Іск тацяны Севярынец да раённага аддзела адукацыі прызнаны неабгрунтаваным
Паседжанне суду па справе аднаўлення на працы зволненай настаўніцы Таццяны Севярынец завяршылася сёння хвілінным выступам пракурора, якая стала на бок наймальніка і назвала іск да раённага аддзела адукацыі неабгрунтаваным.
Пасля гэтага стала амаль зразумелым, які вырак прагучыць з вуснаў суддзі Першамайскага суду Віцебску Тацяны Родзінай а 9-ай гадзіне ў панядзелак. Не толькі давераная асоба заяўніцы Кастусь Севярынец, але і усе прысутныя зразумелі, што настаўніцу на працы не адновяць.
Сама Таццяна Яўгенаўна даведалася пра пункт гледжання пракурора ад сяброў па тэлефоне, бо вымушаная была з’ехаць за межы горада яшчэ да заканчэння паседжаньня, і сказала, што асабліва і не спадзявалася на перамогу, бо гэта барацьба не з чыноўнікам ад адукацыі, а з усёй сістэмай, якая сваіх не здае. Але дадала, што ў любым выпадку барацьбу за сваё чыстае імя працягне.
У сваім выступе Кастусь Севярынец назваў звальненне сваёй жонкі палітычна матываным і нават у чымсьці правакацыйным. Пра палітычную накіраванасць пераследу настаўніцы з 36-гадовым стажам, якая ніколі не мела ніякіх спагнанняў, але, як толькі нашлася зачэпка, адразу была звольненая, ён сказаў і Рацыі:
– Гэта, безумоўна, палітычная справа, і так мы яе прадстаўлялі з Таццянай Яўгенаўнай. Мы мяркуем, што палітычны ціск з боку начальніка аддзела адукацыі Першамайскага раёна Віцебска існаваў, бо інакш адкуль бы ўзяліся тыя фразы, якія нават былі ўскосна пацверджаныя ў судзе, што ён казаў: “Таццяна, кідай палітыку, і ўсё ў цябе будзе добра”. Тое, што гэта палітычная справа, мы яшчэ пацвердзілі двума артыкуламі з Працоўнага кодэксу, дзе адназначна сказана, што забараняецца ціск на работніка, калі яго погляды не супадаюць з поглядамі наймальніка.
Канстанцін Паўлавіч лічыць, што ўсе гэтыя гульні спачатку з дазволам адпачынку па сямейных абставінах, а потым скасаваннем дазволу ад таго, што загадчык РАА спалохаўся, што настаўніца апынецца на акцыі 25 сакавіка ў Мінску.
Здзівіла, што дзяржаўныя прафсаюзы не выканалі закон, які іх абавязвае заўсёды дапамагаць сваім чальцам, а наадварот усяляк падтрымлівалі наймальніка. У прафкаме школы нават не пацікавіліся сутнасцю справы і па загаду паднялі рукі за дазвол на звальненне. Кіраўнік раённага прафсаюзу настаўнікаў Нікіцін прама заявіў, што ён заўсёды падтрвымае загадчыка РАА, з якім разам працуе. І толькі інспектар абласнога прафсаюзу Таццяна Яшчанка, якая непасрэдна разбіралася з гэтай справай, насуперак афіцыйным высновам свайго кіраўніцтва аргументавана даказала, што ў дадзеным выпадку загадчык РАА Уладзімір Шлома быў неправым.
Ён так і не адказаў на ліст, які ў абарону сваёй класнай кіраўніцы напісалі яе вучні. А калі ўбачыў у калідоры суду мацярок школьнікаў, павёў сябе з імі нахабна і груба. Расказвае Алена Доўгая:
– Ён сказаў: “Ну, што, бацькі, прыйшлі?” Значыцца, мы сказалі, што нас не задавальняе ягоны адказ, і мы засталіся пры сваіх меркаваннях. Ён павярнуўся і сказаў: “Пляваць я хацеў на вашыя меркаванні!”