viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2013 года

2014 2014-01-08T12:29:34+0300 2014-01-08T12:29:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апошні месяц 2013 года не прынёс зменаў у агульнай сітуацыі з правамі чалавека – яна заставалася стабільна кепскай. Адбывалася далейшая кансервацыя негатыўных тэндэнцый, якія фарміраваліся і замацоўваліся на працягу года: адсутнасць палітычнай волі беларускіх уладаў у вырашэнні праблемы палітычных зняволеных, моцныя абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, свабоды сходаў і іншых грамадзянска-палітычных правоў, ігнараванне заклікаў да адмены ці ўвядзення мараторыю на смяротнае пакаранне, вынясенне смяротнага прысуду і прызнанне прыхаванай інфармацыі пра вынесены ў лістападзе яшчэ адзін смяротны прысуд.

 

У снежні беларускія ўлады прадэманстравалі, што не намераны адмаўляцца ад рэпрэсіўных захадаў у адносінах да іншадумцаў і апанентаў. На працягу месяца спіс палітвязняў (Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч, Андрэй Гайдукоў) папоўніўся прозвішчамі Уладзіміра Яроменка і Васіля Парфянкова, і агульная колькасць палітычных закладнікаў дасягнула 11 чалавек. Уладзімір Яроменак і Васіль Парфянкоў асуджаныя па абвінавачанні ў парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду, які быў усталяваны над імі судамі за актыўную грамадскую дзейнасць пасля памілавання ў 2011 годзе, калі яны былі асуджаныя за ўдзел у акцыі пратэсту ў снежні 2010 года. Гэтыя дзве справы даюць падставы сцвярджаць, што беларускія ўлады схільныя прытрымлівацца пэўнай стабільнасці ў пытанні палітвязняў: на працягу года фіксавалася тэндэнцыя захоўвання прыблізна аднолькавай колькасці палітычных зняволеных – вызваленне ў жніўні-кастрычніку трох вязняў было “скампенсавана” з’яўленнем новых двух у снежні. Таксама дадзеныя справы засведчылі, што ўлады не збіраюцца саслабіць кантроль над былымі палітычнымі зняволенымі, выкарыстоўваючы механізмы абмежавальнага характару, звязаныя з непагашанай судзімасцю, як сродак абмежавання іх актыўнасці і запалохвання (прэвентыўны нагляд дзейнічаў над трыма былымі палітвязнямі – Дзмітрыем Дашкевічам, Аляксандрам Францкевічам і Паўлам Вінаградавым; дзеянне прафілактычнага нагляду распаўсюджвалася над яшчэ 28 былымі палітычнымі зняволенымі).

Для снежня было характэрным зніжэнне міжнароднай увагі да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, да праблемы палітвязняў. Назіралася фактычная адсутнасць публічных выказванняў з боку ЕС і ЗША па гэтай праблеме як умовы наладжвання паўнавартаснага палітычныга дыялогу і супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам. Так, не агучвалася ніякай інфармацыі пра наяўнасць гэтага пытання ў павестцы дня падчас сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўнікамі дыпламатычных ведамстваў ЕС, ЗША і Ватыкану, якая адбылася 17 снежня. Усё, што вядома, гэта што падчас размовы абмеркавана “шырокае кола пытанняў, якія тычацца стану і перспектыў развіцця адносін Рэспублікі Беларусь з дадзенымі краінамі ў двухбаковым і шматбаковым фарматах”. Гэта стала трывожным знакам, паколькі знешнепалітычны фактар у сённяшняй сітуацыі з’яўляецца найбольш эфектыўным і фактычна адзіным інструментам уплыву на афіцыйны Мінск, а адыход ад абмеркавання праблемы палітвязняў можа спрыяць далейшаму замарожванню вырашэння пытання.

 

Важным з’яўлялася ў снежні акцэнтаванне праваабаронцаў як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях на на сацыяльных і эканамічных правах у Беларусі. Сумесны даклад FIDH і ПЦ "Вясна" канстатаваў глыбокі крызіс у сацыяльна-эканамічнай сферы і адлюстраваў паўсядзённыя парушэнні правоў грамадзянаў Беларусі. 29 лістапада Камітэт па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ААН у сваіх заключных заўвагах узняў праблему прымусовай працы і парушэння працоўных правоў, паднятую ў прадстаўленай FIDH і ПЦ "Вясна" ў Камітэт справаздачы. У прыватнасці, Камітэт адназначна запатрабаваў ад Беларусі перагледзець сістэму кароткатэрміновых працоўных кантрактаў, адмяніць прымусовую працу асобаў з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю, якія супраць сваёй сволі ўтрымліваюцца ў так званых “лячэбна-працоўных прафілакторыях”, а таксама "абавязаных асобаў", перагледзеўшы адпаведнае заканадаўства, забяспечыць свабодную дзейнасць прафсаюзаў і распачаць шэраг пазітыўных мер па забеспячэнні рэальнай і эфектыўнай сацыяльнай абароны правоў насельніцтва. 

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

1 снежня палітвязню Эдуарду Лобаву споўнілася 25 гадоў. З 6 па 9 снежня маці і брат мелі з ім доўгатэрміновае спатканне тэрмінам 3 сутак у калоніі № 22 "Воўчыя норы" Івацэвіцкага раёна. Марына Лобава паведаміла, што яе сын адчувае сябе добра. Чатыры апошнія месяцы ён вучыцца на электразваршчыка, пасля выхаду з калоніі плануе атрымаць вышэйшую адукацыю -- паступіць на гістарычны факультэт. Э. Лобаў распавёў, што перад спатканнем быў вельмі заняты, трэба было папрышываць на зімовую вопратку біркі, навесці парадак у рэчах і паперах, бо пачынаюцца пераднавагоднія ператрусы. Магчымая прычына ператрусаў – пошук алкаголю, бо перад Новым годам шмат спатканняў і нехта можа яго пранесці (гэта адбываецца кожны год). Пасля ператрусаў трэба шмат часу, каб усё прыбраць і раскласці па месцах.

 

2 снежня пасля працяглага перапынку Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, атрымала адразу два лісты ад свайго мужа. З гэтых лістоў стала вядома, што ў Мікалая Статкевіча быў праведзены вельмі доўгі, больш за паўтары гадзіны, начны вобыск, у якім прымалі ўдзел вышэйшыя афіцэры магілёўскай турмы, дзе ўтрымліваецца палітвязень. 3 снежня была агучана інфармацыя, што 18 лістапада Мікалаем Статкевічам была накіравана скарга ў Камітэт па правах чалавека ААН, яго інтарэсы ў КПЧ прадстаўляе жонка. Дадзеная скарга з'яўляецца другім зваротам у структуры ААН прадстаўнікамі Мікалая Статкевіча. У лютым 2011 года Кацярына Статкевіч, дачка зняволенага, падала зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях. 19 чэрвеня 2011 г. Працоўная група палічыла, што Беларусь парушыла правы Мікалая Статкевіча і вынесла рашэнне, што пазбаўленне яго волі з'яўляецца адвольным і ўяўляе сабой парушэнне арт. 9 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і арт. 9 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Працоўная Група заклікала ўрад Беларусі прыняць неабходныя меры для выпраўлення сітуацыі, якія павінны былі ўключаць непасрэднае вызваленне Статкевіча і выплату адэкватнай кампенсацыі. У цяперашнім індывідуальным звароце абгрунтоўваецца цэлы шэраг парушаных Беларуссю агульнапрызнаных міжнародных стандартаў пры расследаванні і судовым разглядзе крымінальнай справы, па якой М. Статкевіч быў асуджаны. 12 снежня Марына Адамовіч паведаміла, што з надыходам маразоў у камеры палітзняволенага сапсаваліся батарэі ацяплення, адсутнічае цяпло як у камеры палітыка, так і ў дзвюх суседніх. М. Статкевічу выдалі дадатковую коўдру, але ёю можна скарыстацца толькі ўначы, а ўдзень вельмі пільна сочаць, нават спрабавалі накласці на яго спагнанні за няправільную форму вопраткі. 16 снежня гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы атрымаў ад начальніка магілёўскай турмы А. В. Дзмітрава адказ на сваю скаргу, датычную абмежавання права на ліставанне М. Статкевіча. Ён патрабаваў тлумачэнняў, чаму яго ліст не дайшло да палітвязня. У адказе ўказвалася толькі наступнае: "Парушэнняў супрацоўнікамі турмы № 4 парадку выняцця накіраванага вамі ліста не ўстаноўлена» . Тлумачэнні, якія былі прадпрыняты меры для поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду скаргі, у адказе адсутнічалі. 26 снежня Марына Адамовіч мела кароткатэрміновае спатканне з Мікалаем Статкевічам, падчас якога высветлілася, што ліст палітвязня, які ўтрымліваў інфармацыю пра знікненне з рацыёну зняволеных белага хлеба, не прайшоў турэмную цэнзуру і не быў дасланы адрасату.

 

5 снежня суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Леанід Ярмоленкаў прыгаварыў грамадскага актывіста Васіля Парфянкова за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму з прымяненнем прымусовых мер бяспекі і лячэння да асоб, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм згодна з арт. 107 Крымінальнага кодэксу. Ён быў узяты пад варту ў зале суда і адпраўлены ў следчы ізалятар, да лютага 2014 года ён будзе ўтрымлівацца ў СІЗА №7 Жодзіна. Васіль Парфянкоў у лютым 2011 года быў асуджаны да чатырох гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 293 КК РБ (“удзел у масавых беспарадках”) за ўдзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў, у жніўні таго ж году – памілаваны згодна з указам прэзідэнта. Прэвентыўны нагляд за В. Парфянковым быў усталяваны 5 студзеня 2012 года тэрмінам на 1 год, неўзабаве пасля адбыцця 15-ці суткавага адміністрацыйнага арышту за ўдзел у мірным сходзе 19 снежня -- у гадавіну падзеяў 2010 г., аднак за парушэнні ўмоваў нагляду суд Першамайскага раёна Мінска 29 траўня 2012 года асудзіў яго па артыкуле 421 Крымінальнага кодэксу на 6 месяцаў арышту, які Парфянкоў адбываў у калоніі №6 горада Баранавічы. Пасля вызвалення з калоніі 9 лютага 2013 года прэвентыўны нагляд быў працягнуты яшчэ на паўгады. 12 ліпеня Парфянкову было ізноў прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 421 Крымінальнага кодэксу. Аднак справа да суда тады не дайшла, паколькі з 21 верасня Васіля Парфянкова, паводле рашэння суда Першамайскага р-на г. Мінска, накіравалі ў лячэбна-працоўны прафілакторый у Светлагорску тэрмінам на 1 год для прымусовага лячэння ад алкагалізму. Падчас разгляду справы аб парушэнні правіл прэвентыўнага нагляду 5 снежня Васіль Парфянкоў адмовіўся даваць паказанні ў судзе і не прызнаў сябе вінаватым. Ён патлумачыў, што пільная ўвага да яго з боку праваахоўных органаў – ні што іншае, як чарговая спроба ізаляваць яго за актыўную грамадзкую дзейнасць. Васіль Парфянкоў выказаў намер абскардзіць прысуд суда Першамайскага раёна ў касацыйным парадку ў Мінгарсудзе. Праваабарончы цэнтр “Вясна”і РГА БХК расцанілі асуджэнне Васіля Парфянкова як палітычна матываны пераслед.

 

6 снежня ветэраны вайны ў Афганістане накіравалі скаргу Генпракурору, у якой запатрабавалі агучыць інфармацыю пра стан палітвязня Мікалая Аўтуховіча. Тэкст скаргі даслаў кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву», сустаршыня аргкамітэта Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання ветэранаў вайны ў Афганістане «Абаронцы Айчыны» Алег Волчак. Праваабаронца адзначыў, што ў верасні 2013 года была атрымана інфармацыя, што зняволены гродненскай турмы Мікалай Аўтуховіч у знак пратэсту на незаконныя дзеянні адміністрацыі быў вымушаны пашкодзіць сабе жывот, каб спыніць неабгрунтаваныя дзеянні супрацоўнікаў турмы. На падставе гэтай інфармацыі была пададзена скарга на імя Генпракурора. Заяўляльнікі спадзяваліся, што органы пракуратуры будуць строга прытрымлівацца Закону "Аб пракуратуры" і правядуць пракурорскую праверку, аднак скарга ў парушэнне дзеючага заканадаўства была накіравана ў той орган, на які скардзіліся, а менавіта на імя палкоўніка ўнутранай службы Талочаку. Аўтары звароту падкрэсліваюць, што праверка фактычна не праводзілася, што прымусіла звярнуцца з паўторнай скаргай да органаў нагляду за выкананнем законнасці. 20 снежня Алег Волчак паведаміў, што скарга з Генпракуратуры перанакіравана для разгляду ў пракуратуру Гродненскай вобласці. Таксама праваабаронца адзначыў, што ў Мікалая Аўтуховіча пераддэябетны стан, у яго выяўлены павышаны цукар у крыві -- 8 ммоль/л (норма глюкозы (цукру) у крыві ў дарослага чалавека - 3,89 - 5,83 ммоль /л пры аналізе крыві з пальца; норма для крыві з вены да 6,1, вышэй 7,0 - цукровы дыябет).

 

9 снежня актывісту “Маладога Фронту” Уладзiмiру Яроменку паведамiлi дзень яго змяшчэння пад варту -- 11 снежня ён павінен з'явіцца ў Першамайскiм РАУС з рэчамi, адтуль яго даставяць ў СІЗА Мінгарвыканкаму на Валадарскага. 20 жніўня актывіст быў асуджаны на тры месяцы арышту за парушэнне правіл прэвентыўнага нагляду, 12 лістапада Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд у сіле. Уладзімір Яроменак -- фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Ён быў прыгавораны да трох гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, але ў жніўні 2011 года вызвалены на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Над ім быў устаноўлены прэвентыўны нагляд. Дзеянні ўлад у дачыненні да У.Яроменка праваабаронцы расцэньваюць як палітычна матываваны пераслед. 17 студзеня жонцы Уладзіміра Яроменка Валянціне паведамілі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС, што мужа перавядуць для адбыцця пакарання ў арыштны дом у Баранавічах. Жонка У. Яроменка паведаміла, што да зняволенага не пускаюць адваката, аргументуючы тым, што ён нібыта не напісаў адпаведную заяву.

 

10 снежня мэр Парыжа Бертран Дэланоэ перадаў сімвалічную ўзнагароду – тытул Ганаровага грамадзяніна горада Парыжа -- Адаму Бяляцкаму, сыну зняволенага віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека і кіраўніка ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага. Тытул праваабаронцу быў прысвоены ў кастрычніку 2012 года па прапанове мэра Парыжа, а таксама па ініцыятыве Гарадскога савета 11-й акругі сталіцы Францыі. У цяперашні час у спадара Дэланоэ сканчаецца мандат, і паколькі яго жаданне ўручыць ганаровае грамадзянства асабіста А. Бяляцкаму невыканальнае, ён прыняў рашэнне з нагоды 10 снежня ўручыць гэтую ўзнагароду сыну вязня сумлення. Сп. Бертран Дэланоэ асабіста знаёмы з Алесем Бяляцкім і ўважліва сочыць за ягоным лёсам. 10 снежня Беларускі Пэн-цэнтр і Радыё “Свабода” абвясцілі лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча — за найлепшы твор, які быў напісаны ў зняволенні. Сярод лаўрэатаў – кніга Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя беларушчынай”.

 

10 снежня аўтар кнігі «Еду ў Магадан», палітвязень Ігар Аліневіч стаў уладальнікам першай прэміі імя Францішка Аляхновіча. Гэтая ўзнагарода, заснаваная Беларускім Пэн-цэнтрам і Радыё “Свабода”, уручаецца за твор, напісаны ў зняволенні. Узнагароду прыняла маці Ігара -- Валянціна Аліневіч. Яна паведаміла, што ёй пішуць людзі з розных краін, якія прачыталі кнігу сына ў інтэрнэце. Паводле яе слоў, тры асобнікі «Еду ў Магадан» ёсць у знакамітай расійскай «Бутырцы», дзе яе чытаюць асуджаныя па справе на Балотнай плошчы ў Маскве.

 

30 снежня палітвязень Мікалай Дзядок сустрэўся ў жонкай Валерыяй Хоцінай у магілёўскай турме. Гэта было першае і адзінае спатканне, якое магчымае Мікалаю на год. Сустрэча працягвалася дзве гадзіны праз шкло і краты, размаўлялі па тэлефоне. Са слоў В. Хоцінай, Мікалай бледны, бо ўжо год знаходзіцца ў камеры без паветра і сонца, але не зняможаны. Ён падцвердзіў інфармацыю Мікалая Статкевіча (які знаходзіцца ў той жа турме), што зняволеным перасталі выдаваць належны белы хлеб.

 

Смяротнае пакаранне

 

12 снежня Тамара Сялюн, маці асуджанага да смяротнага пакарання Паўла Селюна, атрымала ад кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліта Філарэта адказ на свай зварот. Мітрапаліт падкрэсліў, што БПЦ выступае супраць смяротнага пакарання ў Беларусі: “Беларуская праваслаўная царква прыкладае намаганні, каб смяротныя прысуды ў нашай краіне не выконваліся, што цалкам адпавядае палажэнням, выкладзеным у “Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы”. Хрысціянскае маральнае выхаванне выхавала ў свядомасці людзей адмоўнае стаўленне да смяротнага пакарання. Адмена смяротнага пакарання дае больш магчымасцяў для пастырскай працы з тым, хто аступіўся, і для яго ўласнага пакаяння”. У адказе таксама паведамляецца, што ліст Тамары Сялюн і адказ Мітрапаліта Філарэта накіраваны ў камісію па памілаванні пры Адміністрацыі прэзідэнта. Начальнік галоўнага ўпраўлення Адміністрацыі Дзяніс Колас паведаміў, што дакументы далучаны да матэрыялаў справы і будуць улічаныя пры разглядзе хадатайніцтва аб памілаванні.

 

17 снежня Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што 26 лістапада ў Беларусі быў вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд. Асуджаны Мінскім абласным судом да смяротнага пакарання -- 53-гадовы Эдуард Лыкаў, які пад следствам знаходзіўся з 2011 года. Пра яго асобу вядома, што ён не меў сталага месца жыхарства, падтрымлівае кантакты з маці, якая жыве ў Баранавічах. Сын жыве ў Расіі, дачка – у Германіі, але з дзецьмі асуджаны стасункаў не мае. Э.Лыкаў - уражэнец Расіі, грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Замоўчванне ўладамі вынясення смяротнага прысуду Э. Лыкаву прадэманстравала, што дзяржава можа хаваць ад грамадскасці факты вынясення смяротных прысудаў і іх выкананне. 20 снежня Следчы камітэт паведаміў “Советской Белоруссии” дэталі па справе Э. Лыкава. Яму інкрымінавана пяць забойстваў, першыя два з якіх ён здзейсніў яшчэ у 2002 годзе - пасля застолля разгарэўся канфлікт, у выніку якога ён забіў свайго былога сукамерніка і яго маці. За гэта злачынства пакаранне ў турме адбываў ні ў чым невінаваты чалавек - 7 гадоў адседзеў брат загінулага і адпаведна сын загінулай. Паводле следства, трэцяе забойства Э.Лыкаў здзейсніў у 2004 годзе - забіў каханка сваёй сужыцельніцы, мяркуемы матыў - рэўнасць. У 2011 годзе, па версіі следства, Лыкаў забіў і саму сужыцельніцу за тое, што яна хацела выгнаць яго з дому. Эдуарда Лыкава затрымалі ў верасні 2011 года. Напярэдадні ў пасёлку Ждановічы пад Мінскам быў забіты 74- гадовы жыхар. Згодна з матэрыяламі справы, паміж забітым і абвінавачаным узнікла сварка, завязалася бойка, падчас якой Эдуард Лыкаў нанёс знаёмаму некалькі ўдараў трубой. Такім чынам, паміж першым забойствам і затрыманнем Эдуарда Лыкава прайшло дзевяць гадоў. Псіхіятрычная экспертыза паказала, што Лыкаў мае павышана агрэсіўны характар, але знаходзіцца пры свядомасці, здольны кантраляваць свае ўчынкі.

 

20 снежня намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валерый Калінковіч падчас прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне, ці зменіцца ў бліжэйшы час парадак інфармавання журналістаў аб вынясенні і прывядзенні смяротных прысудаў у выкананне, адзначыў, што гэта пытанне будзе разглядацца на пленуме Вярхоўнага суда. “Тут можна падумаць сапраўды над падыходамі да распаўсюду ініцыятыўнай інфармацыі аб дзейнасці судоў. Гэта акурат будзе адным з прадметаў разгляду пленума Вярхоўнага суда”. В.Калінковіч дадаў, што ў цэлым сёння "носьбітам гэтай інфармацыі з'яўляецца ўсё ж орган, які адказвае за выкананне пакаранняў", г. зн. Міністэрства ўнутраных спраў. Прэс-канферэнцыя адбылася перад пачаткам пленума Вярхоўнага суда "Аб забеспячэнні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя і распаўсюджвання інфармацыі аб дзейнасці судоў".

 

24 снежня Гомельскі абласны суд у другі раз асудзіў Аляксандра Грунова да смяротнага пакарання за забойства. 25-гадовы Аляксандр Груноў апоўначы 20 верасня 2012 года здзейсніў забойства сваёй знаёмай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. На судзе ён патлумачыў, што за некаторы час да сустрэчы яна абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей і не папрасіла прабачэння. Гэта і стала прычынай агрэсіі. У выніку ён нанёс ахвяры 102 нажавыя раненні. 14 чэрвеня бягучага года рашэннем Гомельскага абласнога суда Аляксандру Грунову была прызначана выключная мера пакарання. У судзе абвінавачаны віну прызнаў цалкам і папрасіў прабачэння ў маці Наталлі Емельянчыкавай. Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда 18 кастрычніка разгледзела касацыйную скаргу, прысуд адмяніла, справу накіравала на новае судовае разбіральніцтва. У выніку паўторнага разгляду крымінальнай справы зноў было вынесена смяротнае пакаранне. У Аляксандра Грунова засталася магчымасць зноў абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе.

 

Прымяненне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

4 снежня была праведзена эксгумацыя цела памерлага ў СІЗА на Валадарскага 21-гадовага зняволенага Ігара Пцічкіна, у якой бралі ўдзел эксперты Дзяржкамітэта судовых экспертыз. На працягу месяца павінны быць вядомыя вынікі паўторнага ўскрыцця. Родныя І. Пцічкіна дамагаліся правядзення эксгумацыі амаль чатыры месяцы пасля пахавання. Ігар Пцічкін мусіў адбыць у СІЗА на Валадарскага трохмесячны арышт: сеў за руль аўто, хаця быў пазбаўлены правоў, а 4 жніўня памёр. Начальнік СІЗА паведаміў, што ў Ігара 3 жніўня пачалося «псіхаматорнае ўзбуджэнне», і яго змясцілі ў медыцынскую частку, «дзе давялося фіксаваць яго мяккімі рамянямі». На фатаздымках трупа Пцічкіна заўважныя шматлікія сінякі. У яго смерці вінавацяць работніка медычнай часткі СІЗА №1 Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў МУС Беларусі па горадзе Мінску і Мінскай вобласці, які дзяжурыў у ноч смерці. Распачата крымінальная справа за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць пацыента. Родныя Пцічкіна лічаць, што Ігара білі перад смерцю. 13 снежня стала вядома, што справу па факце смерці І. Пцічкіна расследуе Галоўнае следчае ўпраўленне, да гэтага ёй займалася ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску.

 

10 снежня мінчанка Людміла Кучура, чый муж у ПК-15 горада Магілёва падвяргаўся катаванням хлоркай, атрымала адказ з Следчага камітэта РБ на скаргу, у якой прасіла распачаць крымінальную справу па гэтым факце. Начальнік галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю СК РБ Міхаіл Алёшкін паведаміў Людміле Кучуры пра тое, што "падставаў для правядзення праверкі па Вашым звароце ў парадку крымінальна-працэсуальнага заканадаўства органамі Следчага камітэта няма". Прымаючы такое рашэнне, СК не праводзіў ніякай праверкі, нягледзячы на тое, што заяўніца прасіла пра гэта, і спаслаўся на прыкладзенае да скаргі рашэнне пракуратуры Магілёўскай вобласці ад 13.11.2013г., у якім паведамляецца, што «ў сувязі з Вашай скаргай праводзілася праверка ўстаноўленага парадку адбыцця Кучурам П.К. пакарання, а таксама ўмоваў яго ўтрымання ў ПК-15. Якіх-небудзь парушэнняў, у тым ліку фактаў, якія пацвярджаюць здзяйсненне службовымі асобамі папраўчай установы ў дачыненні да Кучуры П.К. злачынства, у ходзе праверкі не выяўлена». У дадзеным выпадку назіраецца змяшчэнне акцэнту следчым органам, паколькі ранейшая пракурорская праверка, па сутнасці, не была накіраваная на ўстанаўленне факту атручвання Пятра Кучуры хлорам і наступстваў гэтага атручвання. Акрамя таго, довады заяўніцы пра тое, што ДВП МУС (туды Упраўленне СК па Магілёўскай вобласці «адфутболіла» яе папярэднюю скаргу) не ўпаўнаважаны разглядаць паведамленні пра злачынствы, учыненыя службовымі асобамі органаў унутраных справаў у сувязі з іх службовай дзейнасцю, прадстаўнік СК РБ Міхаіл Алёшкін у сваім адказе праігнараваў.

 

13 снежня пракурор Светлагорскага раёна Уладзімір Тарасенка накіраваў адказ на скаргу Валянціны Акуліч, маці памерлага ў Светлагорскім ІЧУ Аляксандра Акуліча, у якой указаў, што раённы Следчы камітэт адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці яе сына законна: "праверка праведзена ў поўным аб'ёме, падставаў для адмены прынятага рашэння няма". У наступным абзацы паведамляецца: "25.11.2013 матэрыял праверкі па факце смерці Акуліча А.А. для вывучэння і праверкі законнасці прынятага рашэння накіраваны ў пракуратуру Гомельскай вобласці, дзе ў цяперашні час і знаходзіцца". Гэты адказ Уладзіміра Тарасенка датаваны 13.12.2013 , а скарга Валянціны Акуліч паступіла ў пракуратуру 12.12.2013. Атрымліваецца, што пракурор адпісаўся на скаргу без азнаямлення з матэрыяламі праверкі. Паўтары гады Валянціна Акуліч дамагаецца крымінальнага пакарання для супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС Бачко А.А. і Сцешанкова Р.В., па віне якіх, як яна настойвае, у ІЧУ ў траўні мінулага года памёр яе сын Аляксандр Акуліч. Следчы камітэт неаднаразова адмаўляў Валянціне Акуліч ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці яе сына, і яна неаднаразова абскарджвала гэтыя адмовы. Жыхар Светлагорска Аляксандр Акуліч памёр у ізалятары часовага ўтрымання Светлагорскага РАУС у траўні 2012 года. Валянціна Акуліч ўпэўненая, што ў смерці яе сына вінаватыя супрацоўнікі РАУС Бачко А.А. і Сцешанкоў Р.В., якія дзяжурылі ў тую ноч па ІЧУ і, замест аказання своечасовай меддапамогі, збівалі затрыманага, які знаходзіўся ў хваравітым стане.

 

18 снежня экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч паведаміў, што атрымаў адказ з Генпракуратуры на сваю заяву аб магчымасці азнаямлення з матэрыяламі праверкі па фактах ужывання здзекаў і катаванняў супрацоўнікамі СІЗА КДБ, якая праводзілася па выніках ягонага звароту пасля выхаду са следчага ізалятара ў сакавіку 2011 года. У адказе Генпракуратуры сказана, што матэрыялы праверкі, праведзенай па заяве А. Міхалевіча аб катаваннях, з'яўляюцца дзяржаўнай таямніцай. І таму адвакату не толькі не дадуць з імі азнаёміцца, але нават не выдадуць копію пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. “Будучы ў следчым ізалятары, мне ўжо казалі, што наяўнасць людзей у чорным, якія з нас здзекваліся і катавалі, з'яўляецца «таямніцай следства». Цяпер іх павысілі да «таямніцы, якая ахоўваецца законам"”, -- адзначыў палітык.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

10 снежня Генеральнай пракуратурай на адрас намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча быў дасланы адказ на ягоны запыт аб уключэнні сайту Праваабарончага цэнтру “Вясна” www.spring96.org у спіс абмежаванага доступу. Паводле дадзенага адказу, сайт арганізацыі быў унесены ў спіс абмежаванага доступу паводле рашэння Генеральнай пракуратуры ў жніўні 2011 г. у сувязі з тым, што “дзеянні ад імя Праваабарончага цэнтру “Вясна”, якая не прайшла ў вызначаным парадку дзяржаўную рэгістрацыю, супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь”. Генеральная пракуратура таксама нагадвае, што за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці арганізацыі, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, арт. 193.1 КК Рэспублікі Беларусь прадугледжана крымінальная адказнасць. У сувязі з тым, што доўгі час на інтэрнэт-рэсурсе www.spring96.org размяшчалася інфармацыя, якая прапагандуе дзеянні, забароненыя заканадаўствам, Генеральнай пракуратурай у жніўні 2011 г. вынесена пастанова аб уключэнні ідэнтыфікатара гэтага інтэрнет-рэсурса ў спіс абмежаванага доступу, якая накіравана ў РУП “БелДІЭ” для выканання. Адказ Генпракуратуры падпісала начальнік аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян М. Папова. 23 снежня Валянцін Стэфановіч падаў скаргу ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска, у якой адзначыў, што з'яўляецца і аўтарам, і чытачом матэрыялаў, размешчаных на сайце spring96.org, а пастанову Генпракуратуры аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурса лічыць праявай цэнзуры. В. Стэфановіч просіць суд прызнаць пастанову неправамернай і абавязаць праваахоўны орган скасаваць дапушчаныя парушэнні. Праваабаронца адзначыў, што падставы для абмежавання правоў на выказванне свайго меркавання, свабодны пошук і распаўсюд інфармацыі, указаныя ў адказе Генеральнай пракуратуры, не звязаны з дапушчальнымі абмежаваннямі (для павагі і правоў і рэпутацыі іншых асоб; для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва), указанымі ў адпаведных артыкулах Канстытуцыі і палажэннях Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 

14 снежня гомельскаму праваабаронцу Анатолю Паплаўнаму, які працуе слесарам на ЧУП «Віпра», у суботу кіраўніцтва не дазваляла працаваць і патрабавала пакінуць працоўнае месца. На прадпрыемстве 12 снежня з'явілася аб'ява, што працоўны дзень з 31 снежня пераносіцца на 14 снежня, суботу. А. Паплаўны прыйшоў на працу, прыступіў да выканання сваіх абавязкаў, але прыйшоў начальнік інструментальнага цэху і пачаў патрабаваць, каб ён пакінуў працоўнае месца. Маўляў, ён не павінен працаваць, таму што ў яго 27 снежня заканчваецца тэрмін кантракту. Пры гэтым на днях павінен адбыцца суд па грамадзянскаму зыску праваабаронцы да прадпрыемства, і ён упэўнены, што каб не выйшаў на працу 14 снежня, яго б ужо адразу ж звольнілі бы з працы за прагул. Кіраўніцтва шукае хібы ў працы праваабаронцы, каб потым выйграць зыск у судзе. Анатоль Паплаўны пяць гадоў адпрацаваў слесарам на прадпрыемстве «Віпра», ніякіх спагнанняў не меў за гэты час, аднак атрымаў папярэджанне, што кантракт з ім не будзе працягнуты. Праваабаронца праз суд дамагеацца, каб яго звольнілі, але не па ўзгадненні бакоў, як таго хоча дырэктар, бо ў такім выпадку супрацоўнік не атрымае кампенсацыі. А. Паплаўны за сваю дзейнасць не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, летам 2011 года падчас маўклівых акцый пратэсту быў вымушаны адбыць у ІЧУ 15-суткавы адміністрацыйны арышт. Заўсёды бярэ актыўны ўдзел у назіранні на выбарах.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

6 снежня ў 21:00 каля Мар’інай Горкі, праз гадзіну пасля ад’езду з Мінска, быў спынены чартарны аўтобус з з 53 беларусамі, якія накіроўваліся ў Кіеў, каб падтрымаць удзельнікаў Еўрамайдану. У спыненні аўтобуса ў чыстым полі прымалі ўдзел супрацоўнікі КДБ, транспартнай міліцыі і ДАІ. З дакументамі ва ўсіх (і на аўтобус) было ўсё ў парадку. Усе пасажыры адмовіліся ехаць у РУУС, выйшлі з аўтобуса, а прадстаўнікі сілавых структур з аўтобусам з'ехалі. Паступова ўдзельнікі паездкі цягам двух гадзін дзякуючы папуткам і машынам з Мінска раз'ехаліся, частка з іх працягнулі шлях ва Украіну і дабраліся да Кіева.

 

7 снежня раніцай на чыгуначным вакзале Гомеля быў затрыманы сустаршыня «Маладога Фронту» Андрэй Цянюта, які сустракаў з цягніка сяброў з Мінску, што ехалі на канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» ў Кіеў. Да актывіста і яго сяброў падыйшлі міліцыянеры. У жыхароў Мінску яна праверылі дакументы, перапісалі пашпартныя дадзеныя і адпусцілі, а Андрэя Цянюту пратрымалі каля гадзіны ў аддзеле міліцыі на чыгуначным вакзале, высвятляючы, што ён робіць на вакзале, і хто гэтыя людзі, якіх ён сустракаў. Пратакола не складалі.

 

9 снежня сустаршыня “Маладога Фронту” і ўдзельнік кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць» Андрэй Цянюта атрымаў штраф у памеры 25 базавых велічынь за расклейванне антыалкагольных дэматыватараў у грамадскіх месцах. Рашэнне вынесла адміністрацыйная камісія Савецкага раёна г. Гомеля згодна з артыкулам 21.14 КаАП РБ (парушэнне правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў). Складанне пратаколу адміністрацыйнага правапарушэння адбылося 21 лістапада – у той вечар разам з Андрэем Цянютам быў затрыманы Станіслаў Булла. Разгляд справы С. Буллы быў адкладзены з-за адсутнасці ў яго пры сабе пашпарту.

 

9 снежня позна ўвечары да актывіста Руху салідарнасці «Разам» Іллі Дабратвора прыйшлі супрацоўнікі міліцыі РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Яны папярэдзілі актывіста пра неабходнасць з’явіцца 10 снежня ў аддзяленне для складанна пратаколу адміністрацыйнага правапарушэння за пікетаванне украінскай амбасады 30 лістапада. 10 снежня Ілля Дабратвор пасля складання пратаколу быў затрыманы і адпраўлены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў да суда. 11 снежня суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня адправіла пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт 23.34 КаАП РБ на дапрацоўку ў РУУС Цэнтральнага раёна, а Дабратвора адпусцілі дамоў. Падчас разгляду справы выявілася несупадзенне паказанняў з пратаколам: Дабратвор трымаў у руках украінскі сцяг, а ў пратаколе быў пазначаны сцяг Еўрасаюзу. 12 снежня суддзя пакарала актывіста штрафам у памеры 8 базавых велічынь.

 

10 снежня суд Навабеліцкага раёна Гомеля прызнаў вінаватым мясцовага грамадскага актывіста Уладзіміра Шыцікава ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсця на «Дзяды». 3 лістапада група актывістаў усклала вянок да крыжа на месцы расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Шэсце з бел-чырвона-белым сцягам адбылося на ўскраіне горада і доўжылася ўсяго каля дзвюх хвілін. За гэта суддзя Таццяна Шаўчэнка аштрафавала Шыцікава на 20 базавых велічынь. Асаблівасць справы Уладзіміра Шыцікава ў тым, што ён нават не ведаў, што ў дачыненні да яго быў складзены адміністрацыйны пратакол. Яго не выклікалі ў міліцыю, а копію пратакола актывіст атрымаў па пошце.

 

15 снежня актывіст БХД Алесь Чаркашын каля ганку Брэсцкага аблвыканкама зладзіў перформанс: апрануўшыся як прарок, запэцкаўшы рукі чырвонай фарбай, заклікаў улады пакаяцца за свае грахі перад народам. А. Чаркашын быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі Ленінскага РУУС Брэста праз 10 хвілінаў пасля заканчэння перформансу. Яго даставілі ў РУУС, дзе склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікета, але з міліцэйскага пастарунку Чаркашына забралі санітары Брэсцкага абласнога псіханеўралагічнага дыспансэру, каб правесці псіхіятрычную экспертызу. Меркавалася, што працэдура можа заняць да трох дзён, адднак той жа ноччу Чаркашына вярнулі ў міліцэйскі пастарунак. 17 снежня суд Ленінскага раёна Брэста не стаў разглядаць справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да А. Чаркашына ў сувязі з недакладнасцямі ў пратаколе.

 

19 снежня ўвечары актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі быў затрыманы разам з актывісткай Наталляй Гарачка на плошчы Незалежнасці ў Мінску, калі дзяўчына ставіла знічку пад Чырвоным касцёлам з нагоды трэцяй гадавіны падзеяў Плошчы-2010, а Максім рабіў фотаздымкі. Затрыманых даставілі ў РАУС Маскоўскага раёна. Праз некаторы час Наталлю адпусцілі, а Максіма перавялі ў Цэнтральны РАУС, дзе на яго быў складзены пратакол за несанкцыянаваны пікет пад украінскай амбасадай 30 лістапада. 20 снежня суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня пакарала Максіма Вінярскага арыштам на 15 сутак. Суд прызнаў актывіста вінаватым у парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку правядзення альбо арганізацыі масавага мерапрыемства). Актывіст папрасіў суд адтэрмінаваць выкананне пакарання на месяц у сувязі з хваробай яго маці, але гэтая просьба была адхілена. На знак пратэсту супраць рашэння суддзі Вікторыі Шабуня Максім Вінярскі абвесціў галадоўку.

 

20 снежня на праспекце Незалежнасці Мінска супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС без усялякіх тлумачэнняў і складання адпаведных дакументаў забралі аўтамабіль BMW ва ўдзельніка акцыі "Стоп-падатак" Дзмітрыя Прыгарава. Ён рухаўся па праспекце з боку плошчы Перамогі ў накірунку Дома ўрада, калі ў раёне Палаца Рэспублікі быў спынены патрулём ДАІ. Дз. Прыгарава адразу аштрафавалі за тое, што ён сігналіў, пры гэтым, як вызначылі ў суцэльным гуле менавіта ягоны сігнал, не растлумачылі. Супрацоўнікі міліцыі, якія знаходзіліся з ім у машыне ДАІ, не прадставіліся, не паказалі ніякіх дакументаў, пасля таго, як штраф быў аформлены, Дз. Прыгарава папрасілі адкрыць капот аўтамабіля і паведамілі, што машына адпраўляецца на стаянку Цэнтральнага РУУС. У міліцыі аўтамабіль апячаталі, а ўладальніку не далі ні копію пратакола аб затрыманні, ні копію агляду аўтамабіля. Сказалі толькі прыйсці 23 снежня. У гэты дзень супрацоўнік Цэнтральнага РУУС паведаміў Прыгараву, што яго аўтамабіль застанецца там на месяц, дадаўшы: раней трэба было думаць, сядзеў бы дома - не было б праблем. 24 снежня Дз. Прыгараў накіраваў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна горада Мінска.

 

20 снежня ў Бярозе ў 17 гадзін каля крамы Еўраапт супрацоўнікамі міліцыя ў цывільным падчас раздачы ўлётак з заклікам падтрымаць акцыю “Стоп-падатак” затрымалі кіраўніка раённай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Кабанава разам з братам Яўгенам. На Аляксандра Кабанава і яго брата былі складзены пратаколы і канфіскаваны ўлёткі. Праз паўтары гадзіны яны былі адпушчаны.

 

23 снежня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў Аляксандра Францкевіча, Анастасіі Кухта і Анастасіі Шатэрнік, затрыманых падчас акцыі “Стоп-падатак” 20 снежня. Затрыманне адбылося каля плошчы Перамогі з боку Дома-музея РСДРП каля 18.30. Да Аляксандра Францкевіча падыйшлі невядомыя асобы ў цывільным без апазнавальных бэйджаў, калі пабачылі, што актывіст здымае на тэлефон супрацоўнікаў міліцыі. За А.Францкевіча спрабавалі заступіцца Анастасія Кухта і Анастасія Шатэрнік, у выніку чаго ўсе трое былі затрыманыя. У РУУС Цэнтральнага раёна на іх былі складзены пратаколы адміністрацыйнага правапарушэння па арт. 23.4 КаАП РБ (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). З пятніцы да панядзелка затрыманыя чакалі суда ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Суддзя Аляксандр Якунчыхін вынес рашэнне аштрафаваць Анастасію Кухто на 5 базавых велічынь, Анастасія Шатэрнік аштрафавана на 10 базавых велічынь. Аляксандр Францкевіч, згодна з рашэннем суддзі Вікторыі Шабуні, арыштаваны на 12 сутак.

У гэты ж дзень у судзе Ленінскага раёна Мінска адбыўся разгляд адміністрацыйных спраў затрыманых пад час акцыі "Стоп-падатак" аўтааматараў Канстанціна Глушко і Андрэя Самохіна і абвінавачаных у непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4. КаАП РБ). Яны былі затрыманыя 20 снежня, у пятніцу, і выходныя да суда правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Суддзя Андрэй Камушкін вынес пастанову аб пакаранні Канстанціна Глушко адміністрацыйным арыштам на 5 сутак. У дачыненні да Андрэя Самохіна, які з'яўляўся пасажырам у аўтамабілі К.Грушко, адміністрацыйная вытворчасць спыненая.

 

23 снежня суд Слуцкага раёну ў асобе суддзі Святланы Пастуховай прыняў рашэнне аб пакаранні мясцовай актывісткі Зінаіды Цімошак штрафам у памеры 20 базавых велічынь паводле артыкулу па артыкуле 23.34 КаАП (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам была прызнана спроба правесці кінапрагляд дакументальнай стужкі «40 дзён сялянскай рэспублікі», прысвечанай Слуцкаму збройнаму чыну, у доме культуры вёскі Казловічы 23 лістапада. Прагляд быў прымеркаваны да чарговых угодкаў Слуцкага збройнага чыну, аднак мясцовыя міліцыянты сарвалі мерапрыемства: затрымалі і правялі допыты ўдзельнікаў імпрэзы, а на арганізатарку Зінаіду Цімошак склалі адміністрацыйны пратакол. На знак пратэсту загадчык дому культуры вёскі Казловічы Аляксандар Туміловіч пакінуў сваю пасаду.

 

23 снежня суд Маскоўскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб арышце грамадскага актывіста Аляксандра Макаева на пяць сутак паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў). А. Макаеў быў затрыманы 24 лістапада ў вёсцы Грозаў Капыльскага раёна падчас мерапрыемстваў з нагоды гадавіны Слуцкага збройнага чыну за тое, што ўзняў бел-чырвона-белы сцяг.

 

26 снежня 23-гадовы актывіст АГП і ўдзельнік групы «Стоп-падатак» у сацыяльнай сетцы «УКантакце» Антон Касцоў быў асуджаны Кастрычніцкім судом Магілёва на трое сутак адміністрацыйнага арышту. 24 снежня на Антона Касцова быў складзены пратакол аб парушэнні ім часткі 1 артыкула 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). У яго быў канфіскаваны ноўтбук. 26 снежня Антон Касцоў павінен быў прыйсці ў Кастрычніцкі РАУС Магілёва, дзе, паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі мелі намер вывучыць яго перапіску ў сетцы. Яшчэ 24 снежня яны запатрабавалі ад актывіста выдалення з сацыяльнай сеткі групы «Стоп-страх», з якой арганізавалася група «Стоп-падатак». Антон Касцоў змог выдаліць з яе толькі свае запісы, паколькі, паводле яго сцвярджэння, з'яўляўся толькі яе ўдзельнікам, а не стваральнікам. У той жа дзень група была выдалена яе стваральнікам з іншага горада. У групе «Стоп-падатак» абмяркоўвалася магчымасць правядзення 27 снежня другой акцыі пратэсту аўтамабілістаў супраць увядзення падатку на допуск аўтамабіляў да руху.

 

26 снежня ў Мінску быў затрыманы актывіст Нацыянал-бальшавіцкай партыі Дзмітрый Паліенка. Затрыманне адбылося каля 16.00 проста на прахадной завода МАЗ, дзе ён працуе. Актывіста даставілі ў РУУС Заводскага раёна і склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП за “дробнае хуліганства”. 27 снежня суддзя суда Заводскага раёна Анастасія Осіпчык пакарала Дз. Паліенку 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, пры гэтым адмовіла ў хадайніцтве аб запатрабаванні і праглядзе відэа з прахадной заводу, якое магло засведчыць, што ён не рабіў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Дзмітрый Паліенка расцэньвае незаконныя дзеянні праваахоўнікаў як прэвентыўны пераслед, звязаны з прызначанай на 27 снежня акцыяй “Стоп-падатак”, адміністратарам суполкі якой ён з'яўляецца ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”.

 

27 снежня падчас акцыі "Стоп-падатак 2” у Гродна быў затрыманы актывіст Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Мікола Верамеенка. Яго спачатку спынілі і абвінавацілі ў тым, што "ён праехаў у адным і тым жа месцы тры разы”. Пасля таго, як актывіст запытаўся, на якой падставе яго затрымліюць, адказалі, што машына знаходзіцца ў вышуку і трэба пад’ехаць у Гродзенскую ДАІ. Затрымліваў машыну інспектар Грыцкевіч, складаў пратакол інспектар Дзядзюшка. Мікалая Верамеенку пратрымалі тры гадзіны. Перад вызваленнем ён запатрабаваў, каб у пратаколе быў зроблены запіс, што яго аўтамабіль не ўдзельнічаў ні ў якім ДТЗ і не знаходзіцца ў вышуку.

 

30 снежня ў Гродна суддзя суда Кастрычніцкага раёну Зінаіда Барцэвіч пакарала штрафам у 22 базавыя велічыні Аляксандра Іванова за размяшчэнне інфармацыі ў інтэрнэце аб акцыі “Стоп-падатак”. 26 снежня Аляксандар Іваноў на “Гродненском форуме” напісаў, што 27 снежня на Савецкай плошчы а 18-й гадзіне збіраюцца аўтамабілісты, неабыякавыя да ўвядзення новага падатку на аўтамашыны. У выніку Іванову патэлефанавалі з міліцыі і паведамілі, што на яго складзены пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэнне – яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства.

 

31 снежня стала вядома з рапарта маёра Зайцава, які быў накіраваны на імя першага намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама палкоўніка міліцыі Кавальчука, што міліцыя расшуквае аднаго з арганізатараў акцыі “Стоп-падатак” у Магілёве Аляксандра Сімановіча. Копія рапарта патрапіла да магілёўскіх праваабаронцаў. З яе вынікае, што, паводле міліцыі, акрамя актывіста АГП Антона Касцова (асуджаны на 3 сутак за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) каардынатарам групы «Стоп-падатак» выступае магілёвец Аляксандр Сімановіч. Менавіта ён стварыў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте» групу «Стоп-страх» для каардынацыі дзеянняў удзельнікаў несанкцыяванага мерапрыемства «Стоп-падатак».

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

3 снежня гарадзенскі журналіст Алесь Дзянісаў быў афіцыйна папярэджаны абласной Гродненскай пракуратурай за працу на сродак масавай інфармацыі, які не мае афіцыйнай акрэдытацыі. Алесь Дзянісаў быў выкліканы ў пракуратуру Гродненскай вобласці з нагоды таго, што ён рабіў відэаздымкі ў Свіслачы і Якушоўцы 27 кастрычніка бягучага года падчас адзначэння грамадскасцю традыцыйнага Дня памяці паўстанцаў 1863 года. У мінулым годзе А. Дзянісаў папярэджваўся пракуратурай таксама за тое, што быў з відэакамерай на Свіслацкім фэсце.

 

4 снежня Гродзенская абласная пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне сябру ГА «БАЖ» Алесю Кіркевічу. Намеснік начальніка аддзела пракуратуры Гродзенскай вобласці Валерый Павядайка паведаміў яму, што той парушыў ч. 2 арт. 22.9 КаАП, а менавіта: "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ". Алесь Кіркевіч адмовіўся даваць тлумачэнні на гэты конт, а таксама падпісваць любыя паперы.

 

4 снежня судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава на рашэнне суда Крычаўскага раёна ад 22 кастрычніка 2013 года па пазову КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” аб абароне дзелавой рэпутацыі. Судовая калегія ў выніку разгляду скаргі прыняла рашэнне адмяніць цалкам рашэнне суда Крычаўскага раёна (суддзі Антаніны Качанавай) з прычыны непадсуднасці і спыніць вытворчасць па справе. Спрэчкі паміж юрыдычнай асобай і фізічнай асобай, якія звязаны з абаронай дзелавой рэпутацыі у сферы прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці мусіць разглядаць толькі гаспадарчы суд.

 

8 снежня праца сайтаў украінскай, беларускай і іншых службаў Радыё Свабода прыкладна з 12 да 18 гадзін была паралізаваная праз DDoS-атаку. Атака не спыніла доступу да старонак РС/РСЭ, аднак запаволіла працу службаў радыё і абнаўленне сайтаў. Вечарам гэтага ж дня праца сайтаў была адноўленая ў нармальным рэжыме.

 

9 снежня ў Вярхоўным судзе Беларусі адбылася другая сустрэча па зыску прыватнай кампаніі «Белсат плюс» да акцыянернага таварыства «Польскае тэлебачанне» (SA «TVP») – заснавальніка тэлеканала «Белсат ТВ». На слуханні прыйшлі зыскоўца – дырэктар «Белсат плюс» Андрэй Белякоў, з боку адказчыка – адвакат мінскай калегіі адвакатаў Ігар Дзячкоў і прадстаўнік "Белсат" у Беларусі Міхась Янчук. Сп. Дзячкоў папрасіў час для азнаямлення з матэрыяламі справы. Ён патлумачыў, што атрымаў даверанасць на прадстаўленне інтарэсаў адказчыка толькі 6 снежня, а пасля перакладу і натарыяльнага завярэння на рукі адвакат атрымаў дакументы толькі раніцай гэтага ж дня. Cуддзі задаволілі хадайніцтва, прызначыўшы наступную сустрэчу на 20 студзеня.

 

16 снежня сталі вядомы вынікі праверкі, праведзенай Следчым камітэтам Беларусі па факце затрымання журналістаў на чыгуначным вакзале ў Мінску 19 кастрычніка 2013 года. У ходзе праверкі следчыя апыталі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія непасрэдна затрымлівалі прадстаўнікоў СМІ. У прыватнасці, міліцыянер роты аховы грамадскай бяспекі АМАП ГУУС Мінгарвыканкама Сільвановіч П.М. паведаміў, што атрымаў загад ад кіраўніцтва затрымліваць падазроных асоб падчас прыезду ў Мінск апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца. Разам са сваім напарнікам Набароўскім А.В яны прыбылі на чыгуначную платформу, да якой мусіў прыбыць цягнік Брэст-Масква. Паводле Сільвановіча, на платформе невялікімі групкамі знаходзіліся журналісты, якіх міліцыянты ідэнтыфікавалі па наяўнасці відэаапаратуры. Пасля гэтага, паводле матэрыялаў праверкі, супрацоўнікі міліцыі падыходзілі да ідэнтыфікаваных імі журналістаў і затрымлівалі іх, “каб не дапусціць масавых беспарадкаў”. У выніку праверкі Следчы камітэт Беларусі прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі не знойдзена фактаў перашкоды законнай прафесійнай дзейнасці журналістаў. 19 кастрычніка на платформе мінскага чыгуначнага вакзала міліцыя затрымала 10 журналістаў.

 

17 снежня салігорскім праваабаронцам з БХК паступіла інфармацыя пра “дабраахвотна-прымусовую” падпіску на дзяржаўную прэсу з прадпрыемстваў і арганізацый гораду -- структурных падраздзяленняў ААТ “Беларуськалій”, адкуацыйных устаноў рэгіёна, сістэмы ААТ “Будтрэст №3”, ААТ “Салігорскі ДСК” і іншых. Спіс выданняў, на якія распаўсюджваецца “дабраахвотна-прымусовая” падпіска, застаецца амаль нязменным і ў значнай ступені залежыць ад ведамаснай падначаленнасці арганізацыі. Так, у школах, акрамя класічных варыянтаў кшталту “СБ-Блераусь Сегодня” і мясцовай раёнкі “Шахцёр”, выкладчыцкаму складу настойліва “раіцца” аформіць падпіску на “Настаўніцкую газету”, а навучэнцам - на “Юного спасателя”. У “Будтрэсце №3” да агульнанацыянальных дзяржаўных газет у “дабраахвотна-прымусовы” спіс традыцыйна трапляе ўнутрыарганізацыйная газета “Будаўнік Салігорска”.

 

17 снежня ў Гродненскую абласную пракуратуру быў выкліканы сябра “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Андрэй Мялешка. Гутарку з журналістам вёў намеснік начальніка аддзелу пракуратуры Гродненскай вобласці Валеры Павядайка. Размова датычыла рэпартажу на сайце Беларускага Радыё Рацыя пад псеўданімам Ігар Мікалаеў, прысвечанага Дню памяці паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы і Якушоўцы, што прайшоў 27 кастрычніка бягучага года. У выніку размовы Андрэй Мялешка, хаця яго аўтарства матэрыялу нічым не ўстаноўлена, быў афіцыйна папярэджаны за працу без акрэдытацыі. Гэта ўжо трэцяе папярэджанне пракуратуры ў снежні гродненскім журналістам за асвятленне грамадска-культурніцкай акцыі ў Свіслачы. Характэрна, што прадстаўнікі пракуратуры выносяць папярэджанні, але ніякіх дакументаў на рукі не даюць.

 

18 снежня стала вядома, што прадпрыемства “Партнёр-Слонім” (ТАА), якому належыць арандаванае рэдакцыяй "Газеты Слонімскай" памяшканне, прымушае выданне вызваліць яго да 1 студзеня 2014 года. У якасці прычыны называецца забарона пажарных службаў эксплуатаваць другі паверх будынка. Рэдакцыя месціцца там з 2008 года. Разам з газетай пакоі на другім паверсе арандуюць яшчэ некалькі прыватных прадпрыемстваў, у тым ліку і сама адміністрацыя “Партнёр-Слонім”. Акрамя апошняй, усіх высяляюць. Тым не менш, галоўны рэдактар выдання Віктар Валадашчук сумняецца ў самастойнасці прынятага арандадаўцамі рашэння і ўпэўнены, што дзеянні скіраваныя менавіта супраць «Газеты Слонімскай».

 

26 снежня супрацоўнікі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка паведамілі, што іх прымушаюць падпісацца на афіцыйную прэсу. У кожнае падраздзяленне запаведніка прыносяць “распараджэнне”, падпісанае ідэолагам і заверанае дырэктарам. Кіраўнікі падраздзяленняў нясуць адказнасць за падпіску і павінны дакладной запіскай адсправаздачыцца аб праведзенай працы ідэолагу. Тым, хто не выпіша афіцыйную прэсу, могуць не працягнуць кантракт па яго сканчэнні. Людзі запалоханыя перспектывай застацца без працы, абураюцца, але падпісваюцца.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

Пяць пікетаў, запланаваных з 3 па 7 снежня ў Слоніме, былі забароненыя. Заяўляльнікам масавых мерыпрыемстваў у падтрымку “Газеты Слонімскай” выступіў грамадскі актывіст Алесь Масюк. Ён дамагаецца магчымасці публічна выказацца за права жыхароў Слонімскага раёна свабодна афармляць падпіску на рэгіянальную “Газету Слонімскую” у РУП “Белпошта” і вольна яе набываць у шапіках “Белсаюздруку”. На гэты раз слонімскія чыноўнікі сцвярджаюць, што заяўляльнік недакладна вызначыў месца правядзення пікетаў.

 

3 снежня Брэсцкі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу праваабаронцаў з Бярозы, якія прасілі прызнаць незаконннай забарону пікета 4 жніўня і адмяніць рашэнне суду Бярозаўскага раёну, які прызнаў рашэнне райвыканкаму правамоцным. Прычынай для адмовы стала адсутнасць дамоў з міліцыяй і бальніцай. Як раённы суд, так і абласны не звярнулі ўвагі на довады праваабаронцаў аб немагчымасці заключэння такіх дамоў. Міліцыя спаслалася на Пастанову Саўміна №207 ад 2012 года, у п.5 якой сказана, што пасля падачы заявы цягам сутак райвыканкам павінен даслаць копію заявы ў міліцыю для ўзгаднення (чаго райвыканкам не зрабіў). Бальніца не заключыла дамову, бо гэта не прадугледжана ў дакументах Міністэрства аховы здароўя і няма нават прэйскуранта на падобныя паслугі.

 

3 снежня быхаўскі пісьменнік і журналіст Сяргей Антонаў атрымаў адказ з мясцовага райвыканкама на свой зварот да старшыні Дзмітрыя Калеева з просьбай вызначыць месца для правядзення пікетаў на тэрыторыі Быхава. У адказе, падпісаным намеснікам старшыні райвыканкама Н. Шунькінай, паведамляецца, што “ваш ліст ад 21.11.2013 г. не разгледжаны ў сувязі з тым, што афармленне звароту не адпавядае патрабаванням артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. “Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асоб”. Таксама звяртаем Вашу ўвагу на тое, што раённая арганізацыя Партыі БНФ “Адраджэнне”, кіраўніком якой Вы прадставіліся, на тэрыторыі Быхаўскага раёна не зарэгістраваная”. Сяргей Антонаў палічыў, што чыноўнікі з Быхаўскага райвыканкама знайшлі чыста фармальную падставу, каб не даць яму канкрэтнага адказу, адзначаючы, што зварот быў аформлены ў адпаведнасці с законам. Каб усё ж дамагчыся канкрэтнага адказу, 4 снежня ён падаў у аддзел па зваротах грамадзян Быхаўскага райвыканкама чарговы зварот, аднак падпісаў яго ўжо як прыватная асоба. 14 снежня Сяргей Антонаў атрымаў адказ з Быхаўскага райвыканкама. За подпісам намесніка старшыні райвыканкама Н. Шунькінай у ім паведамлялася, што “зараз распрацаваны і праходзіць узгадненне праект рашэння Быхаўскага раённага выканаўчага камітэта “Аб масавых мерапрыемствах”, які вызначае месца і парадак правядзення ў Быхаўскім раёне сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання і іншых масавых мерапрыемстваў арганізатарам якіх выступаюць палітычныя партыі, грамадскія аб’яднанні, прафсаюзныя арганізацыі і грамадзяне. Пра ўступленне ў сілу рашэння выканаўчага камітэта вам будзе паведамлена дадаткова”. Сяргей Антонаў адзначае, што з адказу вынікае, што ў Быхаўскім раёне наогул не былі вызначаны месцы для масавых мерапрыемстваў і парадак іх правядзення.

 

4 снежня ў судзе Ленінскага раёна Гродна прайшоў разгляд скаргі праваабаронцаў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Рамана Юргеля на рашэнне гарвыканкама, якім не было дазволена правядзенне інфармацыйнага пікету 10 кастрычніка ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. Грамадзянскую справу па скарзе разглядала суддзя Вольга Шуманская ў прысутнасці пракурора Сеўрынай. Бок адказчыка прадстаўляў галоўны спецыяліст юрыдычнага аддзелу гарвыканкаму Сяргей Табулевіч. Гродзенскі гарвыканкам заявіў у сваёй афіцыйнай адмове, што заяўнікі былі абавязаны паведаміць пісьмова, ці будзе масавае мерапрыемства праводзіцца з выкарыстаннем піратэхнічных вырабаў і адкрытага агню. Чыноўнікі таксама палічылі, што заяўнікі не змогуць “в должной мере соблюсти необходимые требования действующего законодательства Республики Беларусь по обеспечению безопасных условий проведения заявленного массового мероприятия и наведения порядка по его окончании”. На судовым працэсе стала зразумела, на чым грунтавалася такая выснова. Паводле запытаў выканкамаўцаў у розныя службы (аддзел унутраных спраў Ленінскага раёну, Гродненскую гарадскую станцыю хуткай медычнай дапамогі, Гродненскую гарадскую жыллёва-камунальную службу) гарвыканкам вылічыў, што за абслугоўванне масавага мерапрыемства заяўнікі мусілі заплаціць ажно 23 мільёны 324 тысячы 200 беларускіх рублёў. Аднак, пра гэтыя разлікі і абсурдную суму паслуг праваабаронцам да суда нічога не паведамілі. На судовым працэсе таксама прагучала, што для аховы парадку падчас пікету міліцыі Ленінскага раёну патрэбна задзейнічаць ажно 31-го ахоўніка правапарадку, прычым на 5 гадзін. Хоць час заяўленага пікету складаў усяго 2 гадзіны, а патэнцыйная колькасць удзельнікаў паводле заявы складала да 10 чалавек. Суддзя прадказальна ўзяла бок выканаўчай улады і не задаволіла скаргу праваабаронцаў.

 

4 снежня грамадскі актывіст Вячаслаў Болбат атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамлялася, што гарвыканкам не дае згоды на правядзенне пікета 10 снежня. Чыноўнік палічыў, што заяўнік парушыў п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы”, але ў лісце традыцыйна не паведамлялася, што канкрэтна парушыў Вячаслаў Болбат. Заяўляльнік адзначаў у звароце ў выканкам, што паколькі ў пікеце плануецца ўдзел усяго 5 чалавек, то абавязкі па забяспячэнні грамадскага парадку падчас мерапрыемства, прыборкі тэрыторыі пасля пікету ён бярэ на сябе. Таксама ён адзначаў, што будзе мець медычную аптэчку для аказання першай медыцынскай дапамогі. Гарвыканкам палічыў такі падыход да справы парушэннем свайго рашэння, датычнага арганізацыі масавых мерапрыемстваў, згодна з якім патрабуецца заключэнне абавязковых дамоў з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, паліклінікай і міліцыяй.

 

4 снежня грамадскі актывіст Мікалай Уласевіч атрымаў адмову ў правядзенні пікету 7 снежня каля камбіната бытавога абслугоўвання раённага цэнтру Астравец. Мэтай пікету пад назвай “Карупцыянераў да адказнасці” было прыцягненне ўвагі жыхароў, а таксама праваахоўных органаў да службовых злоўжыванняў і карупцыйных праяваў сярод высокапастаўленых асоб раёну. Адмова была падпісана першым намеснікам старшыні Астравецкага райвыканкаму Андрэем Янчэўскім. Чыноўнік лічыць, што Уласевіч парушыў патрабаванне артыкула 5 “Закона аб масавых мерапрыемствах” у частцы прыняцця мер па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства, мер, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, а таксама крыніцамі фінансавання масавага мерапрыемства.

 

5 снежня галоўны ідэолаг Салігорскага райвыканкаму Мікалай Маскевіч забараніў мясцовым грамадскім актывістам правядзенне пікету, прымеркаванага да Міжнароднароднага дня правоў чалавека. Паводле чыноўніка, змест заявы на правядзенне масавага мерапрыемства 10 снежня на Цэнтарльнай плошчы гораду не адпавядае патрабаванням артыкула 5 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Якія менавіта часткі згаданага артыкула нібыта парушаныя арганізатарамі пікету, галоўны ідэолаг Салігоршчыны не растлумачыў. Арганізатары пікету ў сваёй заяўцы прасілі ад уладаў, у выпадку нейкіх перашкодаў для правядзення дадзенага масавага мерапрыемства, прапанаваць ім альтэрнатыўныя варыянты згодна з заканадаўствам Беларусі. Гэтую просьбу чыноўнікі наўпрост праігнаравалі.

 

6 снежня бярозаўскія праваабаронцы атрымалі адказ з райвыканкама на сваю просьбу растлумачыць, якім чынам магчыма заключыць дамовы з бальніцай, ЖКГ і міліцыяй пры жаданні правесці масавае мерапрыемства, калі дадзеныя ўстановы адмаўляюцца. Так, бальніца на зварот аб заключэнні дамовы на абслугоўванне пікету адказвала, што яна не мае нават прэйскуранту на падобныя паслугі. Цяпер, як паведаміў намеснік старшыні райвыканкаму Яўген Тарасюк, подпіс якога стаіць пад адказам з выканкаму, ужо распрацаваны прэйскурант для бальніцы, праўда, кошт паслугаў не паведамляецца. ЖКГ будзе заключаць дамовы, нягледзячы на тое, у чыёй уласнасці знаходзіцца тэрыторыя. Неабходнасць такога ўдакладнення паўстала з папярэдняга адказу праваабаронцам, калі камунальшчыкі ў адмове на заключэнне дамовы на пікеты 10 кастрычніка і 10 лістапада напісалі, што заяўнікам трэба заключаць дамову з райвыканкамам, паколькі стадыён, дзе планавалася правядзенне пікетаў, знаходзіцца ва ўласнасці райвыканкама. Міліцыя, згодна з адказам Я. Тарасюка, павінна спярша заключыць дамову з арганізатарамі масавых мерапрыемстваў, а потым райвыканкам з міліцыяй абмяркуюць дэталі аховы парадку, як гэта прадугледжана ў Пастанове Савета міністраў № 207.

 

6 снежня ў Віцебскім абласным судзе Хрыстафор Жаляпаў і Аляксей Гаўруцікаў спрабавалі аспрэчыць рашэнне Кастрычніцкага райсуду, куды звярталіся пасля атрыманай забароны на шэсце і мітынг салідарнасці з Ігарам Пастновым, што планаваўся 28 верасня. Абласны суд адхіліў скаргу, пагадзіўшыся з райсудом. Гарвыканкам, які вынес забарону, раённы суд, які прызнаў гэтую забарону законнай, і абласны суд аргументавалі сваю пазіцыю, абапіраючыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму аб правядзенні масавых акцый. У адмове гарвыканкаму казалася, што заяўляльнікі не прыклалі дамовы на абслугоўванне акцыі, што патрабуецца ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкаму. Але ў тым рашэнні не згадваюцца шэсці – толькі пікеты і мітынгі. Адпаведна, у арганізатараў быў шанец атрымаць дазвол без уліку гэтага рашэння. Аляксей Гаўруцікаў падкрэсліў, што рашэнне гарвыканкаму № 881 "Аб масавых мерапрыемствах у Віцебску" практычна невыканальнае, паколькі ні міліцыя, ні цэнтральная гарадская паліклініка не пагаджаюцца на супрацоўніцтва, пакуль няма дазволу на акцыю ад органа ўлады. А ўладныя структуры патрабуюць такія дамовы.

 

8 снежня ў Віцебску былі забаронены 2 пікеты да Дня правоў чалавека. Прычына: адсутнасць дамоў на абслугоўванне акцый. З адміністрацыі Кастрычніцкага раёну ліст з пісьмовай забаронай акцыі атрымаў старшыня гарадской арганізацыі Партыі БНФ Аляксандр Кузняцоў. Тэма пікета, які ён хацеў правесці -- гэта "пратэст супраць палітычных рэпрэсій у краіне, акцыя салідарнасці з палітвязнямі і патрабаванне іх неадкладнага вызвалення і поўнай рэабілітацыі". Каардынатар Руху "За свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў і актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Аляксей Гаўруцікаў падавалі заяўку на акцыю да ўгодкаў прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ў Першамайскую раённую адміністрацыю. Па атрыманне дамоваў на абслугоўванне масавага мерапрымства яны звярнуліся ў адпаведныя структуры яшчэ да 2 месяцы да запланаванай даты. ЖКГ пагадзілася на заключэнне дамовы, міліцыя і медыкі – адмовіліся. З цэнтральнай гарадской паліклінікі напісалі, што дамову на абслугоўванне заключыць немагчыма, бо ўзімку ўсе медычныя службы працуюць у складаным рэжыме, абумоўленым масавымі захворваннямі. Пасля таго, як з Першамайскай адміністрацыі прыйшла адмова на правядзенне пікета з-за адсутнасці дамоваў на абслугоўванне, з міліцыі быў дасланы ліст, што там лічаць немэтазгоднай дамову, бо акцыя ўжо забароненая.

 

8 снежня Аршанскі райвыканкам забараніў пікет 12 снежня ў абарону парку ў мікрараёне “Чаромушкі”, дзе дрэвы зносяць, каб збудаваць чарговы "шматпавярховік", ініцыяваны актывістамі Юрыем Нагорным і Алесем Шутавым. Прычына забароны – адсутнасць дамоў на ахову, медычнае абслугоўванне і прыборку тэрыторыі пасля акцыі. Паводле Алеся Шутава, з усімі гэтымі службамі выканкам патрабуе заключыць дамовы загадзя, а самі гэтыя службы згаджаюцца заключыць такія дамовы толькі пасля згоды выканкаму.

 

8 снежня віцебскі праваабаронца Павел Левінаў атрымаў забароны на правядзенне пікетаў у Дзень правоў чалавека. Ён падаваў заяўкі на акцыі ў адміністрацыі Кастрычніцкага, Першамайскага і Чыгуначнага раёнаў працягласцю ў адну хвіліну, але і гэтага раённыя ўлады не дазволілі. Прычына адна і тая ж – адсутнасць дамоў на абслугоўванне службамі ЖКГ, медыкамі і міліцыяй. Гэтых дамоў чыноўнікі патрабуюць на падставе рашэння гарвыканкаму №881 "Аб арганізацыі масавых акцый у г.Віцебску". Але ў дадзеным выпадку патрабаванне выглядае абсурдным. Забарона на чыста сімвалічныя аднахвілінныя пікеты – гэта яшчэ адно пацверджанне таго, што мясцовыя ўлады вырашылі не дапускаць у горадзе падобных акцый любым коштам.

 

10 снежня праваабаронца Уладзімір Вялічкін звярнуўся ў Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт да намесніка старшыні гарвыканкаму Барысюка Г.І. з просьбай устраніць супярэчнасці, якія ўтрымліваюцца ў прававых актах, якія рэгламентуюць парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў. Падставай да звароту паслужылі абставіны падрыхтоўкі і правядзеняня пікета, прысвечанага 65-ай гадавіне Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Падчас падрыхтоўкі выявілася, што выкананне рашэння Брэсцкага гарвыканкама № 1210 ад 30 чэвеня 2011 у частцы падпункта 5.1 -- заключэнне дамовы з “аддзеламі ўнутраных спраў адміністрацый раёнаў горада Брэста па месцы правядзення масавага мерапрыемства па ахове грамадскага парадку падчас правядзення мерапрыемства” -- немагчымае. Яно супярэчыць п.п. 5-8 Пастановы Савета Міністраў РБ ад 05.03.2012 № 207, дзе сказана: “мясцовы выканаўчы і распараджальны орган напрацягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заявы на правядзеньне масавага мерапрыемства накіроўвае яго копію ў тэрытарыяльны орган ўнутраных спраў для разгляду пытанняў, якія звязаны з аховай грамадскага парадку і забеспячэннем грамадскай бяспекі, і выпрацоўкі адпаведных прапаноў”. Уладзімірі Вялічкін папрасіў намесніка старшыні прапанаваць старшыні Брэсцкага гарвыканкаму выключыць з пункта 5 адпаведнага рашэння гарвыканкаму падпункт 5.1, які супярэчыць палажэнням Пастановы Савета міністраў. 23 снежня з гарвыканкаму за подпісам кіраўніка справамі В.В. Чарнова быў атрыманы адказ за № 35-1/321Л: “Брэсцкім гарадскім выканаўчым камітэтам падрыхтаваны праект рашэння “Аб унясенні зменаў у рашэнне Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта ад 30 чэрвеня 2011 г. № 1210”, якім прадугледжана з пункта 5 прыбраць пункт 5.1.”

 

11 снежня калегія Гродненскага абласнога суда не задаволіла скаргу слонімскага актывіста Алеся Масюка на рашэнне Слонімскага раённага суда, які прызнаў законнай забарону 29 верасня пікету за права жыхароў Слонімскага раёну свабодна афармляць падпіску на “Газету Слонімскую” у РУП “Белпошта” і магчымасць свабодна яе купляць ў кіёсках “Белсаюздруку”. Абласны суд прызнаў рашэнне раённага суда законным.

 

18 снежня брэсцкія гарадскія ўлады не далі дазволу на шэсце ў падтрымку ўкраінскага Еўрамайдану. Арганізатарамі выступілі мясцовыя прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якія такім чынам збіраліся выказаць сваю салідарнасць з украінскім народам у яго імкненні жыць у Еўрасаюзе. У адказе з гарвыканкама было сказана, што “правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва, на адлегласці менш за 100 метраў ад будынкаў арганізацый аховы здароўя". Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек лічыць такую прычыну адмовы беспадстаўнай, паколькі падчас святкавання 1 траўня па такім самым маршруце брэсцкія прадстаўнікі дэмакратычных сіл праводзілі дазволенае ўладамі шэсце.

 

18 снежня грамадскі актывіст Мікалай Уласевіч атрымаў адмову на правядзенне інфармацыйнага пікету ў Астраўцы з мэтай падтрымкі ўкраінскага народу. Заяўка была пададзена на 21 снежня. Чыноўнікі ў афіцыйным адказе за подпісам намесніка старшыні Астравецкага райвыканкаму Віктара Свілы адмовілі на той падставе, што на заяўленым месцы будзе праводзіцца тэатралізаванае прадстаўленне “Запрасіце казку ў дом”. Пры тым не ўказваецца, у які дзень і ў які час будзе праводзіцца гэтае прадстаўленне. Далей у адмове чыноўнік спасылаецца на тое, што заяўнікам не выканана заканадаўства ў частцы забеспячэння на пікеце правапарадку і бяспекі, медыцынскага абслугоўвання, прыборкі тэрыторыі.

 

18 снежня старшыня бабруйскай суполкі АГП Віктар Бузінаеў атрымаў ліст з гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні Аляксандра Маркачова, у якім было сказана, што шэсце і пікет, які актывісты хацелі правесці 21 снежня ў знак салідарнасці з украінцамі, не дазволены. Чыноўнік патлумачыў адмову тым, што для правядзення масавых мерапрымстваў у Бабруйску існуе пэўнае месца (Маркачоў меў на ўвазе аддалены ад цэнтра стадыён фабрыкі "Славянка"), а заяўнікі ўказалі іншае (цэнтр горада). Таксама чыноўнік лічыць, што заява была складзена з парушэннямі, напрыклад, не ўказана колькасць людзей, не ўказана, ці збіраюцца ўдзельнікі выкарыстоўваць піратэхнічныя вырабы. Акрамя гэтага, Маркачоў дадаў, што да заявы мусілі быць прыкладзены дамовы арганізатараў з асобамі, адказнымі за ахову парадку, прыборку тэрыторыі і бальніцай, хаця ў заяве адзначалася, што арганізатары бяруць гэтыя турботы на сябе. Чыноўнік таксама адзначыў, што арганізатар мерапрыемства не меў права агучваць інфармацыю пра пікет да моманту яго дазволу, а інфармацыя пра бабруйскае мерапрыемства ўсё ж з'яўвілася ў мясцовых СМІ.

 

20 снежня ў Мінску адбылася акцыя супраць увядзення мыты на аўто. Заклікі на дадзеную акцыю ажыццяўляліся праз сацыяльныя сеткі, заява на правядзенне акцыі не падавалася. Супрацоўнікі праваахоўных органаў замест выканання функцыі аховы ўдзельнікаў мірнай акцыі ажыццяўлялі кантралюючыя функцыі, а таксама рэпрэсіўныя ў асобных інцыдэнтах (выцясненне людзей у пераход паміж уваходам у ўніверсам “Цэнтральны” і Кастрычніцкай плошчай; затрыманні людзей, эвакуацыя машын, наяўнасць вялікай колькасці супрацоўнікаў міліцыі ў цывільнай вопратцы і іншыя), чым стваралі перашкоды ў рэалізацыі права грамадзян на свабоду мірных сходаў. Асаблівую занепакоенасць выклікае немагчымасць ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў праваахоўных органаў як такіх праз адсутнасць форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных картак на супрацоўніках у форме.

 

27 снежня ў Мінску адбылася другая акцыя супраць увядзення мыты на аўто з 1 студзеня 2014 года. Заклікі на дадзеную акцыю ажыццяўляліся праз сацыяльныя сеткі, дазвол на правядзенне акцыі не падаваўся, зафіксаваны пазрозы з боку ДАІ аб штрафаванні, эвакуацыі аўтамабіляў для ўдзельнікаў, а таксама крымінальнай адказнасці за блакіраванне транспартных камунікацый. Сілавыя структуры прыклалі ўсе намаганні для папярэджання правядзення акцыі: жорсткае пакаранне ўдзельнікаў мінулай акцыі штрафамі і адміністратыўнымі арыштамі, выдаленне першаснай суполкі ў сацсетках, прэвентыўнае затрыманне і арышт напярэдадні акцыі адміністратара суполкі “УКАнтакце”, абмежаваны рух па частцы праспекта Незалежнасці. Дадзеныя метады можна расцаніць як метады запалохвання і ціску, якія абмежавальна ўплываюць на рэалізацыю права на свабоду сходу, а таксама неадэкватныя і несуразмерныя па сваім характары. Супрацоўнікі праваахоўных органаў, як і раней, замест выканання функцыі аховы ўдзельнікаў мірнай акцыі ажыццяўлялі рэпрэсіўныя дзеянні ў асобных інцыдэнтах (спыненне машын з прыкметамі ўдзельнікаў, а таксама пры падачы гукавых сігналаў). Вядомы факты як мінімум 5 спыненняў машын і афармлення пратаколаў і штрафаў за падачу гукавых сігналаў, стварэння аварыйнай сітуацыі. Адзін з затрыманых падаў гукавы сігнал супрацоўніку міліцыі, які перабягаў перад яго машынай дарогу ў неналежным месцы. За гэты інцыдэнт на кіроўцу праз працяглы час быў складзены пратакол за стварэнне аварыйнай сітуацыі, але ў выніку кіроўца вынайшоў адно кола аўтамабіля спушчаным па незразумелых прычынах.

 

28 снежня грамадская актывістка Анжаліка Камбалава атрымала заказны ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамлялася аб адмове ў правядзенні пікета 30 снежня супраць размяшчэння расійскай авіябазы ў Баранавічах. Чыноўнік лічыць, што заяўніца парушыла п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы” і не заключыла дамовы з жыллёва-камунальнай гаспадаркай, паліклінікай і міліцыяй. А. Камбалава ў заяве пісала, што паколькі ў пікеце прыме ўдзел ўсяго 1 чалавек, то абавязкі па забеспячэнні грамадскага парадку падчас мерапрыемства, прыборкі тэрыторыі пасля пікету яна бярэ на сябе. Таксама яна паведаміла, што будзе мець медычную аптэчку для аказання першай медыцынскай дапамогі.

 

30 снежня Салігорскі райвыканкам забараніў правядзенне мітынгу супраць падатку на аўтамабілі на мясцовым стадыёне “Будаўнік”. Паводле выканкамаўскіх ідэолагаў, якія займаліся падрыхтоўкай адказу на заяву, арганізатары масавага мерапрыемства пазначылі недастатакова захадаў па ахове грамадскага парадку, забеспячэнні медыцынскім абслугоўваннем падчас правядзення мітынгу і прыборцы тэрыторыі пасля мерапрыемства. Адказ чыноўнікаў ініцыятары мерапрыемства назвалі некампетэнтным і супрацьпраўным. Па-першае, па незразумелых прычынах ідэолагі пішуць пра забарону пікетавання, хаця ў заяўцы на мерапрыемства вялася гаворка пра мітынг на 200 чалавек. Па-другое, просьбу аб ускладанні абавязкаў па ахове парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыборцы тэрыторыі на органы мясцовай улады цяжка назваць недастатковымі, бо гэта звычайная сусветная практыка і наўпроставы абавязак дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства