viasna on patreon

Сапелка: Мера стрыманьня ксяндза Лазара, відавочна, называецца «хатні арышт»

2013 2013-12-04T16:05:00+0300 2013-12-05T16:06:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/uladzislau-lazar.jpg
Ксёндз Уладзіслаў Лазар

Ксёндз Уладзіслаў Лазар

Сваякі ксяндза Ўладзіслава Лазара і прэсавая служба КДБ пацьвердзілі, што той быў вызвалены ўвечары 3 сьнежня зь СІЗА КДБ. Між тым, дзе будзе жыць Уладзіслаў Лазар, пакуль будзе працягвацца сьледзтва па ягонай справе, сваякі не паведамляюць.

Тое, што Ўладзіслаў Лазар выйшаў на волю, раніцай 4 сьнежня паведаміў прэсавы сакратар КДБ Артур Стрэх.

«КДБ па ўзгадненьні з Генэральнай пракуратурай абвінавачанаму Лазару на падставе артыкулу 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ была зьмененая мера стрыманьня з утрыманьня пад вартай на падпіску пра нявыезд і належныя паводзіны. Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца», — сказаў Артур Стрэх.

Сястра Ўладзіслава Лазара Яніна сказала, што бачылася з братам увечары 3 сьнежня, калі той выходзіў зь СІЗА КДБ.

«Зь ім усё нармальна. Жывы-здаровы. Бачыліся зь ім хутка, павіталіся — і ўсё; там, у КДБ, гэта было, як выходзіў», — кажа Яніна Лазар.

Дзе будзе жыць Ўладзіслаў Лазар пасьля вызваленьня, Яніна Лазар ня ведае. Ксёндз можа вярнуцца ў Барысаў, дзе жыў да арышту, альбо ў Мар’іну Горку, дзе быў прапісаны, альбо да маці ў Маладэчанскі раён. Сам Уладзіслаў Лазар для журналістаў пакуль недасяжны. Яніна Лазар на просьбу даць кантакты яе брата сказала, што ня можа гэтага зрабіць, і не паведаміла, дзе ён зараз.

Што азначае «падпіска пра нявыезд» з умовай штодня адзначацца ў міліцыі? Былы адвакат, цяпер праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка лічыць, што да Ўладзіслава Лазара ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту з пэўнымі асаблівасьцямі.

«Мера стрыманьня, якая ўжытая адносна ксяндза Лазара, відавочна называецца „хатні арышт“. Бо калі абраная проста падпіска пра нявыезд і належныя паводзіны, дык не прадугледжваецца абавязковая яўка ў органы ўнутраных спраў для адзначэньня, тым больш штодзённая. А вось хатні арышт можа суправаджацца ня толькі забаронай свабоднага перасоўваньня ці размоваў па тэлефоне, але і абавязкам асабіста зьяўляцца для адзначэньня ў орган, які ажыцьцяўляе нагляд за абвінавачаным ці падазроным. У такім выглядзе гэта нетыповая мера стрыманьня, хаця збольшага знаходзіцца ў межах працэсуальнага закону. Але і справа ксяндза Лазара сама па сабе нетыповая».

Каталік з Барысава Барыс Чупрынскі зьяўляецца вернікам парафіі Спасланьня Сьвятога Духу ў Барысаве, дзе да арышту служыў пробашчам Уладзіслаў Лазар. Барыс Чупрынскі зь вернікамі накіравалі некалькі лістоў да ксяндза Лазара ў вязьніцу КДБ. Хаця ніводнага адказу на свае лісты Барыс Чупрынскі не атрымаў, ён працягваў верыць у вызваленьне Ўладзіслава Лазара, якога лічыць ні ў чым не вінаватым:

«Вельмі за яго рады, вельмі прыемная навіна. Зараз вельмі хочацца зь ім сустрэцца, каб і падтрымаць яго, і пачуць ад яго слова да нас. Каб ён вярнуўся ў нашу парафію, дзе яго памятаюць і вераць яму. Прайшоўшы такое выпрабаваньне, мяркую, ён бы шчыра, з сапраўднай чысьцінёй прамаўляў Божае слова. У нас зараз пачаўся адвэнт, вялікае сьвята для каталікоў, і вызваленьне айца Ўладзіслава — для нас гэта як пэўны знак. Я вельмі ўсхваляваны гэтай навіной».

Пакуль Уладзіслаў Лазар знаходзіўся ў вязьніцы КДБ «амэрыканцы», каталіцкі касьцёл у Беларусі прызначыў пробашчам парафіі Спасланьня Сьвятога Духу ксяндза Аляксея.

Уладзіслаў Лазар абвінавачваецца ў аказаньні грашовай і матэрыяльнай дапамогі чалавеку, які падазраецца ў шпіянажы супроць Беларусі. Расьсьледаваньне крымінальнай справы, паводле КДБ, працягваецца. Пры гэтым КДБ нічога не паведамляе пра крымінальную справу супраць таго, каму нібыта дапамагаў Уладзіслаў Лазар насуперак закону.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства