viasna on patreon

У Гомельскай вобласьці распаўсюджваюцца ўлёткі аб выяўленьні масавых пахаваньняў

2007 2007-06-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомельскай вобласьці распаўсюджваюцца ўлёткі зь інфармацыяй аб тым, што непадалёк ад Гомеля выяўленыя масавыя пахаваньні расстраляных людзей, паведамляе Асамблея НДА.

Грамадзкія актывісты Канстанцін Жукоўскі зь вёскі Яланы Сьветлагорскага раёну і Андрэй Мельнікаў з Гомеля, якія пабывалі на месцы раскопак, сфатаграфавалі і зьнялі на відэа мноства гільзаў, меркавальна – ад савецкай зброі. На меркаваньне шэрагу прадстаўнікоў грамадзкасьці, гэта могуць быць пахаваньні людзей, расстраляных савецкімі ўладамі ў час таталітарных рэпрэсіяў.

На мінулым тыдні на тэрыторыі Прыбыткаўскага сельскага савету, што ў Гомельскім раёне, ваенаслужачыя 52-га спэцыялізаванага пошукавага батальёну Ўзброеных Сіл Рэспублікі Беларусь вялі раскопкі на месцы масавага пахавання расстраляных людзей. Як паведамілі вайскоўцы прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі, зьвесткі аб масавым пахаваньні паступілі ад мясцовых жыхароў. Камандзір падраздзяленьня Дзмітрый Бахановіч патлумачыў для прэсы, што сярод знаходак няма куль, гільзаў ці патронаў, а таксама прадметаў, якія б сьведчылі аб прыналежнасьці расстраляных да ваенных ці мірных жыхароў; аднак ён не сумняваецца, што пахаваныя былі расстраляныя. Паводле словаў Д. Бахановіча, па выніках судова-мэдыцынскай экспэртызы пракуратура Гомельскага раёну будзе прымаць рашэньне аб узбуджэньні ці адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.

Па словах А. Мельнікава, яшчэ ў 1990-х гг. уздымалася пытаньне аб тым, што ў гэтых месцах вяліся масавыя расстрэлы, але афіцыйныя крыніцы на гэта сьцьвярджалі, што там пахаваныя крымінальныя злачынцы. А. Мельнікаў лічыць, што пахаваньні каля Гомеля падобныя на пахаваньні ахвяраў таталітарных рэпрэсіяў у Курапатах каля Менску. Ініцыятары распаўсюду ўлётак занепакоены тым, што і ў цяперашні час улады могуць схаваць праўду ці сьпісаць расстрэлы на нацысцкіх акупантаў. Распаўсюд улётак вядзецца з мэтаю прыцягнуць грамадзкую ўвагу да выяўленых фактаў масавых пахаваньняў і прадухіліць спробы схаваць праўду аб расстрэлах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства