Маладафронтаўцы патрабавалі ў Баранавічах спыніць пераслед Яраслава Грышчэні
Актывісты Маладога Фронту пабывалі ў баранавіцкай пракуратуы, КДБ і міліцыі. Яны патрабавалі спыніць крымінальны перасьлед Яраслава Грышчэні. Сам Яраслаў увесь гэты час быў у КДБ на допыце, паведамляе прэс-служба "Маладога фронту".
Да гэтага хлопца ўжо некалькі разоў выклікалі на допыты ў пракуратуру і КДБ. Учора пад час наведваньня Баранавічаў маладафронтаўцы не маглі зьвязацца з Яраславам, у таго не адказваў мабільны тэлефон. Толькі калі дэлегацыя вярталася ў Менск, Грышчэня патэлефанаваў сваім сябрам і паведаміў, што яго ад ранку трымалі на допыце ў КДБ.
Маладафронтаўцы аналягічную акцыю салідарнасьці ладзілі ў Салігорску. Яны заплянавалі таксама паездкі ў Нясьвіж, Горадню і Магілёў.
Маладафронтавец Барыс Гарэцкі : "Гэта недапушчальна, што камітэтчыкі дазваляюць сабе рабіць такі бепрэдзел. Гэта парушэньне закону, за якое кожны з іх будзе строга асуджаны."
Гаворыць Павал Севярынец: "Няхай ведае кожны, хто ўздыме руку на беларускую моладзь, што ім прыдзецца несьці адказнасьць не толькі перад чалавечым, але Божым судом, дзе будзе узгадана абсалютна ўсё. А мы на зямлі будзем усяго толькі гэтаму спрыяць. Калі КДБ будзе весьці сябе такім нахабным чынам, то нам прыйдзецца аб'ехаць такім чынам УСЕ рэгіёны. Калі камітэтчыкі хочуць, каб кожны тыдзень да іх прыязджалі маладафронтаўцы з журналістамі і праваабаронцамі, то мы ім гэта арганізуем!".