Акадэмія кіравання катэгарычна адмовілася аднаўляць Юрася Алейніка
У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска ўчора адбылася гутарака бакоў, якая папярэднічае суду па пазову Юрася Алейніка супраць адміністрацыі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі.
Нагадаем, студэнт-выдатнік Алейнік быў адлічаны з навучальнай установы за актыўную грамадскую пазіцыю. Цяпер ён спрабуе праз суд дамагчыся анулявання незаконнага рашэння. Як паведаміў Еўрапейскаму радыё сам Юрась Алейнік, на судзе прадстаўнік Акадэміі катэгарычна адмовіў яму ў аднаўленні.
Алейнік: “Суддзя адразу запыталася, ці змянілася пазіцыя бакоў, і ці не гатовыя мы вырашыць гэтую справу палюбоўна. На гэта юрыст Акадэміі сказаў, што палюбоўна справа вырашацца не будзе, аднаўляць мяне яны не збіраюцца і рыхтуюцца да суда”
Суддзя запатрабавала, каб прадстаўнік навучальнай установы прадаставіў дадатковыя дакументы. Таму гутарка будзе працягнута ў панядзелак а 9-й раніцы. Само ж судовае пасяджэнне пачнецца ў пачатку-сярэдзіне ліпеня.