viasna on patreon

У Бялыніцкім раёне звесткі пра судзімасці кандыдатаў абяцаюць надрукаваць у інфармацыйных матэрыялах

2014 2014-03-08T22:10:41+0300 2014-03-08T22:10:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/deputatckae_kresla.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Незалежны журналіст з Бялыніцкага раёна Барыс Вырвіч змог атрымаць тлумачэнні ад старшыні Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі Ірыны Фурсавай, чаму ж у газеце “Зара над Друццю” у апублікаваных звестках пра кандыдатаў у дэпутаты Бялыніцкага райсавета не была ўказана інфармацыя пра маючыеся ў кандыдатаў судзімасці.

Старшыня Бялыніцкай раённай выбарчай камісіі, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Ірына Фурсава паведаміла журналісту, што, не размясціўшы інфармацыю пра судзімасці кандыдатаў у раённай газеце, раённая выбарчая камісія дзейнічала строга ў рамках беларускага заканадаўства, бо размясціла інфармацыю пра судзімасці ў дадзеных кандыдатаў у дэпутаты, змешчаных на інтэрнэт-сайце Бялыніцкага райвыканкама. У артыкуле ж 68 Выбарчага Кодэкса РБ гаворыцца, што звесткі пра кандыдата ў дэпутаты выбарчая камісія можа не толькі накіроўваць у друк, а і інфармаваць выбаршчыкаў іншым спосабам, што і зрабіла Бялыніцкая раённая выбарчая камісія.

Таксама Ірына Уладзіміраўна паабяцала незалежнаму журналісту, што дадзеныя пра маючыеся ў кандыдатаў у дэпутаты райсавета судзімасці будуць апублікаваны ў інфармацыйных матэрыялах пра кандыдатаў, якія рыхтуюцца да выбараў.

“Зразумела, што наша слаўная раённая выбарчая камісія проста даводзіць інфармацыю пра маючыеся ў кандыдатаў у дэпутаты судзімасці такім спосабам, каб пра іх даведалася як мага менш выбаршчыкаў, пры гэтым не парушаючы літары закона, - выказвае меркаванне Барыс Вырвіч. – У іншым выпадку самы просты варыянт – апублікаваць дадзеныя ў раённай газеце “Зара над Друццю”, наклад якой складае 4200 асобнікаў, і якую могуць прачытаць большасць выбаршчыкаў Бялыніцкага раёна. На райвыканкамаўскі ж сайт, тым больш у раздзел “Выбары”, заходзяць лічаныя людзі. Інфармацыйныя матэрыялы пра кандыдатаў таксама прачытае не так шмат людзей. Навошта выбаршчыкаў бударажыць, людзі ў Бялыніцкім раёне і так шырока абмяркоўваюць апублікаваную ў газеце інфармацыю пра прыбыткі кандыдатаў-начальнікаў, навошта ім яшчэ і пра судзімасці нагадваць”.

Нагадаем, што бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч раней паспрабаваў высветліць у раённай выбарчай камісіі, чаму выбарчая камісія не надрукавала дадзеныя пра судзімасці кандыдатаў у дэпутаты ў раённай газеце “Зара над Друццю”, аднак тады нейкага зразумела адказу яму ў камісіі даць так і не змаглі.

У надрукаваных звестках пра кандыдатаў газета “Зара над Друццю” не ўказала на маючыяся судовыя пакаранні ў намесніка дырэктара ААТ “Новая Друць” Уладзіміра Канавалава, прадаўца магазіна “Каравай” Ганны Арахоўскай і ў лесніка Цяхцінскага лясніцтва Анатолія Ціхановіча.

Дарэчы, кандыдат у дэпутаты Бялыніцкага райсавета Уладзімір Канавалаў з’яўляецца шырока вядомай ў Магілёўскай вобласці асобай. Ён шмат гадоў працаваў на розных кіруючых пасадах, у тым ліку даволі працяглы час узначальваў Клімавіцкі райвыканкам. У 2005 годзе Уладзімір Канавалаў быў асуджаны Гомельскім абласным судом да 4 гадоў пазбаўлення волі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

Па некаторай інфармацыі, зараз Уладзімір Вінідзіктавіч рыхтуецца заняць яшчэ адну значную кіруючую пасаду…

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства