Працягваецца ціск на палітвязня Яўгена Васьковіча
Адміністрацыя Магілёўскай турмы абмяжоўвае Яўгена Васьковіча ў стасунках са знешнім светам. Ужо больш за месяц сваякі і сябры палітвязня не атрымліваюць ад яго лістоў. Пра гэта Беларускаму Радыё Рацыя паведаміў адказны сакратар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі.
- І сам Яўген здолеў таксама паведаміць, што калі раней да яго даходзілі не толькі лісты, але і газеты, то месяц таму абмежавалі яго ад усялякай знешняй інфармацыі, працягваюць перыядычна змяшчаць яго ў карцар, мінімум 2 разы на месяц, для прафілактыкі, як ён сам кажа.
Яўген Васьковіч быў асуджаны разам з Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамалотавым да 7 гадоў зняволення за спробу падпалу дзвярэй бабруйскага аддзела КДБ. У верасні мінулага года Павел Сырамалотаў выйшаў на волю пасля таго, як напісаў прашэнне пра памілаванне на імя Лукашэнкі. Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка адмаўляюцца пісаць такое прашэнне.