viasna on patreon

Міліцыя бездапаможная ў адносінах інтэрнэт-паклёпнікаў?

2014 2014-05-11T12:55:23+0300 2014-05-11T12:55:23+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/internet.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На інтэрнэт-сайце пачалі з’яўляцца новыя матэрыялы паклёпніцкага зместу ў адносінах дэмакратычных актывістаў Магілёўскай вобласці.

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч напрыканцы красавіка накіраваў пісьмовую скаргу на імя начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, у якой звяртаўся з просьбай дапамагчы хоцімскім міліцыянерам знайсці інтэрнэт-паклёпнікаў.

У скарзе, у прыватнасці, актывіст прасіў начальніка УУС адмяніць пастанову начальніка Хоцімскага РАУС (ліст №ЕК-506 ад 16.04.2014 г.) аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў сувязі быцам бы з немагчымасцю ўстанаўлення асоб, па яго заяве аб прыцягненні да адказнасці тых, хто ў глабальнай сетцы Інтэрнэт размясціў публікацыі, якія абражаюць і прыніжаюць яго гонар і годнасць.

Таксама спадар Каранкевіч прасіў начальніка міліцыі Магілёўскай вобласці правесці расследванне, высветліць асоб, якія дапусцілі абразы і паклёп на яго адрас, і прыцягнуць іх да адказнасці.

Ужо пасля таго, як скарга Валерыя Каранкевіча была накіравана ў абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, на інтэрнэт-рэсурсе, які даўно вядомы грамадскім актывістам Магілёўшчыны, з’явілася чарговая порцыя матэрыялаў паклёпніцкага зместу ў адносінах шэрагу з іх. Верагодна, тыя людзі, якія рэдагуюць гэты інтэрнэт-сайт, чамусьці ўпэўнены ў сваёй беспакаранасці.

Па словах Валерыя Каранкевіча, пакуль ніхто з супрацоўнікаў УУС Магілёўскага аблвыканкама не звязваўся з ім наконт разгляду яго скаргі і не праводзіў ніякага апытання.

Нагадаем, Валерый Каранкевіч 7 красавіка падаў заяву аб здзяйсненні правапарушэння ў Хоцімскі РАУС.

У заяве на імя начальніка Хоцімскага РАУС Аляксандра Талкачова Валерый Каранкевіч прасіў супрацоўнікаў міліцыі правесці расследванне, выявіць асоб, якія здзейснілі абразу і паклёп на яго адрас, і прыцягнуць іх да адказнасці па закону.

Падставай для напісання заявы ў Хоцімскі РАУС паслужылі змешчаныя ў перыяд перадвыбарчай кампаніі і раней на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com матэрыялы паклёпніцкага і ганьбячага зместу ў адносінах Валерыя Каранкевіча, зневажаючыя яго гонар і годнасць.

18 красавіка спадар Каранкевіч атрымаў адказ з Хоцімскага РАУС, у якім паведамлялася, што па выніках праверкі “У адпаведнасці з п. 2, ч.1, арт.1026 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь у адносінах да неўстаноўленых асоб вынесена пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні з-за не ўстанаўлення дадзеных асоб. Пры ўстанаўленні асоб, якія здзейснілі правапарушэнне, правапарушальнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці”.

Валерый Каранкевіч не пагадзіўся з вынікамі працы хоцімскіх міліцыянераў і абскардзіў пастанову ў вышэйстаячай інстанцыі. На думку актывіста, спыненне справы аб адміністрацыйным правапарушэнні абумоўлена тым, што ў Хоцімскім РАУС адсутнічае спецыяльнае высокатэхналагічнае абсталяванне і адпаведныя спецыялісты.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель выказвае меркаванне, што,калі супрацоўнікі Хоцімскага РАУС не маглі даць рады ў розшуку інтэрнэт-паклёпнікаў, то яны павінны былі самі перанакіраваць заяву Валерыя Каранкевіча ў адмысловы аддзел Магілёўскага УУС, які займаецца злачынствамі ў гэтай галіне, а не прымаць пастанову аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Нагадаем, што напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы на пэўных інтэрнэт-рэсурсах Магілёўскай вобласці рэгулярна пачалі з’яўляцца публікацыі паклёпніцкага зместу пра дэмакратычных актывістаў і незалежных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў Магілёўскай вобласці. На электронныя адрасы некаторых мясцовых журналістаў хтосьці пастянна дасылаў лісты са спасылкамі на такія матэрыялы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства