Юрась Алейнік судзіцца з Акадэміяй кіраваньня
16 траўня студэнт 4 га курса Акадэміі кіраваньня быў адлічаны за пропускі. 4 чэрвеня ён падаў скаргу у суд Кастрычніцкага суду супраць неабгрунтаванага адлічэньня з вучобы.
Бараніць інтарэсы Юрася будзе праваабаронца Алег Гулак. На яго думку, у выпадку з Ю.Алейнікам мае месца відавочная дыскрымінацыя па грамадзянскіх і палітычных поглядах. «Юрась мае пропускі і гэта сапраўды парушэньне ўнутранага парадку акадэміі, аднак трэба зьвярнуць увагу на тое, што разам зь ім адлічылі значна менш пасьпяховых студэнтаў і за істотна большую колькасьць пропускаў» — кажа праваабаронца. Ён мяркуе, што нават у выпадку, калі суд палічыць дзеяньні кіраўніцтва Акадэміі абгрунтаванымі, гэта ўсё адно паслужыць добрым урокам і студэнтам, і кіраўнікам ВНУ: «Такіх прэцэндэнтаў шмат, але да суду даходзяць адзінкі, што вельмі разьнявольвае кіраўнікоў унівэрсытэтаў у дачыненьні да «няправільных» студэнтаў».
Акрамя звароту ў суд, Юрась накіраваў скаргу ў вайсковую пракуратуру — хлопца ў яго адсутнасьць зьнялі з вайсковага ўліку ў Менску. Ён расцэньвае гэта як спробу ізаляваць яго ў войску, ня даўшы магчымасьці бараніцца ў судзе. Мае Юрась і некалькі варыянтаў на выпадак, калі давядзецца давучвацца ў іншым месцы. Яму прапаноўвалі месца ў Вільні, Кіеве, Варшаве і ў Маскве, дзе давучваецца яго старэйшы брат, паведамляе "Наша ніва".