Мiнулае без будучынi, або Гвалт над старым горадам
Пад такой назвай друкуе артыкул "Народная воля":
Грамадскасць Вiцебска ўзрушана планамi новай забудовы гiстарычнага цэнтра горада. На думку месцiчаў, гэта знiшчыць ягоную самабытнасць, нанясе непапраўную шкоду помнiкам даўнiны. Найбольш абуральна, што гвалт над старажытным горадам адбываецца з дазволу мясцовых улад. Агрэсiя дзяржавы супраць гiстарычнай спадчыны Вiцебска пачалася больш як 70 гадоў таму i доўжылася разам з бязбожнай савецкай эпохай, за час якой у Вiцебску былi зруйнаваны Успенскi сабор, касцёл Святога Антонiя, Уваскрасенская i Дабравешчанская цэрквы, iншыя культавыя i свецкiя помнiкi архiтэктуры. Ужо напрыканцы 80-х гадоў мiнулага стагоддзя ледзь не разбурылi Пакроўскую царкву, але намаганнямi грамадскага руху “Узгор'е” пад кiраўнiцтвам археолага Iгара Цiшкiна i журналiста Сяргея Навумчыка будынак быў уратаваны, а пазней яго аднавiлi i зрабiлi галоўным храмам праваслаўнай епархii.
Жорсткая барацьба ўлад з рэгiгiяй i культурнай спадчынай скончылася пасля развалу СССР. За апошнiя 10—15 гадоў у Вiцебску адноўлены шэраг цэркваў, пачалася адбудова Успенскага сабора i Уваскрасенскай царквы. З'явiлася надзея на аднаўленне храма Святога Мiкалая, якi стаяў на плошчы Свабоды i быў узарваны каля паўстагоддзя таму. Але сёлета грамадскасць горада даведалася, што прыкладна там, дзе доўгi час знаходзiўся комплекс Мiкалаеўскага храма, плануецца ўзвядзенне велiзарнага Забаўляльнага маладзёжнага цэнтра. Гэта ўсхвалявала грамадзян: яны зразумелi, што новабудоўля зробiць сумнеўным аднаўленне святынi, а калi яна ўсё ж будзе адноўлена, перашкодзiць весцi там набажэнствы, якiя могуць быць малiтвы побач з маладзёжнымi забавамi?
Сотнi праваслаўных вернiкаў падпiсалi пратэст супраць будаўнiцтва. Лiст быў перададзены ў гарвыканкам i аблвыканкам, але канкрэтных вынiкаў гэтая акцыя пакуль што не прынесла: рашэнне гарадскiх улад аб узвядзеннi забаўляльнай установы на месцы, намоленым продкамi гараджан, не адменена.
Вестка аб новабудоўлi ў гiстарычным цэнтры непакоiць не адных вернiкаў. Многiя людзi тэлефанавалi з пытаннем пра гэта ў рэдакцыi мясцовых газет, а журналiсты ў сваю чаргу звярталiся да галоўнага архiтэктара Вiцебска Барыса Лядэнкi, якi ў адпаведнасцi са службовымi абавязкамi з'яўляецца асобай, адказнай за стан гiстарычнага цэнтра горада. Спадар Лядэнка супакойваў: па-першае, маўляў, пытанне аб забаўляльным цэнтры яшчэ канчаткова не вырашана, а па-другое, калi будоўля i пачнецца, то не на месцы храма, а ў баку ад яго. Да таго ж гэта нiколькi не пашкодзiць гiстарычнай спадчыны, якая ў любым выпадку застаецца недатыкальнай.
Мiж тым сёлета ўвесну на плошчы Свабоды з'явiлiся будаўнiчыя вагончыкi. I зноў Б.Лядэнка супакоiў гараджан: вагончыкi — толькi часовы прытулак падрадчыкаў, занятых рэканструкцыяй Летняга амфiтэатра.
Аднак неўзабаве на плошчы ўзнiклi экскаватары i свiдравальная тэхнiка. Ударнымi тэмпамi яны ўтварылi катлаваны глыбiнёй каля чатырох метраў.
Месцiчы, неабыякавыя да гарадской спадчыны, зноў занепакоiлiся, але гарадскiя ўлады праз прэсу патлумачылi, што на плошчы вядуцца неабходныя гораду работы па замене састарэлага каналiзацыйнага калектара. Пацвердзiўшы гэта, падрадчык — “Вiцебскводаканал” — вуснамi намеснiка дырэктара прадпрыемства Iвана Сырбу запэўнiў грамадскасць, што праект работ узгоднены з галоўным архiтэктарам Вiцебска Барысам Лядэнкам.
Праз колькi дзён выявiлася, што, дзейнiчаючы ў адпаведнасцi з узгодненым праектам, водаканальшчыкi парушылi частку цаглянай кладкi сабора Святога Мiкалая.
Гэта быў скандал! Паводле сiгнала галоўнага спецыялiста па ахове помнiкаў упраўлення культуры аблвыканкама Нiны Сулецкай з Мiнска паспяшалася доктар гiстарычных навук, археолаг Iнстытута гiсторыi НАН Рэспублiкi Беларусь Вольга Ляўка, якая мае адкрыты лiст на археалагiчныя даследаваннi ў Вiцебску. Яна без цяжкасцi зразумела, што земляныя работы ў гiстарычным цэнтры горада вялiся без належных узгадненняў з Мiнiстэрствам культуры i Нацыянальнай акадэмiяй навук. Iначай у Вiцебску быў груба парушаны закон аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны.
В.Ляўка i Н.Сулецкая склалi пратакол аб незаконных работах на тэрыторыi, якая з'яўляецца запаведнай i ахоўваецца дзяржавай. Н.Сулецкая, акрамя таго, напiсала заяву аб парушэннi закону i накiравала яе ў абласную пракуратуру. Там спачатку адмовiлiся разглядаць зварот Нiны Андрэеўны, але калi гэтую заяву падпiсаў i яе начальнiк — кiраўнiк абласнога аддзела культуры М.Пашынскi, пракуратура, магчыма, усё ж прыме адпаведныя захады не толькi да прадпрыемства “Вiцебскводаканал”, але i да галоўнага архiтэктара Вiцебска Барыса Лядэнкi, якi даў “дабро” на земляныя работы ў гiстарычным цэнтры горада.
Дарэчы, прадстаўнiца Нацыянальнай акадэмii навук Вольга Ляўко прымусiла “Вiцебскводаканал” прыпынiць земляныя работы i падпiсаць адмову на тое, што любыя наступныя работы могуць весцiся толькi пад наглядам археолагаў.
Чым скончыцца вiцебскае супрацьстаянне гiсторыi i сучаснасцi, пакуль сказаць немагчыма. Вядома толькi, што лiтаральна праз колькi дзён пасля прыпынення земляных работ на плошчы Свабоды “Вiцебскводаканал” зноў пачаў рыцца ў культурных слаях XIII—XVIII стагоддзяў. На плошчы з'явiлася велiзарная глыбокая траншэя, у час капання якой былi разбураны падмуркi архiтэктурнага ансамбля храма Святога Мiкалая. А гэта робiць немагчымым аднаўленне гэтай вiцебскай гiстарычнай святынi.
Нагадаем, што гэты гвалт над вiцебскай спадчынай адбываецца з ведама i дазволу чалавека, якi абавязаны ахоўваць запаведны цэнтр горада. Чым кiруецца спадар Б.Лядэнка, дапускаючы здзек над тысячагадовым Вiцебскам, цяжка здагадацца. Адна надзея, што пракуратура здагадаецца, чаму так грэбуе сваiмi абавязкамi галоўны архiтэктар тысячагадовага горада на Заходняй Дзвiне.