viasna on patreon

Пяць гадоў запар рэдактар мазырскай раёнкі перадрукоўвае адзін і той жа тэкст-віншаванне з Днём незалежнасці (фота)

2014 2014-07-07T12:21:02+0300 2014-07-07T13:19:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chornaja-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сакавіку 2014 года мы заўважылі, што галоўны рэдактар мазырскай раённай газеты Ларыса Чорная з года ў год перадрукоўвае свае адны і тыя ж свае артыкулы, напісаныя да розных выбарчых кампаній, не змяняючы часам ні слова, толькі даты. Так, напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў-2014 рэдактар змясціла ў сваё газеце артыкул, напісаны і надрукаваны ёй жа ў 2010 годзе да Усебеларускага сходу.

Да святкавання Дня незалежнасці 3 ліпеня 2014 года на сайце «Жыцця Палесся» з'явіўся чарговы пафасны панегірык Ларысы Чорнай на тысячы хвалебных слоў. Самае цікавае – тымі ж словамі, сказамі, фразамі, абзацамі яна выказвалася на тэму Дня незалежнасці і ў 2009, і ў 2011 і ў 2012 і 2013 годзе! Нічога не змянілася, хіба толькі памер ганарару, які рэдактар атрымлівае кожны раз за артыкул, напісаны раз і назаўсёды!

Параўнайце, дарагія чытачы, артыкулы «выдатніка друку» за 2009 і 2012 год.

Змяніла месцамі абзацы, сказы, не змяніўся сэнс і стыль тэксту. Прынамсі, той жа тэкст можна прачытаць і за 2013, і за 2014 год да Дня незалежнасці.

Як і пяць гадоў таму, усё так жа аўтару «унікальнага і непаўторнага» тэксту хочацца «адсалютаваць сэрцам: ясная, светлая, чыстая краіна мая – толькі за цябе я малюся!»

Пяць гадоў запар галоўны рэдактар 3 ліпеня пытаецца ў чытачоў: «З чаго пачынаецца Радзіма?», і тут жа сама тлумачыць: «Радзіма – гэта і старэнькі бацькоўскі домік з вокнамі ў сад, і цёплая матчына песня, і першае слова, выведзенае слабай дзіцячай ручкай на школьнай дошцы». Усе гады цытуе ў сваіх панегірыках рэдактар радкі «Хай будуць у жыцці вечна Дзіця, Жанчына і Хлеб» і «Усё, што я на гэтым свеце – Ты. Сэрца, воля, радкі і мары!» З года ў год чытачы могуць даведацца, што ганарыцца рэдактар газеты сваім горадам – які «заносіцца на Рэспубліканскую дошку гонару». І хоць не кожны год трапляе Мазыр на рэспубліканскую дошку гонару, але затое штогод піша пра гэта Ларыса Чорная.

Як мінімум пяць гадоў хваліць у газеце «выдатнік друку» нейкія ёй толькі вядомыя «дасягненні палітыкаў і дыпламатаў, якія годна прадстаўляюць на аўтарытэтных міжнародных форумах сінявокую Беларусь». «Мы можам па-добраму здзіўляць свет: беларусы – людзі міралюбівыя. Светлыя думкамі і чыстыя душой. І адсюль – наш агульнанацыянальны гонар за Радзіму!»

Тры гады піша ў сваіх артыкулах да 3 ліпеня (а дакладней, перадрукоўвае) рэдактар свае ўражанні ад паездкі ў Іерусалім, і пра тое, як «павільгатнелі вочы і сціснулася сэрца» пры вяртанні адтуль на Радзіму.

Ды для чаго ж яна піша пра той Іерусалім з года ў год у артыкуле пра Дзень незалежнасці? Вось і сама аўтар дае адказ, прычым штогод – адзін і той жа: «Для чаго я пра гэта напісала? Ды ўсё проста: давайце ў гэты асаблівы час – у Дзень незалежнасці паглядзім на сваю краіну, сваю айчыну іншымі вачыма, адкрытымі ёй ярка і светла, закахана і верна».

«Беларусь, мая родная, святым і бачным няхай будзе жэрабя тваё вялікае! З кожнай хатай і хмарай, з громам, гатовым упасці, адчуваю я самую пякучую, самую смяротную сувязь!», - упэўнівае ў патрыятычных пачуццях, якія нарадзіліся ў ёй раз і назаўсёды, Ларыса Чорная.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства