viasna on patreon

Суд Крычаўскага раёна спыніў справу супраць газеты “Вольны горад”

2013 2013-10-24T15:55:01+0300 2013-10-24T15:55:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prysud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

24 кастрычніка суд Крычаўскага раёна спыніў разгляд чарговай справы супраць журналістаў незалежнай газеты “Вольны горад”. Адпаведнае вызначэнне вынесла суддзя Антаніна Качанава, пасля таго, як супрацоўнікі Чэрыкаўскай ПМК-280 адмовіліся ад прэтэнзіяў да журналістаў газеты “Вольны горад”.

Разгляд справы ў судзе Крычаўскага раёна пачаўся ў 11-00. Пазоўнікі, штукатур Байгола і столяр Конеў, у суд не з’явіліся, іх інтарэсы ў судзе прадстаўляла адвакатка Кацярына Гадунова. Напачатку судовага паседжання журналісты “Вольнага горада” Сяргей Няроўны, Уладзімір Кудраўцаў і Мікалай Гердзій заявілі хадайніцтва аб яго пераносе ў сувязі з адсутнасцю пазоўнікаў. Аднак адразу пасля гэтага ўзяла слова адвакат Кацярына Гадунова, якая заявіла аб тым, што Байгала і Конеў адклікаюць свой пазоў, бо змяніліся абставіны.

Што паслужыла прычынай для адмовы пазоўнікаў ад сваіх патрабаванняў, Кацярына Гадунова журналістам “Вольнага горада” тлумачыць адмовілася.

Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны” лічыць, што пазоўнікі адмовіліся ад сваіх патрабаванняў у сувязі з тым, што на іншую пасаду сышоў старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Мікалай Кадаценка.

“Я ўжо казаў пра тое, што простыя работнікі ПМК-280 Байгала і Конеў былі не сапраўдныя замоўнікі гэтага пазова, гэта было зразумела адразу, - кажа Сяргей Няроўны. - Мы выдатна ведалі, хто сапраўды хацеў прымусіць замаўчаць газету “Вольны горад”. І гэтыя паднявольныя людзі, простыя працаўнікі Байгала і Конеў, адразу ж адмовіліся ад пазова, як толькі  сышоў працаваць на пасаду старшыні Бялыніцкага райвыканкама былы старшыня Чэрыкаўскага райвыканкама Мікалай Кадаценка”.

Нагадаем, што працаўнікі КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” - штукатур Байгола і столяр Конеў патрабавалі ад журналістаў “Вольнага горада” кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 16 мільёнаў рублёў за выкладзеныя ў артыкуле “З абвяржэннем пачакаем” (“Вольны горад” №25 ад 29 чэрвеня 2013 года) звесткі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства