Прадпрымальнікаў караюць буйнымі штрафамі
Прадпрымальнікі шэрагу рэгіёнаў Беларусі абураныя ціскам кантрольных органаў, якім яны лічаць масавыя праверкі і буйныя штрафы, што назіраюцца апошнім часам. Дробныя бізнэсоўцы перакананыя: такім чынам улады вырашаюць праблему дэфіцыту мясцовых бюджэтаў.
Алег Шабетнік кажа, што ў рэчыцкіх прадпрымальікаў ёсьць вялікія праблемы з падаткавай службай. У некалькіх чалавек тут арыштавалі тавар, а затым будзе суд. А суд дае штраф да 50 базавых велічыняў і канфіскацыю тавару. Толькі на гэтым тыдні такое адбылося з трыма чалавекамі”.
Толькі за першыя дні чэрвеня аналягічныя выпадкі зафіксаваныя таксама ў Мазыры, Гомелі, Крупках, Беразіно, Жодзіна й іншых гарадах. Прадпрымальнікі заяўляюць, што ўлады спрабуюць адабраць грошы ў гандляроў, каб папоўніць мясцовыя бюджэты.
Прадпрымальнікі заяўляюць: падаткавікі выпісваюць штрафы ў залежнасьці ад разнарадак, якія ім паступаюць зьверху..
“У Смалявічах ёсьць дамоўленасьць з падаткавай службай, што калі паступаюць гэтыя разнарадкі, а яны паступаюць рэгулярна, прадпрымальнікі самі выбіраюць, каго штрафаваць. Да прыкладу, шэсьць чалавек па паўтара мільёна. Затым прадпрымальнікі скідваюцца і аплочваюць вось гэты замоўлены штраф зьверху. Гэта ёсьць у Плешчаніцах і іншых гарадах. Я калі пачаў удакладняць, то выявілася, што на 20-30% такія дамоўленасьці існуюць у малых гарадах па ўсёй Беларусі”, -- паведаміў лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў.
Як дадаў суразмоўца, 20-25 чэрвеня ў рамках кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” гандляры будуць абмяркоўваць шляхі вырашэньня гэтай праблемы. Ня выключана, што яны распачнуць агульнабеларускі страйк.