У сьпісе асобаў, супраць якіх падоўжаныя санкцыі, сын Лукашэнкі Віктар
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш яшчэ на адзін год падоўжыў санкцыі супраць прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Актывы кіраўніка Беларусі ды іншых урадоўцаў, адказных за фальшаваньне леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і разгон акцыяў апазыцыі, былі замарожаныя летась.
Як паведамляе прэсавая служба Белага Дому, Джордж Буш у чацьвер падпісаў распараджэньне пра тое, што яшчэ на год падаўжаецца “блякаваньне ўласнасьці” гэтых асобаў, якая знаходзіцца ў юрысдыкцыі ЗША, паведамляе агенцтва Associated Press.
Санкцыі былі ўведзеныя ў чэрвені 2006 году ў дачыненьні да "асоб, адказных за падрыў дэмакратычных працэсаў і інстытутаў, парушэньне правоў чалавека, дзяржаўную карупцыю". Матывацыя кіраўніцтва ЗША – унесеныя ў сьпіс чыноўнікі ўяўляюць "пагрозу для нацыянальнай бясьпекі ЗША".
Спачатку пад санкцыі патрапілі 10 чалавек:
- Віктар Галаванаў, міністр юстыцыі
- Аляксандар Зімоўскі , старшыня Белдзяржтэлерадёкаміаніі
- Віктар Лукашэнка, памочнік прэзыдэнта, сябра Рады Бясьпекі
- Уладзімір Навумаў – міністар унутраных справаў
- Дзьмітры Паўлічэнка – камандзір спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня МУС
- Натальля Пяткевіч, намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта
- Сьцяпан Сухарэнка, старшыня КДБ
- Віктар Шэйман, дзяржсакратар Рады Бясьпекі
- Лідзія Ярмошына, кіраўнік Цэнтарвыбаркаму
- Пётр Міклашэвіч, генэральны пракурор
- Юры Падабед, начальнік палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня
- Аляксандар Радзькоў, міністр адукацыі
- Уладзімір Русакевіч, міністар інфармацыі
- Юры Сівакоў, былы міністр унутраных справаў
- Алег Сьліжэўскі, начальнік упраўленьня грамадзкіх аб'яднаньняў Міністэрства юстыцыі
- Супраць гэтых шасьці асоб санкцыі могуць быць прадоўжаныя не раней за люты 2008
4:26 У Мінску праходзіць канферэнцыя, прысвечаная злачынствам камунізму
У Мінску прадстаўнікі грамадскасці праводзяць канферэнцыю «Камунізм - міжнародны трыбунал». Паводле словаў аднаго з арганізатараў гісторыка Ігара Кузняцова, мерапрыемства мае не палітычныя, а навуковыя мэты.
Удзельнікі канферэнцыі, сярод якіх вядомыя беларускія навукоўцы, разглядаюць пытанні ідэалогіі камунізма, устанаўлення дыктатуры, правядзення рэпрэсій, духоўнага і фізічнага генацыду ў часы савецкага панавання.
Пра тое, дзеля чаго гэта робіцца, у інтэрв’ю «Еўрарадыё» гаворыць Ігар Кузняцоў:
«У выніку мусіць адбыцца суд, аналагічны Нюрнбергу, суду над фашызмам. Для таго, каб была дадзена прававая ацэнка дзейнасці камуністычных рэжымаў».
Канферэнцыя «Камунізм - міжнародны трыбунал» - гэта мерапрыемства еўрапейскага масштабу. 16 чэрвеня акцыі пройдуць ў 15 краінах. Беларусь жа апярэдзіла ўсіх з-за таго, што арганізатары мелі праблему з памяшканнем. А беларуская дзяржава, як вядома, мерапрыемствы, звязаныя з тэмай камуністычных злачынстваў, не падтрымлівае, адзначае Ігар Кузняцоў.