Мазырскі праваабаронца сустрэўся са старшынёй Канстытуцыйнага суда
28 траўня ў Мазыры праводзіў прыём грамадзян старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч. На прыём да яго трапіў мясцовы праваабаронца Уладзімір Целяпун. Ён паставіў перад старшынёй КС некалькі пытанняў. У прыватнасці, прасіў праверыць на адпаведнасць Канстытуцыі рашэнне Мазырскага райвыканкаму і даць пісьмовы адказ. Гаворка ідзе пра рашэнне выканкаму аб масавых мерапрыемствах, выканаць якое на практыцы немагчыма. Згодна рашэнню, заяўнік мітынгу ці пікету павінен заключыць дамовы са спецыяльнымі службамі да атрымання дазволу з выканкаму. Службы ж дамовы не заключаюць, спасылаючыся на адсутнасць дазволу на правядзенне мерапрыемства з боку выканкаму. Як вырашыць дадзенае пытанне, якія механізмы выканання рашэння выканкаму – адказ на гэтыя пытанні праваабаронца не атрымаў ні ў мясцовых улад, ні ў абласных, ні ў судах.
Старшыня КС, па словах Уладзіміра Целяпуна, нагадаў яму, што грамадзяне не маюць права наўпрост звяртацца ў КС.
Задаў пытанне праваабаронца і пра роўнасць беларускай і рускай моваў. «Адсутнасць законаў на беларускай мове, нежаданне чыноўнікаў весці размову з беларускамоўнымі грамадзянамі і адказваць ім на пытанні па-беларуску - гэта дыскрымінацыя грамадзян альбо абмежаваныя здольнасці пэўных асоб у дзяржаўных структурах авалодаць і свабодна карыстацца дзвюма дзяржаўнымі мовамі?» - цікавіла Уладзіміра Целепуна.
Па яго словах, адказ Пятра Міклашэвіча быў такі: «У нас дзве роўныя мовы, і я як грамадзянін таксама маю права выбіраць – на якой мове весці размову».
«Наўпроставай гутаркі на дзяржаўнай беларускай мове са старшынёй Канстытуцыйнага суда ў мяне не атрымалася, хаця частку размовы па пытанні аб карыстаннем мовай ён спрабаваў весці па-беларуску. Аднак, спасылаючыся на ўкраінскія праблемы, пра якія згадваў у размове, зноў перайшоў на рускую мову. Як забяспечыць маё права як грамадзяніна на атрыманне інфармацыі наўпрост ад чыноўніка – засталося без дакладнага тлумачэння. Правы грамадзяніна і правы чыноўніка – гэта розныя рэчы», - пракаментаваў Уладзімір Целяпун.