viasna on patreon

Абвесткі ў грамадзкім транспарце Жлобіну загучаць па-беларуску

2007 2007-06-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намесьнік старшыні Жлобінскага райвыканкаму Фёдар Жыцька задаволены атрыманым кампакт-дыскам з прафэсійнай агучкай. Перад тым у гарадзкіх аўтобусах гучала часткова расейская, часткова беларуская мова, трэкі рабіліся саматужна, паведаміла Радыё Свабода.

“Гэта першы прыклад з праекту супольнай беларусізацыі транспартнай і грамадзкай інфраструктуры розных беларускіх месцаў. Мы зьвязваемся празь мясцовых “фронтаўскіх” актывістаў з уладамі. Звычайна гэта намесьнікі старшыняў, старшыні гарвыканкаму, гарсавету, і прапануем якую-небудзь дапамогу”, – патлумачыў адзін з куратараў праекту Франак Вячорка.

Запіс дыску рабіўся ў студыі ініцыятывы “Вэтэраны Адраджэньня”. Сваё бачаньне беларускай мовы ў грамадзкіх месцах выказвае кіраўнік ініцыятывы рэжысэр Валеры Мазынскі: “Гэта самае звычайнае, што павінна быць, і людзі павінны слухаць. Трэба каб беларуская мова была ва ўсіх гарадох, ва ўсіх мястэчках павінна гучаць. Узгадайце як спрачаліся на пачатку 1990-х: у мэтро нават на дзьвюх мовах абвесткі былі. А сёньня толькі па-беларуску, і ні ў каго гэта не выклікае сумневу, што так павінна быць”.

Паводле Франака Вячоркі, супраца са жлобінскімі ўладамі – толькі пачатак дзейнасьці: “Гэты праект, гэтая супольная справа з уладамі паказвае, што дэмакратычныя сілы гатовыя ня толькі дэманстраваць сваю пазыцыю ня толькі праз масавыя акцыі, але і праз канкрэтныя правы, патрэбныя і карысныя простым людзям. Таксама гэта дэманструе, што ўлады гатовыя супрацоўнічаць дзеля людзей. Я ня маю на ўвазе нацыянальныя ўлады, але тых людзей, якія працуюць у мясцовых адміністрацыях. Людзі, якія так ці інакш сталі часткай гэтай сыстэмы”.

У Беларусі выбар мовы абвестак у грамадзкім транспарце застаецца ў веданьні мясцовых уладаў. Паводле Франака Вячоркі, у найбліжэйшых плянах ініцыятываў – агучваньне абвестак грамадзкага транспарту ў Горадні, Лідзе і Салігорску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства