Адхілена наглядная скарга па забароне пікета супраць міліцэйскага гвалту
Адказ за подпісам старшыні абласнога суду Мікалая Хамічонка атрымаў віцебскі "урач-праўдаруб" Ігар Пастноў. Ён спрабаваў аспрэчыць рашэнне Кастрычніцкага райсуду, які адхіліў ягоную скаргу на дзеянні адміністрацыі Кастрычніцкага раену, кіраўніцтва якой не дазволіла правесці пікет супраць міліцэйскага гвалту.
Пікет планавалася правесці 12 студзеня ў Парку культуры і адпачынку Савецкай Арміі, гэтае месца афіцыйна вызначана адміністрацыяй Кастрачніцкага раёну для правядзення масавых мерапрыемстваў. Але Ігару Пастнову адмовілі з той прычыны, што ён не прыклаў да заяўкі дамовы з міліцыяй, медыкамі і работнікамі ЖКГ на абслугоўванне акцыі.
Такі парадак звароту па дазвол на акцыі прадугледжаны рашэннем Віцебскага гарвыканкаму. Мясцовыя праваабаронцы і актывісты лічаць, што яно супярэчыць закону аб масавых мерапрыемствах і стварае штучныя перашкоды для грамадзян, якія хочуць скарыстацца сваім правам на публічнае выказванне ўласных меркаванняў.
За чатыры мінулыя гады раённыя адміністрацыі не далі ніводнага дазволу актывістам на ініцыяваныя імі пікеты або мітынгі. Актывісты-арганізатары спрабавалі дамовіцца з адказнымі службамі, каб выканаць умовы гарадскіх уладаў, але медыкі, работнікі ЖКГ і супрацоўнікі міліцыі з розных прычынаў адмоўляюцца заключаць такія дамовы.
Што да акцыі Ігара Пастнова, то пікет планаваўся аднаасобным, і адказнасць за чысціню і парадак ён быў гатовы ўзяць на сябе асабіста:
"Я сам урач, і магу аказваць медычную дапамогу. Засмечваць парк, каб яго трэба было пасля грунтоўна прыбіраць, я не збіраўся. Што да міліцэйскай аховы, то я планаваў запрасіць на імпрэзу як мага болей супрацоўнікаў міліцыі, бо тэма гвалту над грамадзянамі ў міліцэйскіх установах надзвычай актуальная. Так што дзяжурства міліцэйскіх супрацоўнікаў было б любым выпадку забяспечана".
Там не менш, адміністрацыя Кастрычніцкага раену забараніла аднаасобную акцыю Пастнова, якую ён бачыў як маўклівы пікет, прысвечаны памяці ахвяр і пацярпелых ад незаконных дзеянняў міліцыі.
Зварот у раенны суд са скаргай не дапамог, там прызналі, што Пастнову адмовілі на законных падставах - праз тое, што ён не выканаў патрабаванні мясцовых уладаў. Пазней скаргу з тае самае нагоды адхіліла калегія абласнога суду, а цяпер -і старшыня абласнога суду Мікалай Хамічонак. Пісьмовы дакумент пра гэта размешчаны на сайце freeregion.info , на якім Ігар Пастноў вядзе ўласны блог.