Журналісты распавядаюць пра падрабязнасці суботняга затрымання на вакзале
У суботу, 19 кастрычніка, на тэрыторыі чыгуначнага вакзала ў Мінску пры розных абставінах былі затрыманыя адразу дзесяць журналістаў. Усе яны знаходзіліся пры выкананні службовых абавязкаў і паводле заданняў рэдакцый прыйшлі на вакзал, каб сустрэць з цягніка Брэст-Масква палітыка і публіцыста Паўла Севярынца.
Абсалютна ўсе журналісты мелі пры сабе журналісцкую тэхніку і рэдакцыйныя пасведчанні. Нягледзячы на гэта, усім журналістам супрацоўнікі міліцыі казалі пра іх “падазроны выгляд”.
Як адбываліся затрыманні, распавядаюць самі ўдзельнікі канфлікту.
Захар Шчарбакоў, карэспандэнт агенцтва “БелаПАН”:
– Разам з калегамі Андрэем Корсакам і Барысам Гарэцкім мы прыехалі на чыгуначны вакзал з мэтай падрыхтоўкі матэрыялаў пра прыезд у горад Паўла Севярынца. Адразу ж пасля выхаду на платформу №3, каля 8.20, да нас падышлі супрацоўнікі АМАП – старшы лейтэнант, які назваў сябе, і сяржант, што стаяў моўчкі. У нас спыталі, куды мы накіроўваемся. Потым папрасілі паказаць, што ў нашых заплечніках. Калі старшы лейтэнант пабачыў фотакамеру ў заплечніку Корсака, ён сказаў, што нельга здымаць на тэрыторыі вакзала без адпаведнага дазволу.
Пасля прад’яўлення дакументаў журналістаў СМІ старшы лейтэнант заявіў, што мы ўтрох мусім прайсці з імі ў дзяжурную частку міліцыі. Дакладную прычыну нашага затрымання ён назваць не здолеў, толькі потым дадаў, што мы выклікаем падазрэнні і можам мець пры сабе забароненыя прадметы. Мы яшчэ раз патлумачылі супрацоўнікам міліцыі, што з’яўляемся журналістамі і знаходзімся на вакзале згодна са сваімі службовымі абавязкамі. Таксама мы адзначылі, што за перашкоду працы журналістаў у беларускім заканадаўстве прадугледжаная крымінальная адказнасць.
Нягледзячы на гэта, супрацоўнікі міліцыі прымусілі нас усё ж прайсці ў аддзяленне міліцыі ў будынку вакзала. Пасля гэтага ў памяшканні дзяжурнай часткі, дзе знаходзіўся капітан міліцыі ў форме, нейкі грамадзянін у цывільнай вопратцы, які не прадставіўся, прымусіў нас адключыць мабільныя тэлефоны, пагражаючы фізічным уздзеяннем.
Ён прымяніў фізічную сілу супраць журналіста і прэс-сакратара ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Барыса Гарэцкага, спрабуючы прымусіць яго адключыць мабільны тэлефон і сесці на лаву, пры гэтым паводзіў сябе агрэсіўна, выкарыстоўваючы ненарматыўную лексіку. Усе гэтыя дзеянні запісваліся на відэакамеру, размешчаную ў дзяжурнай частцы, як паведаміў нам капітан міліцыі.
Прыкладна праз гадзіну, пасля праверкі нашых дакументаў, у памяшканні дзяжурнай часткі разам з іншымі міліцыянтамі з’явіўся начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў. Ён яшчэ раз праверыў нашы дакументы і даў загад сваім падначаленым вызваліць мяне і маіх калегаў. Без тлумчэння прычыны нашага затрымання ён заявіў: “Усё, гуляйце!”.