83-гадовую актывістку будуць судзіць за гуманітарную дапамогу
Скідзельскай актывістцы Вераніцы Себасцьяновіч пагражае штраф да Br4,5 млн.
Кіраўнік Саюза салдат Арміі Краёвай у Беларусі Вераніка Себасцьяновіч паўстане перад судом 10 чэрвеня нібыта за кантрабанду гуманітарнай дапамогі для членаў гэтай арганізацыі, паведамляе газета непрызнанага беларускімі ўладамі Звязу палякаў Głos znad Niemna (пераклад - charter97.org).
Справу ў дачыненні да 83 гадовай Себасцьяновіч у суд накіравала гродзенская мытня. Яна тычыцца больш чым 70 каробак з гуманітарнай дапамогай для ветэранаў Арміі Краёвай у Беларусі ад польскай асацыяцыі «Одра-Нёман», якія былі канфіскаваныя 2 красавіка.
Па словах мытнікаў, «неўстаноўленая асоба з Польшчы набыла і раздала іншым асобам у Польшчы прадукты харчавання і сувеніры агульным коштам каля тысячы еўра для адпраўкі іх дробнымі партыямі ў Беларусь. Пазней гэтыя тавары былі выяўленыя ў доме Веранікі Себасцьяновіч у Скідзелі, якая павінна была каардынаваць дадзеную кантрабанду, здзяйсняючы адміністрацыйнае правапарушэнне, так як тавары не былі размытненыя».
За гэта скідзельскай актывістцы пагражае штраф ад 5 да 30 базавых велічынь.
Нагадаем, з 2005 года ў краіне існуюць два Саюзы палякаў: афіцыйны, які падтрымлівае палітыку кіраўніцтва Беларусі, і неафіцыйны, які беларускія ўлады не рэгіструюць, але які падтрымлівае Варшава. Яго сябры падвяргаюцца рэпрэсіям з боку афіцыйных уладаў.