Праваабаронцы папярэджваюць расійскія ўлады пра непазбежныя наступствы палявання за «агентамі»
30 траўня Праваабарончы Савет Расіі выступіў з заявай з нагоды імкнення ўладаў паставіць кляймо «замежнага агента» на любой незалежнай грамадскай актыўнасці.
Праз год пасля хвалі пракурорскіх праверак, якія закранулі сотні няўрадавых арганізацый, улады зноў абвастраюць супрацьстаянне з грамадзянскай супольнасцю, адзначаюць праваабаронцы. Няўрадавыя арганізацыі, якія атрымалі пракурорскія "прадстаўленні" і "засцярогі", абскарджваюць вынікі леташніх пракурорскіх праверак у судах. Суды між тым працягваюць выносіць рашэнні супраць праваабарончых арганізацый, патрабуючы "добраахвотна" зарэгістравацца ў якасці "арганізацыі, якая выконвае функцыі замежнага агента". Пракурорскія праверкі аднавіліся ў васьмі расійскіх рэгіёнах. Нарэшце, Дзярждума і Савет Федэрацыі адобрылі новыя папраўкі ў заканадаўства, якія прадугледжваюць прымусовае пазасудовае занясенне ў рэестр "агентаў".
"Абазначэнне "замежны агент" абразлівае для праваабарончых, экалагічных і сацыяльных арганізацый. Іх мэта - дапамагаць людзям, адстойваць агульназначныя прававыя і дэмакратычныя прынцыпы. Гэтым яны служаць і краіне, і народам Расіі. Праваабарончая і прыродаахоўная дзейнасць немагчымая без апеляцыі да ўлады і да грамадскай думкі, без прыцягнення актывістаў да грамадзянскіх кампаніяў.
Кляймо "замежнага агента" ў цяперашняй грамадскай атмасферы ксенафобіі і нянавісці да "Захаду" падрывае саму ідэю грамадзянскага кантролю, паколькі робіць бессэнсоўным любыя публічныя дзеянні няўрадавых арганізацый, і ў першую чаргу - іх звароту да афіцыйных асобаў у інтарэсах людзей і грамадства. З такім кляймом праца праваабарончых арганізацый губляе сэнс, а ў перспектыве непазбежны іх пераследу, аж да ліквідацыі або самароспуску. Вызначэнне "палітычнай дзейнасці", дадзенае Канстытуцыйным судом РФ, неканкрэтнае, дапускае адвольнае і пашыральнае тлумачэнне, дазваляючы аднесці да яе любую грамадзянскую актыўнасць, любое асэнсаванае выказванне.
Агульнавядомыя канфармізм і кіруемасць нашай судовай сістэмы, і спасылкі на магчымасць абароны нашых правоў у судзе гучаць як злы здзек. Гэтыя апасенні ўжо пацвярджаюцца судовай практыкай", - адзначаецца ў заяве.
Сябры Праваабарончага Савета лічаць, што цяперашняя паліцэйская стараннасць ставіць саму ўладу ў недарэчную сітуацыю. "Кляймо "агента" атрымаюць дзесяткі і сотні грамадскіх арганізацый, аўтарытэтных як у расійскіх рэгіёнах, так і ў свеце. У гэтых умовах дыялог улады і грамадства ператвараецца ў размову з "замежнымі агентамі" або ў "размову з самім сабой" на руінах грамадзянскай супольнасці", - папярэджваюць яны.
Нагадаем, што на мінулым тыдні, 23 траўня, Замаскварэцкі раённы суд Масквы адмовіў у задавальненні пазову адной з аўтарытэтных арганізацый - Праваабарончаму цэнтру "Мемарыял", які аспрэчваў пракурорскае прадстаўленне, згодна з якім арганізацыя павінна зарэгістравацца ў рэестры "замежных агентаў". ПЦ "Мемарыял" заявіў, што не збіраецца рэгістравацца ў якасці "замежнага агента" і працягне сваю працу, а дадзенае судовае рашэнне будзе абскарджана ў вышэйшай інстанцыі. На цяперашні момант скарга праваабаронцаў знаходзіцца на разглядзе ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.