Завяршылі раскопкі масавых пахаваньняў пад Гомелем
Раскопкі вялі ў лясных ўрочышчах Тры Слупы й Боркі салдаты 52-га спэцыялізаванага пошукавага батальёну Міністэрства абароны.
Паводле камандаваньня батальёну, на паверхню з розных магілаў паднялі парэшткі 66 ахвяраў — мірных жыхароў. Прастрэленыя чарапы й косткі перадалі на часовае захоўваньне ў Прыбыткаўскі сельскі савет, паведаміла Радыё Свабода.
Судмэдэкспэрты яшчэ не далі заключэньня пра “ўзрост” пахаваньняў. Няма пакуль і высноваў наконт знойдзеных куляў, ад якіх загінулі ахвяры.
Афіцыйная вэрсія паходжаньня масавых пахаваньняў — расстрэл фашыстамі апалчэнцаў і ваеннапалонных чырвонаармейцаў напачатку вайны.
Аднак мясцовыя жыхары сьведчаць, што там адбываліся масавыя расстрэлы людзей у гады сталінскіх рэпрэсіяў.
Сябры аргкамітэту стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” запісалі на відэастужку сьведчаньні людзей, якія дакладна называюць месца, дзе энкавэдысты ў 1937—1938 гадах расстрэльвалі як “ворагаў народу” мірных жыхароў.