viasna on patreon

У Магілёўскай вобласці міліцыя распісваецца ў бяссіллі ў змаганні з хакерамі і інтэрнэт-паклёпнікамі

2014 2014-05-23T12:34:10+0300 2014-05-23T12:34:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/internet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Незалежны журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў атрымаў ужо другое ўведамленне з мясцовай міліцыі аб тым, што расследванне справы па яго заяве працягнута яшчэ на адзін месяц.

Папярэдняе ўведамленне аналагічнага зместу Аляксандр Буракоў атрымаў у красавіку. Сваю заяву ў аддзел па барацьбе са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій УУС Магілёўскага аблвыканкама незалежны журналіст падаў яшчэ 19 сакавіка, пасля таго, як 14 сакавіка невядомыя асобы ўзламалі інтэрнэт-сайт “Свабодны фармат” і размясцілі на ім паклёпніцкія матэрыялы ў адносінах да дэмакратычных актывістаў Магілёўскай вобласці.

Менавіта Аляксандру Буракову належыць даменнае імя сайта formats.by.

У заяве Аляксандр Буракоў прасіў супрацоўнікаў міліцыі ўстанавіць асоб, датычных да ўзлому пароляў сайта “Свабодны фармат” і прыцягнуць іх да адказнасці паводле беларускага заканадаўства.

Таксама журналіст прасіў супрацоўнікаў міліцыі высветліць асобу аўтара электронных лістоў правакацыйнага зместу, якія дасылаліся ад яго імя вялікай колькасці людзей з электроннага адраса <a.burakov74@gmail.com>, які Аляксандру Буракову не належыць, і таксама прыцягнуць яго да адказнасці.

Па словах незалежнага журналіста, прайшло ўжо больш за два месяцы з дня падачы заяў, аднак супрацоўнікі магілёўскай міліцыі чамусьці ніколькі не прасунуліся ў расследванні справы па яго заяве.

Пакуль не мае ніякай інфармацыі пра тое, як вядзецца расследванне справы па яго скарзе на імя начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, у якой ён звяртаўся з просьбай дапамагчы хоцімскім міліцыянерам знайсці інтэрнэт-паклёпнікаў, і грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч.

У скарзе, у прыватнасці, актывіст прасіў начальніка УУС адмяніць пастанову начальніка Хоцімскага РАУС (ліст №ЕК-506 ад 16.04.2014 г.) аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў сувязі быцам бы з немагчымасцю ўстанаўлення асоб, па яго заяве аб прыцягненні да адказнасці тых, хто ў глабальнай сетцы Інтэрнэт размясціў публікацыі, якія абражаюць і прыніжаюць яго гонар і годнасць.

Таксама спадар Каранкевіч прасіў начальніка міліцыі Магілёўскай вобласці правесці расследванне, высветліць асоб, якія дапусцілі абразы і паклёп на яго адрас, і прыцягнуць іх да адказнасці.

“22 траўня прайшоў роўна месяц з таго дня, як я накіраваў пісьмовую скаргу на імя начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама з просьбай дапамагчы хоцімскім міліцыянерам знайсці інтэрнэт-паклёпнікаў, якія на інтэрнэт-сайце змяшчалі матэрыялы паклёпніцкага зместу ў адносінах да мяне, іншых дэмакратычных актывістаў Магілёўскай вобласці, а да гэтага часу няма ніякай рэакцыі з боку супрацоўнікаў міліцыі, - кажа Валерый Каранкевіч. – За гэты час са мной ніхто не звязаўся, не правёў ніякага апытання, не атрымаў я пакуль і ніякага пісьмовага адказу з УУС Магілёўскага аблвыканкама. Такое ўражанне, што супрацоўнікі міліцыі абсалютна не зацікаўлены ў расследванні справы і выяўленні вінаватых. Гэта тым больш дзіўна, бо на гэтым сайце зноў пачалі з’яўляцца матэрыялы паклёпніцкага зместу ў адносінах грамадскіх актывістаў Магілёўшчыны.

Сёння (23 траўня) я збіраюся наведаць Хоцімскі РАУС, хачу запытацца ў нашых міліцыянераў, ці зрабілі яны за гэты час хоць што-небудзь, каб устанавіць паклёпнікаў”.

Нагадаем, Валерый Каранкевіч 7 красавіка падаў заяву аб здзяйсненні правапарушэння ў Хоцімскі РАУС. У заяве на імя начальніка Хоцімскага РАУС Аляксандра Талкачова Валерый Каранкевіч прасіў супрацоўнікаў міліцыі правесці расследванне, выявіць асоб, якія здзейснілі абразу і паклёп на яго адрас, і прыцягнуць іх да адказнасці па закону.

Падставай для напісання заявы ў Хоцімскі РАУС паслужылі змешчаныя ў перыяд перадвыбарчай кампаніі і раней на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com матэрыялы паклёпніцкага і ганьбячага зместу ў адносінах Валерыя Каранкевіча, зневажаючыя яго гонар і годнасць.

18 красавіка спадар Каранкевіч атрымаў адказ з Хоцімскага РАУС, у якім паведамлялася, што па выніках праверкі “У адпаведнасці з п. 2, ч.1, арт.1026 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь у адносінах да неўстаноўленых асоб вынесена пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні з-за не ўстанаўлення дадзеных асоб. Пры ўстанаўленні асоб, якія здзейснілі правапарушэнне, правапарушальнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці”.

Пасля гэтага актывіст быў вымушаны звярнуцца з адпаведнай скаргай да начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Нагадаем таксама, што напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы на пэўных інтэрнэт-рэсурсах Магілёўскай вобласці рэгулярна пачалі з’яўляцца публікацыі паклёпніцкага зместу пра дэмакратычных актывістаў і незалежных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў Магілёўскай вобласці. На электронныя адрасы некаторых мясцовых журналістаў хтосьці пастянна дасылаў лісты са спасылкамі на такія матэрыялы.

На жаль, супрацоўнікі магілёўскай міліцыі чамусці не выказваюць вялікага імпэту ў пошуках “невядомых” інтэрнэт-паклёпнікаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства