viasna on patreon

Прэсу заціскае не закон, а беззаконнасць

2007 2007-04-27T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 красавіка ў Авальнай зале было закранута балючае для недзяржаўнай прэсы пытанне аб вяртанні шэрагу перыёдыкаў ў айчынныя друкарні і сістэму распаўсюду. Праўда, тэма прагучала не ў самім пасланні прэзідэнта народу і парламенту, а пазней, калі тэлекамеры былі ўжо адключаныя і пачаліся адказы на пытанні парламентарыяў.

"Інтэрфакс" паведаміў пра гэта пад даволі аптымістычным загалоўкам: "А.Лукашэнка гатовы падтрымаць недзяржаўныя СМІ, калі яны будуць працаваць у адпаведнасці з заканадаўствам".

Варта нагадаць, што 12 красавіка гэтае самае пытанне было ўзнятае на сустрэчы афіцыйнага лідэра з кіраўнікамі айчынных медыяў. Тады тэму ініцыяваў галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч. Што не дзіўна, бо ў лёсе гэтага выдання яскрава адлюстраваныя ўсе нягоды беларускай незалежнай прэсы. "Народная воля", як і яшчэ шэраг грамадска-палітычных перыёдыкаў, стала ахвярай "зачысткі" напярэдадні выбараў-2006, страціўшы магчымасць друкавацца ў Мінску і даходзіць да чытача праз пошту ды сістэму “Саюздруку”. Цяпер рэдакцыя мусіць вырабляць наклад у Смаленску і распаўсюджваць яго выключна ўласнымі высілкамі.

12 красавіка Іосіф Сярэдзіч так і не атрымаў выразнага адказу. Сёння з вуснаў афіцыйнага кіраўніка прагучалі таксама супярэчлівыя тэзы. З аднаго боку, ён нібыта даў надзею: "Ідзіце, дамаўляйцеся з друкарнямі, хай вас друкуюць. Я гатовы падтрымаць, даць каманду". Аднак тут жа было сказана: "Але, калі вы будзеце размяшчаць свядома несумленную, несправядлівую, неаб'ектыўную інфармацыю, то вы ў краіне выходзіць не будзеце". Прычым у афіцыйнага кіраўніка, мяркуючы па ўсім, апрыёры няма даверу да недзяржаўнае прэсы: "Вы гатовыя працаваць паводле закону? Не гатовыя. Дык чаго вы да мяне ходзіце?"

Такім чынам, кропкі над "і" ў балючым пытанні не расстаўленыя.

Па-першае, незразумела, ці гаворка ідзе толькі пра магчымасць друкавацца на радзіме, ці пра поўную "рэабілітацыю" апальных выданняў, уключна з вяртаннем у сістэму распаўсюду.

Па-другое, хто і паводле якіх крытэраў мусіць вызначаць ступень "сумленнасці", "справядлівасці", "аб'ектыўнасці" інфармацыі? Самі гэтыя азначэнні падаюцца даволі хісткімі, суб'ектыўнымі. Бо інфармацыя або праўдзівая, або не. У другім выпадку гэта ёсць хлуснёй або паклёпам. І што да адказнасці за такія рэчы, дык ад яе ніводнае беларускае выданне не вызваленае і сёння, дзе б яно ні друкавалася. Тая ж "Народная воля" мусіла сплачваць грашовыя кампенсацыі паводле судовых рашэнняў. Ад памылак медыі не застрахаваныя, але ж ніводзін рэдактар не зацікаўлены канфліктаваць з законам, бо гэта абыходзіцца дорага ва ўсіх сэнсах.

Іншая рэч, калі гаворка ідзе пра тое, што незалежныя СМІ мусяць прыглушыць крытычны тон, узмацніць самацэнзуру. Такая ўмова, мякка кажучы, не дапасоўваецца да гарантаванага Канстытуцыяй права на свабоду меркаванняў ды іх выказванне.

Нарэшце, заява кіраўніка дзяржавы, што ён можа "даць каманду" друкарням і г.д., сведчыць пра няшчырасць чыноўніцкіх заяў наконт таго, што праблемы недзяржаўнай прэсы палягаюць у сферы дачыненняў між гаспадарчымі суб'ектамі. Відавочна, што медыйная палітыка вызначаецца на самым версе. І лібералізацыяй тут пакуль што не пахне.

Зрэшты, для незалежнай медыйнай супольнасці любое публічнае абмеркаванне яе балючых праблем — гэта ўжо лепей, чым іх замоўчванне. І нават туманныя абяцанні дзяржаўнага кіраўніцтва неяк паспрыяць ёсць ужо падставай, каб дамагацца ад чынавенства рашэнняў на карысць недзяржаўных выданняў. На лёгкае жыццё айчынная незалежная прэса і так не спадзяецца. Трэба змагацца за кожны маленькі плацдарм.

Што ж да напамінку пра закон, дык яго журналісты і рэдактары не баяцца. Кепска, калі пануе чыноўніцкая беззаконнасць.

Алесь УЛАДАМІРСКІ, спецыяльна для www.baj.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства