Працягваецца барацьба супраць кантрактнай сістэмы
На наступным тыдні Цэнтрвыбаркам павінен даць адказ на пытанне, ці зможа ініцыятыўная група грамадзян пачаць збор подпісаў за ўнясенне ў парламент законапраекта супраць адмены прымусовых кантрактаў.
Заўважым, што працэдура з’яўляецца даволі складанай, і пакуль у Беларусі не было прэцэдэнтаў, каб грамадзяне скарысталіся сваім правам заканадаўчай ініцыятывы.
Устаноўчы сход арганізацыйнай групы, якая ў выніку станоўчага рашэння Цэнтрвыбаркаму павінна цягам месяца сабраць не менш за 50 тыс. подпісаў, адбыўся 1 мая пад адкрытым небам пасля святочнага мітынгу з нагоды Дня працы. У ініцыятыўную групу ўвайшлі 500 чалавек. Гэта прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і незалежных прафсаюзаў. 25 мая ўсе дакументы перадалі ў Цэнтрвыбаркам.
Нагадаем, што згодна з дэкрэтам прэзідэнта часовыя кантракты павінны быць падпісаныя наймальнікам з кожным працоўным. Пры гэтым кантракт можа не падаўжацца без тлумачэння прычын. Незалежныя прафсаюзы адразу ж назвалі гэтую кантрактную сістэму рабскай і пачалі з ёю змагацца. Старшыня прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч распавёў Рацыі пра мэты гэтай барацьбы.
— Мы дабіваемся дзвюх мэтаў. Па-першае, гэта змяненне кантрактнай сістэмы, каб яна адпавядала міжнародным стандартам і кантракты заключаліся толькі з прадстаўнікамі тых прафесій, дзе гэта неабходна. Напрыклад, з дырэктарамі, бухгалтарамі, а рабочыя, урачы, настаўнікі ды іншыя працавалі без кантрактаў.
Другой мэтай арганізатары ініцыятыўнай групы ставяць ратыфікацыю беларускімі ўладамі Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы № 158. Яна прадугледжвае перавод працоўнага на безтэрміновы кантракт адразу пасля таго, як скончыцца яго выпрабавальны тэрмін па першай дамове.
Як паведаміла Рацыі юрыст прафсаюзу РЭП Алена Яськова, адна з распрацоўшчыц законапраекту, у Працоўны кодэкс прапануецца ўнесці змяненні, згодна з якімі іншыя прававыя акты, якія пагаршаюць стан працоўных, не будуць мець сілы, а ратыфікацыя Канвенцыі МАП павінна замацаваць прымат міжнароднага права над нацыянальным заканадаўствам.
— Калі два гэтыя законы будуць прынятыя парламентам, кантрактная сістэма павінна быць нівеліравана, а працоўныя вернуцца ў лона дзеяння Працоўнага кодэксу з гарантыямі, кампенсацыямі і гэтак далей. Таму што зараз у нас у галіне працоўных адносін дыскрымінавана амаль усё працоўнае насельніцтва краіны.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына пацвердзіла Рацыі, што праверка законнасці стварэння ініцыятыўнай групы зараз падыходзіць к канцу.
— Гэта патрабаванне закону. Мы павінны цягам месяцу праверыць законнасць утварэння ініцыятыўнай групы, а Міністэрства юстыцыі — даць свае меркаванні пра сам законапраект.
Паводле Ярмошынай, праверка ажыццяўляецца шляхам тэлефанавання сябрам ініцыятыўнай групы. А да некаторых з падпісантаў прадстаўнікі выканаўчай улады, па даручэнню Цэнтрвыбаркама, прыходзяць і асабіста.
— Тут патрэбны факт ісціны: сапраўды ўдзельнічалі грамадзяне ў сходзе ініцыятыўнай групы альбо не. І адказы мы атрымалі самыя розныя. Я адразу папярэджваю.
Што да заключэння Міністэрства юстыцыі, то, як паведаміла Алена Яськова, ад гэтай установы ніякіх звестак арганізатары не маюць, хоць ужо і прайшоў амаль месяц.
Плануецца, што паседжанне Цэнтрвыбаркама адбудзецца 26 чэрвеня. Калі рашэнне будзе станоўчым — гэта будзе першы выпадак, калі грамадзяне Беларусі атрымаюць магчымасць скарыстацца сваім канстытуцыйным правам заканадаўчай ініцыятывы.