Спецыяліст: У Беларусі выдаецца недастаткова «вартых кніг» для дзяцей на беларускай мове
У Беларусі выдаецца недастатковая колькасць «вартых кніг» на беларускай мове для дзяцей. Такую думку выказаў дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Таццяна Швед на пасяджэнні круглага стала 22 мая.
«Мы часта чуем такое меркаванне, што дзеці не чытаюць на беларускай мове. Не чытаюць чаму? Таму што мала выдаецца кніг для дзяцей — для дашкольнікаў, для пачатковай школы, для падлеткавага ўзросту. Менавіта добрых кніг на беларускай мове, якія чыталіся б», — сказала яна.
Разам з тым, зазначыла яна, выданню кніг беларускіх аўтараў дзяржава дае вялікую падтрымку. «Толькі хочацца пажадаць нашым пісьменнікам і паэтам, каб яны больш пісалі. І, паверце, кніжкі гэтыя чытаюцца», — сказала яна.
«Калі прыходзіць пачатковая школа, бацькі бяруць дзіцяці і чытаюць адну, другую, трэцюю кніжку на беларускай мове. Але ж яны з'яўляюцца пастаяннымі чытачамі, год-два праходзіць, яны ўсё прачыталі і пытаюцца пра нешта новае. На жаль, мы не заўсёды можам гэта даць», — зазначыла Швед.
Паводле яе слоў, беларускамоўныя кнігі папулярныя таксама сярод падлеткаў, ім «проста не хапае літаратуры, якую пішуць беларускія пісьменнікі».
Яшчэ адной праблемай дзіцячага кнігавыдання спецыяліст назвала тое, што «кнігі для малодшага ўзросту мала ілюстраваныя», у той час як бібліятэкі сталі наведваць больш дашкольнікаў. «Калі цэны на кнігі сталі павялічвацца, у нас з'явілася больш дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Не кожны можа купіць кнігу, таму яны прыходзяць у бібліятэку», — сказала Швед.
Зараз у сталіцы працуюць 18 дзіцячых бібліятэк, якія штогод наведваюць больш як 120 тысяч чытачоў. Не менш як 15% фінансавання бібліятэк ідзе на закупку новых кніг. Беларуская літаратура ў дзіцячых бібліятэках складае прыкладна 20% кнігафонду, паведаміў дырэктар сістэмы бібліятэк.