Гомельскага маладафронтаўца Андруся Цянюту арыштавалі на 10 сутак
6 траўня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля разгледзілі адміністрацыйную справу сустаршыні «Маладога Фронту» Андруся Цянюты. Актывіста затрымалі позна ўвечары 4 траўня на падыходзе да дома. Міліцыянты склалі на яго два адміністрацыйныя пратаколы: за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
У судзе сведкамі выступілі тры міліцыянты, якія заявілі, што падчас патрулявання заўважылі на вуліцы актывіста, які гучна лаяўся, таму і затрымалі яго. Міліцыянты давалі сведчанні стандартнымі фразамі, пры гэтым іншых сведкаў, простых мінакоў, не апытвалі.
Цянюта на судзе адзначыў, што ў той вечар вяртаўся дадому ад сяброўкі, паводзіў сябе спакойна і ніякім чынам не лаяўся, бо матаў у беларускай мове проста няма. Актывіст упэўнены, што ягонае затрыманне звязана з хуткім пачаткам чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, яго і іншых актывістаў улады вырашылі ізаляваць перад гэтай падзеяй.
Суддзя Анатоль Сотнікаў прызнаў Цянюту вінаватым і пакараў 10 суткамі арышту: трое сутак за «хуліганства» і сем сутак - за «непадпарадкаванне».
Андрусь Цянюта ўпэўнены, што калі б не дапамога адваката, яго б маглі пасадзіць на больш працяглы тэрмін.