Магчымасці падпісання і ратыфікацыі Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў абмеркаваныя на вышэйшым узроўні
Гэтыя пытанні падымаліся на семінары «Сістэма сацыяльнай абароны інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы развіцця. Канвенцыя Арганізацыі Аб'яднаных Нацый аб правах інвалідаў», арганізатарамі якога сталі Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, а таксама Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб'яднаных Нацый ў Рэспубліцы Беларусь.
На сённяшні момант 158 краін падпісалі Канвенцыю ААН аб правах інвалідаў, яшчэ 141 дзяржава ратыфікавала яе, а Беларусь пакуль застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая да гэтага часу не падпісала і не ратыфікавала гэты міжнародны дакумент. У цэлым Генеральная Асамблея ААН прыняла Канвенцыю аб правах інвалідаў у 2006 годзе, мэта дакумента заключаецца ў заахвочванні, абароне і забеспячэнні поўнага і роўнага ажыццяўлення людзьмі з інваліднасцю ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод, а таксама ў заахвочванні павагі якая ўласціва ім вартасці.
Па словах каардынатара сістэмы ААН у Беларусі Санака Самарасінха, яшчэ год таму наша краіна не была гатовая да такога кроку, як падпісанне і ратыфікацыя канвенцыі, аднак цяпер прыкметныя станоўчыя зрухі.
- Беларусь сур'ёзна падышла да гэтага пытання, каб у далейшым імплементаваць ўсе палажэнні Канвенцыі. Спадзяюся, што да канца 2014 года Канвенцыя будзе падпісана і ратыфікавана , - выказаўся ён.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі жыве больш за 500 тысяч людзей з інваліднасцю. Таму, звяртае ўвагу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Мікалай Казаровец, сацабарона гэтай ўразлівай катэгорыі насельніцтва з'яўляецца адным з прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Пры гэтым ён падкрэслівае, што пэўныя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены, напрыклад, у апошні час актыўна абмяркоўваецца пытанне аб зняцці працоўных рэкамендацый для асоб з інваліднасцю.
У Беларусі таксама праведзены параўнальна-прававы аналіз заканадаўства Беларусі і палажэнняў Канвенцыі, у выніку якога адзначана, што беларускае заканадаўства не супярэчыць аб'екту і мэты Канвенцыі, а нарматыўна-прававыя акты, якія датычацца людзей з інваліднасцю, адпавядаюць асноўным прынцыпам і нормам гэтага дакумента. Менавіта таму і прадстаўнікі дзяржавы адзначаюць, што падпісанне і ратыфікацыя міжнароднага дакумента магчымы да канца бягучага года.
Як адзначае каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, улады не першы год кажуць аб намерах падпісаць Канвенцыю аб правах інвалідаў.
- Мы як грамадская арганізацыя ў сваёй дзейнасці абапіраемся на прынцыпы, якія дэкларуе Канвенцыя. Вельмі важна любы новы дакумент, які прымаецца на дзяржаўным узроўні ў нашай краіне, праламляць праз прызму аанаўскай Канвенцыі , старацца імплементаваць палажэнні гэтага дакумента, - адзначыў ён.
Па наяўнай інфармацыі, з 2011 года Міністэрства працы і сацыяльнай абароны разам з зацікаўленымі органамі дзяржкіравання праводзіць работу па падрыхтоўцы праекта закона аб далучэнні Беларусі да Канвенцыі аб правах інвалідаў, у тым ліку па падрыхтоўцы праекта заканадаўчых актаў, якія будуць зьмяняцца, дапаўняцца або будуць прызнаныя страціўшымі сілу ў сувязі з прыняццем гэтага закона.
Офіс па правах людзей х інваліднасцю.