

«У адмове на пікет пералічаны пункты рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах, прычым без тлумачэння – на якой менавіта падставе нам забаранілі правесці мерапрыемства. Адказ чыноўнікі даслалі са спазненнем, чым парушылі заканадаўства. Пасля кансультацый мы маем намер абскардзіць дадзены адказ з гарвыканкаму», - адзначыў Андрусь Мельнікаў.

Раней ініцыятыва «Народны кантроль» арганізавала ў Гомелі збор подпісаў пад патрабаваннем да ўладаў прывесці ў належны стан вадаёмы ў межах горада, у час прыбіраць там смецце, не даваць азёрам забалочвацца, добраўпарадкаваць тэрыторыі, усталяваць прыбіральні і смеццевыя кантэйнеры.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства