Віктар Парфёненка – шостая адмова ў акрэдытацыі
Гродзенскі сябра БАЖ Віктар Парфёненка атрымаў з Міністэрства замежных справаў Беларусі ўжо шостую адмову ў акрэдытацыі. Чыноўнікі ўпарта не даюць магчымасці фрылансеру легальна працаваць.
У чарговай адмове МЗС спасылаецца на закон аб сродках масавай інфармацыі і палажэнне аб акрэдытацыі беларускага МЗС. Для гродзенскіх незалежных журналістаў склалася сітуацыя замкнёнага кола – перыядычна яны атрымліваюць папярэджанні з пракуратуры, зараз пайшла ўжо хваля адміністрацыйных працэсаў і штрафаў за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі”. Па-сутнасці гэта азначае фактычную забарону на прафесію. У выніку журналістаў з Гродзеншчыны пераследуюць за супрацоўніцтва з Беларускім Радыё Рацыя і тэлеканалам Белсат.
У такой сітуацыі Віктар Парфёненка збіраецца праз некаторы час чарговы раз скласці дакументы на акрэдытацыю, а таксама не выключае магчымасці звароту ў суд – журналіст перакананы, што яго канстытуцыйныя правы парушаны.