Бастунец: Падчас выбараў націск на незалежныя СМІ ўзрастае
Беларусь застаецца краінай з адным з найбольш рэпрэсіўных медыяландшафтаў у Еўропе, гаворыцца ў новым дакладзе праваабарончай арганізацыі «Індэкс цэнзуры» аб свабодзе СМІ ў Беларусі, які 6 лютага быў прэзентаваны ў Мінску.
Намеснік старшыні РГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ) Андрэй Бастунец адзначыў, што за тры гады ў Беларусі зафіксавана 105 адмоў у рэгістрацыі друкаваных выданняў.
На пытанне, ці ёсць апошнімі гадамі паляпшэнні ва ўмовах дзейнасці СМІ, Бастунец адказаў: «Усё залежыць ад таго, з чым параўноўваць. Бо калі будзем параўноўваць з 2011 годам, дык, зразумела, сітуацыя зараз вельмі адрозніваецца, і ў станоўчы бок. Тады было зафіксавана больш за сотню затрыманняў журналістаў, былі крымінальныя пераследы, спробы закрыць выданні.
Зараз мы бачым, што сітуацыя знаходзіцца на нізкім, дрэнным узроўні, але, ва ўсялякім разе, абыходзіцца без брутальнага націску на медыя і журналістаў, які быў пасля прэзідэнцкіх выбараў».
Паводле слоў Бастунца, у 2012 годзе БАЖ налічыла 60 затрыманняў журналістаў падчас іх дзейнасці, у 2013-м — 45. Апошнія два гады незалежныя выданні пад пагрозу закрыцця не траплялі, тады як у 2011 годзе спыніўся выхад «Аўтарадыё» і пад пагрозай закрыцця былі газеты «Народная воля» і «Наша ніва».
«Зразумела, што мы з напружаннем чакаем выбараў, бо падчас кожных сур'ёзных электаральных кампаній націск на незалежныя медыя ў краіне ўзрастае. У любым выпадку і заканадаўчыя ўмовы дзейнасці журналістаў, і іх становішча ў краіне не здавальняльныя», — падсумаваў намеснік старшыні БАЖ.