viasna on patreon

У Шклоўскім раёне затрыманая карэспандэнтка недзяржаўнай газеты “Салідарнасць” Алена Якжык

2007 2007-06-12T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Карэспандэнта недзяржаўнай газеты “Салідарнасць” Алену Якжык сёння ў Шклоўскім раёне затрымалі міліцянты за тое, што яна зрабіла фотаздымкі дома, у якім жыве жонка прэзідэнта Лукашэнкі. А невядомы чалавек ў штацкім прымусіў журналістку выдаліць гэтыя кадры з фотакамеры, паведаміла прэсс-служба БАЖ.

Па заданні рэдакцыі Алена Якжык прыехала ў Шклоў, каб сабраць матэрыял для рэпартажу пра будаўніцтва першага ў Беларусі завода па вытворчасці газетнай паперы.

Будоўля завода вядзецца ў пасёлку Маладзёжны ў некалькіх кіламетрах ад Шклова.

Але раніцай на прыпынку грамадскага транспарту мясцовыя жыхаркі паведамілі журналістцы, што маршрутнае таксі, на якім можна дабрацца да пасёлка зламалася, а аўтобус будзе значна пазней. Каб не губляць час, Алена вырашыла ісці разам з жанчынамі пешкам.

“Па дарозе я рабіла час ад часу здымкі. У раёне рыхтуюцца да Дня пісьменнасці, фарбуюць агароджы, дахі будынкаў. Я вырашыла, што магчыма здымкі спатрэбяцца пазней для працы, – расказала журналістка прэс-службе БАЖ. – Калі праходзілі праз вёску Рыжкавічы, мая спадарожніца паказала на дом і сказала, што тут жыве жонка прэзідэнта, я з дарогі зрабіла некалькі здымкаў гэтага будынку і рушыла далей”.

Але літаральна праз 3 хвіліны карэспандэнтку дагнаў мужчына. Ён паведаміў, што гэты будынак – спецаб’ект, таму здымаць яго нельга, і прапанаваў А.Якжык прайсці з ім на пост. На патрабаванне затрыманай журналісткі ён паказаў пасведчанне супрацоўніка ўзвода па ахове спецаб’ектаў, прапаршчыка міліцыі Міхаіла Парфёнава. На посце, размешчаным прыкладна ў 20 метрах ад дома-“спецаб’екта”, знаходзіўся яшчэ адзін супрацоўнік міліцыі.

“Я патлумачыла міліцыянтам, што ў мяне іншая мэта паездкі, а здымала гэты дом з цікаўнасці. Тым больш, нідзе на доме альбо агароджы не ўказана, што рабіць здымкі забараняецца, – кажа Алена Якжык. – Яны праверылі мае дакументы, перапісалі дадзеныя і пазванілі, як яны назвалі, “у камітэт”.

Мужчына ў штацкім, які прыехаў на выклік, у сваю чаргу распытаў у карэспандэнткі “Салідарнасці”, чаму яна здымала гэты дом. Назваць сябе і паказаць пасведчанне ён адмовіўся. Журналістка паўтарыла, тое ж што ўжо тлумачыла супрацоўнікам міліцыі. Выслухаўшы, ён загадаў міліцыянтам узяць яшчэ пісьмовае тлумачэнне і выйшаў на вуліцу некуды званіць.

“Я падпісала падрыхтаванае з маіх слоў тлумачэнне і выйшла. Мужчына ў штацкім загадаў мне выдаліць здымкі з фотакамеры і папярэдзіў, каб больш не здымала гэты дом. А калі я хачу зрабіць здымкі, мне трэба звярнуцца ў ідэалагічны аддзел Шклоўскага райвыканкама, і тады мне арганізуюць экскурсію тут і яшчэ звозяць ў Александрыю”, – расказала Алена.

Праз 45 хвілін пасля затрымання журналістку адпусцілі, і яна пайшла да будоўлі завода.

Але непадалёку ад пасёлка Маладзёжны Алену Якжык дагнаў на машыне той самы мужчына ў штацкім. Ён паведаміў, паводле слоў Алены, што яна не мае права збіраць матэрыялы для рэпартажу, паколькі па яго звестках дзейнасць газеты прыпынена да 1 ліпеня. А таксама заявіў, што наогул спачатку неабходна было атрымаць дазвол рабіць рэпартаж у ідэалагічным аддзеле Шклоўскай раённай адміністрацыі.

На патрабаванне назваць сябе мужчына адказаў: “Лічыце мяне супрацоўнікам агульнага аддзела Шклоўскага гарвыканкама”.

“Я адказала, што як сябра БАЖ магу рабіць журналісцкія матэрыялы нават у якасці незалежнага журналіста і, спаслаўшыся на беларускае заканадаўства, адмовілася выконваць яго патрабаванне, – распавядае А. Якжык. – Я развярнулася і пайшла выконваць сваё заданне”.

Каля 14 гадзін дня, калі Алена Якжык, зрабіўшы неабходныя інтэрв’ю, ўжо накіроўвалася на аўтавакзал да яе падышоў участковы міліцыянт і запатрабаваў паказаць фотаздымкі на камеры. Міліцыянт патлумачыў, што яму прыйшла разнарадка, быццам бы журналістка парушыла закон – здымала ахоўваемы дзяржавай аб’ект. Праверыўшы фотаздымкі, участковы пацікавіўся таксама, калі і ў колькі Алена збіраецца ад’язджаць са Шклова.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства