viasna on patreon

Зьміцер Дашкевіч сустрэўся са сваім адвакатам

2007 2007-06-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адміністрацыя Шклоўскай калоніі нарэшце дала дазвол на сустрэчу лідэра “Маладога фронту” Зьміцера Дашкевіча з адвакатам Аляксандрам Галіевым.

Як стала вядома ПЦ “Вясна”, сустрэча адбылася 1 чэрвеня ў прысутнасьці двух прадстаўнікоў адміністрацыі калоніі. Нагадаем, што раней адвакату некалькі разоў было адмоўлена ў наведваньні зьняволенага актывіста.

Зараз Дашкевіча перавялі на больш лёгкую працу – ён грузіць дошкі. На гэты час на лідэра “Маладога фронту” накладзена 5 спагнаньняў, якія, па словах работнікаў калоніі, могуць быць тэарэтычна зьняты ў любы час. Дарэчы, 15 чэрвеня спаўняецца палова тэрміну зняволеньня Дашкевіча, пасьля чаго ў дачыненьні да яго можа быць выкарыстана умоўна - датэрміновае вызваленьне.

Даведаўшыся праз адваката пра прысуд актывістам “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч прызнаўся: “Калі б прысуд “маладафронтаўцам” быў больш жорсткім, я быў бы вымушаны абвясьціць галадоўку”. Да таго ж, ён цьвёрда прытрымліваецца думкі, што ўсе палітзняволеныя ў Беларусі павінны быць неадкладна вызваленыя.

Дарэчы, у апошні час Зьміцер Дашкевіч атрымаў каля сотні папяровых жураўлікаў. Гэтую акцыю, скіраваную на падтрымку моладзевага актывіста, праводзіць міжнародная арганізацыя “Аmnesty International”. Цікава, што ўсе жураўлікі трапілі да Дашкевіча ў разгорнутым выглядзе – такое патрабаваньне цэнзуры. Акрамя таго, Зьміцеру Дашкевічу дазволілі перадаць аналітычны агляд “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе”, які нядаўна выйшаў з друку.

Нагадаем, што Зьміцер Дашкевіч пакараны на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Лідэр 'Маладога фронту' знаходзіцца за кратамі болей за дзесяць месяцаў. Ягонага вызваленьня патрабуюць міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі, а “Аmnesty International” прызнала Зьміцера Дашкевіча вязьнем сумленьня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства