viasna on patreon

У Магілёве адбыўся суд супраць адзінага месца для масавых мерапрыемстваў

2013 2013-10-23T11:58:11+0300 2013-10-23T11:58:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/len_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Суд Ленінскага раёна Магілёва.

Суд Ленінскага раёна Магілёва.

22 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёну г. Магілёва пад старшынством суддзі Валянціны Лапацінай адбыўся разгляд скаргі магілёўскіх праваабаронцаў Барыса Бухеля і Аляксея Колчына на рашэнне Магілёўскага гарвыканкаму “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”.

Гэтым рашэннем гарвыканкам яшчэ ў 2007 годзе вызначыў адзінае ўва ўсім горадзе месца для правядзення тых масавых мерапрыемстваў, што арганізуюцца палітычнымі партыямі, грамадскімі арганізацыямі, прафсаюзамі і грамадзянамі. Гэта – стадыён па адрасе: вуліца Чалюскінцаў, 64В; ён знаходзіцца далёка ад цэнтральных вуліц гораду ў малалюдным месцы і, відавочна, не з’яўляецца зручным для правядзення масавых акцыяў.

4 жніўня 2013 г. Б.Бухель і А.Колчын збіраліся правесці пікетаванне, падчас якога яны мелі намер інфармаваць грамадзян аб праблеме палітвязняў у Беларусі. Імі загадзя была пададзеная заяўка на пікетаванне, якая не была задаволеная гарвыканкамам на падставе таго, што заяўнікі выбралі месцам пікетавання не прызначаны для гэтага ўладамі стадыён, а пляцоўку ў цэнтры Магілёва.

Праваабаронцы ў сваёй скарзе прасілі адмяніць рашэнне гарвыканкаму на падставе таго, што яно супярэчыць Закону аб масавых мерапрыемствах, Канстытуцыі, і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), што ратыфікаваны Беларуссю і з’яўляецца абавязковым для выканання. Б.Бухель і А.Колчын таксама звярталі ўвагу суду на тое, што прычына, па якой ім было адмоўлена ў пікетаванні, супярэчыць патрабаванням МПГПП, што пацвярджаецца шматлікімі рашэннямі Камітэту ААН па правах чалавека па аналагічных справах (тры з якіх былі далучаныя да матэрыялаў справы). Пры абвяшчэнні пісьмовых матэрыялаў справы, па патрабаванні праваабаронцаў, суддзя тройчы зачытала адпаведныя пункты з прыкладзеных рашэнняў КПЧ ААН, якія наўпрост аспрэчвалі довады прадстаўнікоў уладаў і прызнавалі такія дзеянні беларускіх уладаў і судоў парушэннем правоў чалавека на мірныя сходы і распаўсюджванне сваіх думак, і патрабавалі ад Беларусі прывесці Закон аб масавых мерапрыемствах і рашэнні мясцовых уладаў у адпаведнасць з міжнародным правам і спыніць падобныя парушэнні правоў чалавека.

Акрамя таго, праваабаронцы ў сваёй скарзе усумніліся ў тым, што стадыён, прызначаны ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў, з’яўляецца прыдатным месцам для іх правядзення. І, нарэшце, заяўнікі апелявалі да таго, што ў Магілёве ўжо ёсць прэцэдэнты дазволаў правядзення пікетаванняў практычна па ўсім горадзе, і гэта не выклікала ніякіх праблем. Напрыклад, падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе гарвыканкам прыняў рашэнне, якое дазволіла праводзіць пікетаванне (з мэтай збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты) паўсюль, за выключэннем некаторых месцаў.

Суд, аднак, не прыняў довады заяўнікоў да ўвагі і адмовіў ім у задавальненні скаргі. У сваім рашэнні суддзя Лапаціна палічыла, што прынятае Магілёўскім гарвыканкамам рашэнне аб выдзяленні для масавых акцыяў стадыёну па вул. Чалюскінцаў ня толькі не перашкаджае заяўнікам праводзіць іх і выказваць свае думкі і перакананні, але нават наадварот, у поўнай меры гэта забяспечвае.

На суд прыйшлі больш дзясятка магілёўскіх партыйных і грамадзкіх дзеячоў, якія, аднак, не змаглі прысутнічаць на ім да канца – суддзя выдаліла публіку падчас працэсу, палічыўшы, што тая ёй замінае.

Праваабаронцы адзначаюць, што не мелі ілюзіяў наконт выніку суду, і збіраюцца абскардзіць яго спачатку ў беларускіх інстанцыях, а затым і ў Камітэце ААН па правах чалавека. Яны ўпэўнены, што прынамсі ў КПЧ дамогуцца справядлівасці і яшчэ раз пацвердзяць, што падобныя абмежаванні на правядзенне масавых акцыяў не адпавядаюць закону.

"Магілёўская Вясна".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства