Распачынаецца другі набор на праграму імя Кастуся Каліноўскага
У новым навучальным годзе Камітэт абароны рэпрэсаваных “Саліданасць” Руху "За Свабоду" працягне дапамагаць беларускім студэнтам, якія пацярпелі за сваю грамадска-палітычную актыўнасць у выніку пераследу ўладаў. Звыш 100 чалавек змогуць распачаць навучанне ў розных ВНУ Еўропы, дзякуючы падтрымцы ўрадаў Польшчы, Чэхіі, Летувы, Аўстрыі й іншых краінаў.
Дзякуючы дзейнасці Камітэту абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” Руху "За Свабоду", у мінулым годзе больш за 300 студэнтаў з Беларусі змаглі працягнуць сваё навучанне за мяжою. Гэты былі пераважна тыя студэнты, якія ўзялі ўдзел у пратэсце падчас прэзідэнцкіх выбараў у намётавым мястэчку на Кастрычніцкай плошчы.
Нягледзячы на тое, што сёлета не назіралася спектакулярных адлічэнняў студэнтаў, ня ўсе жадаючыя атрымаць адукацыю на Бацькаўшчыне змогуць гэта зрабіць.
Паводле словаў Алы Кароль з камітэту “Салідарнасць”, ужо неўзабаве мае распачацца другі набор студэнтаў на праграму падтрымкі беларускіх рэпрэсаваных польскім урадам – праграму імя Кастуся Каліноўскага.
А. Кароль: Ёсць такая дамоўленасць, і праграма адбудзецца і ў гэтым навучальным годзе. Вельмі шмат людзей выказваюць жаданне навучацца па гэтай праграме. Неўзабаве пройдуць Рады камітэту, на якіх будуць прыймацца рашэнні па кожнаму чалавеку. Думаю, што іх будзе каля сотні. Спіс краінаў будзе той самы: Польшча, Летува, Украіна, Нямеччына, Чэхія, нядаўна далучылася Аўстрыя. Большасць новых удзельнікаў – гэта тыя, якія былі выключаныя, а астатнія з ліку тых, хто быў выключаны раней і ня можа аднавіцца альбо ізноў паступіць. Некаторыя былі пастаўленыя па месцы жыхарства на ўлік па справах непаўнагадовых. Ім адразу сказалі, што з вашай рэкамэндацыяй вы нікуды не паступіце.
Адлічаныя сёлета студэнты не звяртваюцца ў суды, каб адстаяць свае правы, бо ня маюць надзеі на поспех працэсу. Праваабаронца Тацяна Гацура з Беларускага Хельсінскага камітэту гаворыць, што ў БХК звярнуўся толькі адзін адлічаны студэнт.
Т. Гацура: На дадзены момант мы маем толькі адну справу па адлічэнні студэнта з Акадэміі кіравання. У БХК з такімі праблемамі больш ніхто апошнім часам не звяртаўся. Я б не сказала, што ў гэтым годзе назіраліся нейкія масавыя рэпрэсіі.
Дырэктар праграмы Каліноўскага Ян Маліцкі гаворыць, што, нягледзячы на пэўныя цяжкасці і прыкрыя выпадкі падчас рэалізацыі праграмы, агулам яе вынік ацэньваецца пазытыўна.
Я. Маліцкі: 2 ліпеня ў Варшаўскім унівэрсытэце будуць абвешчаныя новыя правілы прыёму. У гэтым годзе яны больш жорсткія. Няма ніякіх квотаў ці месцаў, ёсць умовы, галоўная ь якіх – студэнт павінен быць адлічаны са сваёй ВНУ. У мінулым годзе мы мелі некалькі непрыемных прыкладаў функцыянавання праграмы, але я, як яе дырэктар, ніколі не спадзяваўся, што будзе лёгка. Зрэшты, цяпер рана казаць пра ацэнку ўсёй праграмы, бо студэнты яшчэ вучацца, сэсія толькі пачынаецца. Нягледзячы аднак на ўсё, я лічу стварэнне гэтай праграмы вялікім поспехам. Гэта найбуйнейшая праграма дапамогі беларускім студэнтам ва ўсёй Еўропе. Гэта вялікі поспех.
За апошні год у Камітэт абароны рэпрэсаваных па дапамогу звярнуліся больш за тысячу чалавек. У асноўным гэта былі маладыя людзі ў веку 19-25 гадоў, якія былі адлічаныя з ВНУ. Сродкі былі выдаткаваны на абследаванне ў шпіталі і санаторнае лячэнне, на часовае ўтрыманне кватэры пры страце месца ў інтэрнаце, аплату навучання пры вымушаным пераводзе на платную форму навучання, працу з юрыстамі, на транспартныя паслугі, уладкаванне на працу, а таксама на іншыя патрэбы.
Крыніца: прэсавая служба Аляксандра Мілінкевіча.