Рэчыца: штраф за актывіста спагналі з малалетняй дачкі
Рэчыцкае аддзяленьне “Беларусбанка” №323 патаемна сьпісала 539 тысяч рублёў з рахунку 11-гадовай Ліды Шабетнік. Дапамогу ад дзяржавы дзяўчынка атрымлівала з прычыны страты маці, паведамляе Радыё Свабода.
Бацька 11-гадовай дзяўчынкі, старшыня абласной арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Алег Шабетнік, распавёў, што ў банку яму ніхто ня мог патлумачыць, на якой падставе зьняты грошы з рахунку дачкі. Паведамілі толькі, што грошы пайшлі на шраф.
У лютым Алег Шабетнік быў завочна пакараны судом Цэнтральнага раёну Гомеля штрафам на суму 1 мільён 550 тысяч рублёў ( 720 даляраў ЗША) за перавоз праз украінска-беларускую мяжу матэрыялаў устаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый і пяці асобнікаў брашуры “Аб кульце асобы Лукашэнкі”.
Мытнікі, а за імі й суд зрабілі выснову, што “інфармацыя, якая ўтрымліваецца ў канфіскаваных друкаваных выданьнях у Шабетніка А.В., можа нанесьці шкоду палітычным інтарэсам і дзяржаўнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца забароненай да перамяшчэньня праз мытную мяжу Рэспублікі Беларусь ”.
Актывіст не адмаўляўся сплачваць штраф. Пачынаючы з сакавіка, пералічваў на ўказаны судом рахунак па 200 тысяч рублёў. Болей не дазваляюць фінансавыя магчымасьці. І хаця беларускае заканадаўства забараняе ўтрымліваць з даўжнікоў “дзяржаўныя выплаты сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, выканаўцы, відаць, вырашылі паскорыць спагнаньне штрафу з партыйнага актывіста за кошт непаўнагадовай дачкі.