viasna on patreon

Асацыяцыя клюбаў ЮНЭСКА запрашае валянцёраў у летнік “Сядзіба”

2007 2007-06-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская асацыяцыя клюбаў ЮНЭСКА” абвесьціла пра фармаваньне групы ўдзельнікаў для валянтэрскага летніку “Сядзіба”. Дабраахвотнікі будуць працаваць на аднаўленьні старадаўняй сядзібы ў пасёлку Сьмілавічы, што ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласьці. У праграме летніку плянуюцца таксама навучальныя трэнінгі, фота-пленэр, экскурсіі і іншыя культурныя мерапрыемствы.

У Сьмілавічах разьмяшчаецца сядзіба Ваньковічаў, якая вядомая з XVI ст. Тут жылі славутыя людзі - Агінскія, Манюшкі, Ваньковічы. Цяперашні палацавы комплекс быў закладзены ў ХІХ ст. У гэтым мястэчку нарадзіўся Хаім Суцін - мастак, чыі творы выстаўленыя ў лепшых музэях Францыі.

“На жаль, на гэты момант будынак палаца знаходзіцца ў аварыйным паўразбураным стане і патрабуе тэрміновага ўмяшальніцтва спэцыялістаў, а пра вядомага зямляка наўрад ці хто чуў нават зь мясцовых жыхароў,” – адзначаецца ў інфармацыі арганізатараў летніку. Валянтэры будуць займацца ачысткай парку і высечкай хмызьняку, добраўпарадкаваньнем старых габрэйскіх могілак, ачысткай берага ракі Волма, археалягічнымі працамі і падрыхтоўкай памяшканьняў для экспазыцыі рэпрадукцыяў карцін Х. Суціна на тэрыторыі палаца.

У летніку, які пройдзе 9 – 23 ліпеня пры фінансавай падтрымцы Амбасады Францыі ў Беларусі, запрашаецца ўзяць удзел моладзь зь Беларусі, Італіі і Францыі, працоўнымі мовамі арганізатары абралі ангельскую й расейскую. Прыярытэт пры конкурсным адборы будуць мець сябры клюбаў ЮНЭСКА. Усім зацікаўленым ва ўзросьце 18 – 26 гадоў Асацыяцыя клюбаў ЮНЭСКА прапануе наведаць сайт www.belau.info і скіраваць сваю заяўку да 1 ліпеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства