Брэст: жыхары мікрараёна Рэчыца скардзяцца ў албвыканкам на мясцовых чыноўнікаў
Ініцыятары скаргі просяць забавязаць гарадскія ўлады і прадпрыемствы Брэсцкай жыллёва-камунальнай гаспадаркі выканаць працы па комплексным добраўпарадкаванні вуліцы Рэчыцкай.
Раней пры падтрымцы актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” жыхары гэтай вуліцы ўжо накіроўвалі ў гарвыканкам калектыўны зварот з нагоды вельмі дрэннага стану тратуараў, адсутнасці вадаправода і каналізацыі. У сувязі гэтым зваротам гарадскія ўлады склікалі сход з удзелам жыхарамі вуліцы, якая дала назву мікрараёну Рэчыца. Падчас сходу прадстаўнікі прадпрыемстваў “Брэстводаканал” і Брэсцкай гарадской ЖКГ уважліва выслухалі прэтэнзіі людзей, аднак ніякіх вынікаў гэта не дало.
Як адзначыў актывіст кампаніі “Гавары праўду!” Ігар Маслоўскі, з адказу, які падпісаны намеснікам старшыні Брэсцкага гарвыканкама Мікалаем Бясько вынікае, што працы па прывядзенню ў парадак згаданай вуліцы з-за недастатковага фінансавання ў бліжэйшыя гады не плануюцца. Акрамя таго, у гэтым паведамленні было патлумачана, што ў Брэсце выкарыстоўваецца практыка, калі да працы па добраўпарадкаванню прыцягваюцца самі жыхары горада. “Для ажыццяўлення рамонтна-будаўнічых работ нам, аказваецца, неабходна стварыць ініцыятыўную групу для складання тэхнічных умоў, вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі, правядзення дзяржаўнай пазаведамаснай экспертызы і толькі пасля гэтага жыхароў абяцаюць паставіць у чаргу для выканання будаўніча-мантажных работ,” – пракаментаваў ліст з гарвыканкама Ігар Маслоўскі.
Паводле словаў актывіста, гарадскія ўлады па сутнасці калектыўны зварот не разгледзелі, пераклаўшы абавязкі па добраўпарадкаванні вуліцы Рэчыцкай на яе жыхароў. Больш таго, з гэтага адказу вынікае, што праектна-каштарысная дакументацыя па аб'екце “капітальны рамонт вуліцы Рэчыцкай ў г.Брэсце” ужо існуе і была выраблена яшчэ ў 2008 годзе, але ніякія працы дагэтуль не вядуцца. “У цяперашні час адбываецца толькі рамонт дарожнага пакрыцця на згаданай вуліцы, і жыхары Рэчыцы настойваюць, каб былі здзейсненыя комплексныя работы па добраўпарадкаванню (з правядзеннем вадаправода, будаўніцтва каналізацыі, тратуара і замены асфальтабетоннага палатна). Паколькі гарадскія ўлады такія прапановы ігнаруюць, людзі спрабуць вырашыць гэтае пытанне, накіраваўшы скаргу ў аблвыканкам”, -патлумачыў Ігар Маслоўскі.