Жаночыя арганізацыі Беларусі падпісалі мемарандум аб партнёрстве
Прадстаўніцы грамадскіх аб'яднанняў з 17 гарадоў, а таксама ініцыятыў, якія ажыццяўляюць жаночыя праграмы, падпісалі 17 чэрвеня ў Кіеве мемарандум аб партнёрстве. Падпісанне адбылося ў рамках міжнароднай канферэнцыі "Жаночая сетка — шанец набыцця сілы і ўплыву".
У дакуменце заяўлена аб рашэнні супрацоўнічаць у рамках жаночай сеткі, якая з'яўляецца супольнасцю жанчын, што падзяляюць дэмакратычныя прынцыпы, і будуецца на прынцыпах абароны жданчын.
Жаданне працаваць у рамках сеткі выказалі прадстаўніцы РГА "Беларуская жаночая ліга", ГА "Адраджэнне", Асацыяцыі жанчын-юрыстаў (Гомель), Жаночага клуба "Бона" (Кобрын), клуба "Ульяна" (Віцебск) і іншых.
"У Беларусі 38 зарэгістраваных жаночых арганізацый, ёсць розныя ініцыятывы. Тым не менш, жаночаму руху ўласціва разрозненасць, яму не хапае каардынацыі дзеянняў", — зазначыла ў інтэрв'ю БелаПАН старшыня Беларускай жаночай лігі Ніна Стужынская.
На яе думку, скаардынаваныя дзеянні жанчын у галіне сацыяльных, гуманітарных праграм дапамогуць "узняць жаночы рух у Беларусі на якасна новы ўзровень і ўзмацніць уплыў жанчын у грамадстве". "Мы збіраемся падтрымліваць адна адну і ў дасягненні палітычных мэтаў, у прыватнасці падчас выбараў у парламент. Вынікам нашай дзейнасці стане ўзмацненне рэальнага ўплыву жаночага руху на грамадскія і палітычныя пытанні ў краіне", — сказала Стужынская.
Беларуская жаночая сетка збіраецца дзейнічаць на прынцыпах дабраахвотнасці, дэмакратычнасці, раўнапраўя, салідарнасці, падкрэсліла член грамадскага аб'яднання "Адраджэнне" Валянціна Свяцкая. "Вельмі важна, каб сацыяльна актыўныя жанчыны маглі зрабіць свой унёсак у паляпшэнне жыцця ў Беларусі. Усім нам трэба ўсвядоміць, што ўдзел у абуладкаванні грамадства — права, дадзенае нам Канстытуцыяй. Мы будзем дзейнічаць у рамках існуючага заканадаўства і хочам прымусіць уладу таксама выконваць законы", — заявіла Свяцкая.