Супраць актывіста Яраслава Грышчэні з Баранавічаў завялі крымінальную справу
10 траўня маладзёвага актывіста Яраслава Грышчэню выклікалі ў мясцовую міліцыю, дзе яму паведамілі пра завядзеньне супроць яго крымінальнай справы паводле 193-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Гэта ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, за што юнаку пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі. 11-га траўня Яраслава Грышчэню выклікалі на допыт, паведамляе Радыё Свабода.
Актывіст нагадаў, што 20 красавіка яго прымусілі напісаць заяву аб выхадзе з “Маладога фронту” і заявілі, што праверку прыпыняюць. Цяпер завядзеньне справы патлумачылі тым, што “паводле апошніх зьвестак ён не спыніў дзейнасьці ў апазыцыі”.
“Улада баіцца “Маладога фронту” як сілы, якая рэальна можа пазмагацца за Бацькаўшчыну”, – пракамэнтаваў завядзеньне справы Яраслаў Грышчэня, якога летась выключылі з вучэльні за ўдзел у акцыях пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.