У Глыбокім змагаюцца за вяртанне права на правядзенне мітынгаў і пікетаў
Чатыры дзясяткі жыхароў райцэнтру падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў, дзе выкладзена просьба аб ініцыяванні звароту ў Канстытуцыйны суд з мэтай ацэнкі рашэння Глыбоцкага райвыканкаму №167 "Аб вызначэнні месцаў для правядзення мітынгаў і пікетавання" на адпаведнасць Асноўнаму закону.
"Можна было б сабраць болей подпісаў, але для нас было галоўным не гэта. Мы хацелі накіраваць ліст у Саўмін, каб атрымаць рэакцыю на тое, што ў нашым Глыбокім адбываецца. Пасля прыняцця рашэння райвыканкаму №167 ад 13.02.2012 у цяперашнім ягоным выглядзе нам не дазволілі ніводнай масавай акцыі. Хоць мы звярталіся з заяўкамі ў райвыканкам з кастрычніка мінулага года 5 ці 6 разоў", -- гаворыць глыбоцкі актывіст Зміцер Лупач.
Першую, кастрычніцкую, адмову актывісты атрымалі таму, што ў рашэнне райвыканкаму ўносілі змены: былі змененыя месцы, вызначаныя мясцовымі ўладамі для правядзення масавых акцый. Але астатнія ўмовы засталіся ранейшыя, і менавіта праз іх масавую акцыю ў Глыбокім правесці стала немагчыма, працягвае спадар Лупач:
"У рашэнні выканкаму №167 ёсць пункт, згодна з якім трэба разам з заяўкай падаваць копіі дамоваў на абслугоўванне акцыі службамі ЖКГ, міліцыяй і паліклінікай. Але без дазволу ўладаў ніхто не бярэцца заключаць такія дамовы. Атрымліваецца зачараванае кола, з якога няма выйсця. Таму ў лісце ў Саўмін мы просім, каб адтуль ініцыявалі зварот і ў Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасці рашэння нашага выканкаму Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – галоўнага дзяржаўнага дакумента, дзе замацаваны нашы правы".
Зміцер Лупач мяркуе, што глыбоцкія ўлады, складаючы тэкст рашэння, узялі прыклад з Віцебскага гарвыканкаму: там рашэнне, якое рэгламентуе парадак арганізацыі масавых акцый з пунктам пра папярэднія дамовы было прынята яшчэ ў 2009 годзе.
Некалькі тыдняў таму віцебскія актывісты таксама даслалі калектыўны ліст у Савет Міністраў з мэтаю паўплываць на гарадскія ўлады, каб тыя ўнеслі ў рашэнне адпаведныя змены. Бо ў Віцебску не дазволена ніводнай вулічнай масавай акцыі па ініцыятыве актывістаў ўжо цягам амаль пяці гадоў. Ранейшыя спробы схіліць гарвыканкам ды перагляду свайго рашэння былі беспаспяховыя: з усіх інстанцый актывістам адказвалі, што рашэнне Віцебскага гарвыканкаму №881 ад 10.07.2009 г. прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а значыць прызнана дасканалым.