Браян Бэнет: Еўрасаюз ня можа рабіць саступкі, адхіляючыся ад сваіх прынцыпаў і дэмакратычных каштоўнасьцяў
Браян Бенет у інтэрв’ю БелаПАН заявіў, што датэрміновае вызваленне Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца можа з'яўляцца спробай беларускіх уладаў захаваць прэферэнцыі ў гандлі з Еўрасаюзам.
— Гэтыя людзі, у прынцыпе, не павінны былі апынуцца ў турме. Іх вызваленне толькі ненашмат раней заканчэння тэрмінаў зняволення наўрад ці можна назваць важным крокам Беларусі ў напрамку да дэмакратыі.
Бенет нагадаў, што яшчэ ў лістападзе 2006 года ЕС прадставіў дакумент "Што Еўрасаюз можа даць Беларусі?". У ім утрымліваецца 12 пунктаў, выкананне якіх будзе весці да паўнавартаснага супрацоўніцтва з краінай у рамках еўрапейскай палітыкі добрасуседства.
— За мінулы час Беларусь не зрабіла ніякіх спробаў для выканання 12 умоў і не прадэманстравала ніякіх паляпшэнняў. Беларусь не ідзе па дэмакратычным шляху, не паказвае ні малейшага жадання раздзяліць з намі дэмакратычныя каштоўнасці.
На думку дыпламата, "вызваленне ўсіх палітзняволеных стане важным сігналам таго, што беларускі ўрад спрабуе стаць на шлях дэмакратызацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што "Еўрасаюз не можа рабіць саступкі, адхіляючыся ад сваіх прынцыпаў і дэмакратычных каштоўнасцей".
Што да стасункаў апазіцыі з еўрапейскімі краінамі, то Бенет кажа пра падтрымку не асобных прадстаўнікоў апазіцыі, а працэс дэмакратызацыі Беларусі ў цэлым. Ён адзначыў, што пасля Кангрэсу дэмакратычных сіл апазіцыя засталася расколатай на некалькі частак, кожная з якіх па-свойму ўяўляе сваю далейшую дзейнасць.
— Было б цудоўна, калі б апазіцыя прыйшла да згоды і прадэманстравала адзінства. Але, з іншага боку, наяўнасць розных пунктаў гледжання і розных меркаванняў — гэта адна з рысаў дэмакратычнага грамадства.
Дыпламат адзначыў, што ў Вялікабрытаніі апазіцыя, якую называюць "апазіцыя Яе Каралеўскай Вялікасці", прадстаўлена ў парламенце, кантралюе дзейнасць урада і рыхтуецца сама сфарміраваць урад у будучыні.
— У Беларусі сітуацыя прама супрацьлеглая. Замест таго каб дазволіць апазіцыі быць часткай палітычнага працэсу, улады спрабуюць ёй перашкаджаць.
Паводле дыпламата, Еўрасаюз працягне аказваць падтрымку "людзям, якія абараняюць правы іншых".
— Такіх людзей не павінны саджаць у турму, іх сем'і не павінны пакутаваць. Такіх людзей неабходна падтрымліваць, і мы павінны старацца гэта рабіць.
Браян Бенет не выключыў магчымасці аказання Вялікабрытаніяй дапамогі студэнтам, якія па палітычных матывах не могуць працягваць навучанне ў Беларусі.
— Гэта дастаткова праблематычна — прыняць беларускіх студэнтаў у Брытаніі і аплачваць іх навучанне, таму што ў нас дастаткова дарагая універсітэцкая адукацыя і нашы студэнты часткова яе аплачваюць самі. Магчыма, мае больш сэнсу, калі студэнты, пацярпелыя ў Беларусі за свае палітычныя погляды, працягнуць вучобу ў суседніх краінах, а Брытанія будзе аказваць ім дапамогу як самастойна, так і праз ЕС.